Подпольная борьба, аресты и репрессии. Как создавался Кореличский райком комсомола

Фото носит иллюстрационный характер

Пасля далучэння ў 1921 годзе да Польшчы тэрыторыі Заходняй Беларусі толькі што створаныя камсамольскія арганізацыі пачалі дзейнічаць у падполлі. У студзені 1924 года на іх аснове быў створаны Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Надышлі цяжкія і небяспечныя дні падпольнай барацьбы моладзі, пражываючай на цяперашняй тэрыторыі Карэліцкага раёна, за вызваленне ад памешчыцкага гнёту і акупантаў.

Шмат камсамольцаў з’яўляліся кіраўнікамі і актывістамі камітэтаў і гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ). На цяперашняй тэрыторыі раёна камітэты і гурткі Грамады дзейнічалі ў большасці вёсак, што значна ўзмацніла барацьбу за дэмакратычныя свабоды і нацыянальныя правы, за беларускую школу.

На пачатку 30-х гадоў пачалі дзейнічаць падпольныя ячэйкі КСМЗБ у мястэчках Карэлічы, Мір, Турэц, Ярэмічы, вёсках Беразавец, Вобрына, Даўгінава, Забалацце, Заполле, Лукі, Лядкі, Мядзвядка, Пагарэлка, Трашчычы. У склад ячэйкі КСМЗБ вёскі Забалацце Карэліцкай гміны ўваходзілі Аляксандр Мяцеліца, Аляксандр Несцер, Андрэй Несцер, Мікалай Цішко. (Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Ф.622. Воп.1. Спр.2078. Л.29.). Актыўную работу сярод моладзі ў наваколлі праводзіў член падпольнай ячэйкі КСМЗБ вёскі Заполле Мікалай Козел. (Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Ф.622. Воп.1. Спр.2141. Л.5.). Да паловы 30-х гадоў на цяперашняй тэрыторыі раёна падпольныя ячэйкі КСМЗБ дзейнічалі амаль ва ўсіх вёсках.

У студзені 1924 года быў створаны Мірскі райкам Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (сакратар А. Міскевіч, члены К. Саковіч і Л. Сташэўскі). Камсамольцы актыўна памагалі камуністам распаўсюджваць падпольную літаратуру і лістоўкі, вялі арганізацыйную работу сярод сялян за вызваленне ад захопнікаў і прыгнятальнікаў. У 1929 годзе быў створаны падпольны райкам КСМЗБ у мястэчку Карэлічы (сакратар С.М. Шэўка), з 1930 года — Ул. С. Шайбак,  з 1931 года — М. П. Арцюх. Пасля забойства паліцэйскімі ў 1933 годзе М. П. Арцюха сакратаром стаў М. І. Федарака. З гэтага ж года дзейнічае і Райчанскі райкам камсамола (сакратар М. Чубрык), з 1933 года —   М. Я. Гурын, з 1934 года — Ул. С. Чубрык, з 1935 года — М. І. Шыбут. У 1930 годзе пачынае дзейнічаць райкам камсамола ў мястэчку Цырын (сакратар І.Р. Пахолак).

У 1937 годзе нацыянальна-вызваленчы рух на цяперашняй тэрыторыі раёна прышоў у заняпад у выніку ўзмацнення правядзення польскімі ўладамі рэпрэсій. Адбыліся паўсюдна масавыя арышты камсамольскай моладзі, іх высяленне з месца жыхарства ў іншыя паветы і ваяводства.

Дзейнасць камсамола Заходняй Беларусі была спынена цалкам у 1938 годзе. Так закончылася барацьба моладзі на цяперашняй тэрыторыі раёна, барацьба, якая доўжылася амаль дваццаць гадоў пасля ўтварэння камсамола. Большасць імёнаў камсамольцаў застаюцца невядомымі, бо яны былі выселены або загінулі ў польскіх турмах. Ім выпаў цяжкі лёс, і яны з гонарам пранеслі праз жыццё падзеі тых страшных дзён. Узнагародай ім будзе вечная ўсенародная памяць.

Пасля далучэння ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да складу БССР адбыліся пераўтварэнні маладзёжных арганізацый і далучэнне іх да ЛКСМБ. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры ўвагі камсамольцаў раёна былі пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. З першых дзён вайны камсамольцы падпарадкавалі ўсю сваю дзейнасць задачам абароны Радзімы. Мужнасць, адвагу і гераізм праявілі камсамольцы на палях бітваў з ворагам. Адважна змагаліся ў тыле ворага маладыя партызаны і падпольшчыкі.

