Посевная в режиме «экстрим». В СПК «Луки-Агро» знают, как качественно посеять даже при отсутствии влаги

Сяўба азімых зерневых культур і ўборка кукурузы на сілас – два асноўных віда асенніх палявых работ, якімі вераснёўскай парой заняты аграрыі КСУП “Лукі-Агра”. Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу, на раніцу 10 верасня працаўнікі гаспадаркі пасеялі 320 га, альбо 29% ад плану, здрабнілі на сілас 155 га царыцы палёў, што складае 42 % ад запланаваных.

– Сёлетні азімы зерневы клін уяўляе сабой 1110 га. У структуры збожжавых аддаём перавагу азімай пшаніцы, пад якую адведзена 800 га. Астатнія ж 300 га зойме азімы трэцікале, – знаёміць з пасяўнымі плошчамі гаспадаркі намеснік дырэктара КСУП “Лукі-Агра” па раслінаводстве Анатолій Анікій. – Перад тым, як пакласці насенне ў глебу, яе неабходна якасна падрыхтаваць. Вось тут узнікаюць сур’ёзныя пытанні. З-за адсутнасці вільгаці плугі не могуць глыбока араць глебу, літаральна ідуць па паверхні. Таму для падрыхтоўкі глебы выкарыстоўваюць культыватар КДЛ-4, які прызначаны для апрацоўкі поля пасля ўборкі кукурузы, рапсу, зерневых і іншых культур.

Аграрыі гаспадаркі прыступілі да асенняй пасяўной кампаніі 3 верасня. Штодзень дзве сеялкі засейваюць прыкладна 60-70 га. Зразумела, аб’ёмы выкананых работ залежаць ад надвор’я, спраўнасці тэхнікі і іншых фактараў. Тым не менш, лукскія хлебаробы плануюць закласці будучы ўраджай у аптымальныя тэрміны.

– Па выніках сёлетняга жніва атрымалі 61,3 цэнтнера збожжа на круг. Зразумела, рэзервы ў нас яшчэ ёсць. Галоўнае, каб надвор’е спрыяла і дажджы праходзілі, – адзначае Анатолій Анікій. – Сёлета вільгаці не хапіла і царыцы палёў. Два гады запар мелі выдатную ўраджайнасць кукурузы на сілас – 600 ц/га і вышэй. У гэтым годзе атрымаем дзесьці 400 ц/га. Аднак і з такой ураджайнасцю абавязкова нарыхтуем неабходную кармавую базу і выканаем план у 13 тысяч тон сіласу. Недахоп вільгаці востра адчувалі і падчас сяўбы азімага рапсу. Я б сказаў, што пасяўная праходзіла ў надзвычай экстрэмальных умовах, без ніводнай каплі дажджу. 300 га алейнай культуры пасеялі за 9 дзён, з 15 па 25 жніўня. Аднак толькі сёння мы бачым першыя ўсходы рапсу. Зразумела, калі глеба сухая, то і насенне прарастаць не хоча. Тым не менш, з аптымізмам глядзім у будучыню і робім усё, што ад нас залежыць, каб атрымаць багаты ўраджай.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара