На Кореличчине сев озимых зерновых культур приближается к завершению

У апошнія вераснёўскія дні аграрыі Карэліччыны вядуць цэлы комплекс асенніх палявых работ.

Асноўны накірунак працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў – на будучы ўраджай. З гэтай задачай аграрыі раёна паспяхова спраўляюцца. Так, па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу, на раніцу 29 верасня пасяўная кампанія азімых зерневых культур набліжаецца да завяршэння. Аграрыямі Карэліччыны будучы ўраджай хлеба закладзены на 10758 га, што складае 85% ад запланаваных 12705 га. Па тэмпах сяўбы лідарамі раёна з’яўляюцца СВК “Маяк-Заполле”, дзе пасяўная кампанія ўжо завершана, КСУП “Царука” (97%) і “Лукі-Агра” (95%).

Не прыпыняецца ўборка кукурузы на сілас. На ўчарашнюю раніцу ўбрана большая палова плошчаў, адведзеных пад царыцу палёў, – 3414 га з неабходных 5477 га. Валавы збор складае амаль 114 тысяч тон пры сярэднераённай ураджайнасці 333 ц/га. Найбольшую ўраджайнасць дасягнулі СВК “Маяк-Заполле” (468 ц/га), КСУП “Племзавод Карэлічы” (438 ц/га) і “Свіцязянка-2003” (404 ц/га).

Да ўборкі цукровых буракоў прыступілі 7 гаспадарак раёна. Аператыўная зводка сельскагаспадарчых работ сведчыць аб тым, што сёлетняя ўраджайнасць (451 ц/га) значна ніжэй леташняй (524 ц/га). Тым не менш, ураджайнасць салодкіх караняплодаў у трох гаспадарак раёна – СВК “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003” і “Жухавічы” дасягнула 500 ц/га. Усяго на раніцу 29 верасня ўбрана 558 га, альбо 17 % з запланаваных 3268 га, накапана 25140 тон салодкіх караняплодаў. На перапрацоўку вывезена амаль 20 тысяч тон сыравіны.

Аксана ЯНУШ