Па ініцыятыве мясцовых камсамольцаў пачалі стварацца падпольныя камсамольскія арганізацыі ў вёсках Беражна, Лядкі, Пагарэлка, Сіняўская Слабада. Актывістамі арганізацыйнай камсамольскай працы былі Анцух М. Р., Балабановіч К. В., Бусько А. М., Бусько М. Ул., Дзенісенка Дз. А., Крамко Я. І., Мацко І. М., Нос М. Дз., Саяцэвіч А. С., Цобкала А. К., Фанышаў А. Е., Шудзейка В. С. Першага кастрычніка 1943 года быў створаны і пачаў дзейнічаць Мірскі падпольны райкам камсамола (сакратар райкама Мацко Іван Мікалаевіч).

З 25.11.1940 года Валеўскі раён быў перайменаваны ў Карэліцкі, і арганізацыйная работа па стварэнні маладзёжных арганізацый да пачатку вайны не была закончана. З гэтай нагоды быў створаны Карэліцкі падпольны райкам камсамола, які пачаў дзейнічаць у ліпені 1943 года. Першымі арганізатарамі з’яўляліся Бурдзь Міхаіл, Гладкі Фёдар, Грыгор’еў Мікалай, Касцюк Іван, Карасёў Міхаіл, Лапацкі Сцяпан, Ластаўчын Анатоль, Лаўрушчык Соф’я, Мажараў Кузьма, Мялкумаў Аляксандр, Пахолак Іван. Сакратаром Карэліцкага падпольнага райкама камсамола была Лаўрушчык Соф’я Міхайлаўна.

На пачатку 1944 года падпольныя камсамольскія арганізацыі і групы дзейнічалі ва ўсіх вёсках Карэліцкага і Мірскага раёнаў. Падпольшчыкамі вялася арганізацыйна-тлумачальная праца сярод насельніцтва, праводзіўся збор і дастаўка ў партызанскія атрады зброі, збіраліся звесткі аб праціўніку, праводзіліся дыверсіі.

Пасля вызвалення Беларусі камсамольскія арганізацыі актыўна дапамагалі ў аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі, будаўніцтве і добраўпарадкаванні. У 80-я гады XX стагоддзя быў час вытворчых рэкордаў, рацыяналізатараў, паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу. Усё гэта праходзіла пад дэвізам: “Пяцігодцы — ударная праца, веды, ініцыятыву і творчасць маладых!”. Першымі сакратарамі райкама камсамола былі Г. М. Чучынскі,  А. М. Лаўрушчык, Р. А. Тананка, М. К. Рудко, А. А. Багушэвіч, А. І. Вета, А. А. Хілімон, В. П. Клімянкоў, Л. П. Гоўша, Ул. М. Тананка, З. Ул. Калбаса, І. А. Дрозд, В. А. Баўдзей, П. М. Капура.

Некалькі перабудовачных гадоў выпрабоўвалі на трываласць сістэму камсамольскай працы. 27-28 верасня 1991 года прайшоў XXII надзвычайны з’езд ВЛКСМ, які абвясціў гістарычную ролю ВЛКСМ вычарпанай і распусціў арганізацыю. У Беларусі ўтварыліся і пачалі існаваць незалежныя арганізацыі моладзі.

У снежні 1991 года па выніках XXX з’езда ЛКСМБ прынята рашэнне аб пераўтварэнні арганізацыі ў саюз моладзі Беларусі (СМБ). У лютым 1995 года на XXXVII з’ездзе СМБ перайменаваны ў Беларускі саюз моладзі (БСМ).

20-21 мая 1997 года на ўстаноўчым з’ездзе створаны Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ). У верасні 2002 года на XXXVIII аб’яднаўчым з’ездзе БПСМ і БСМ было прынята рашэнне аб аб’яднанні гэтых маладзёжных арганізацый Беларусі ў адзіную — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). Узначальвалі маладзёжныя арганізацыі раёна Г. П. Бычко, Н. М. Мохань, І. Л.Пянькоўская, Ул. М. Варанко, А. М. Стасевіч, Р. Ю. Абрамчык, Н. Ул. Швец, Я. А. Пархамовіч.

 

Баляслаў НАВІЦКІ,

ветэран працы, краязнаўца