В Мирском замке в 18 веке при дворе жили музыканты из Парижа

У адной з залаў Мірскага замка рэканструяваны інтэр’ер “Сталовай ізбы” канца XVI–пачатку XVII стст., дзе экспануюцца музычныя інструменты: віёла да гамба, дуда, лютня, спінет. Сталовая ізба – гэта адно з асноўных памяшканняў адзначанага перыяду, у якім праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, дзе прымалі і забаўлялі гасцей. І, трэба адзначыць, што ніводная імпрэза не абыходзілася без музыкі. У сталовай ізбе Мірскага замка яна гучала практычна заўсёды. Для музыкантаў у такіх памяшканнях звычайна быў прадугледжаны спецыяльны драўляны ганак (ці невялікая галерэя).

Пры магнацкіх і шляхецкіх дварах ствараліся музычныя асяродкі, дзе працавала нямала мясцовых і замежных музыкантаў: кампазітараў, спевакоў ці выканаўцаў. Акрамя прафесійных музыкантаў, заможная шляхта пры неабходнасці магла звяртацца да вандроўных артыстаў ці выкарыстоўваць здольнасці сваіх падданых. У тыя часы да ліку асноўных музычных інструментаў адносіліся лютня, віёла, арфа, флейта, а таксама клавішныя інструменты. Ёсць звесткі, што ў Мірскім замку ў 70-я гг. XVII ст. гралі, напрыклад, на клавікордзе і спінеце.

Ганак для музыкантаў

Увогуле, уладальнікі Мірскага замка – князі Радзівілы, аказалі даволі значны ўплыў на распаўсюджванне музычнага мастацтва ў магнацкім асяроддзі. Зразумела, цікавасць Радзівілаў да музыкі на працягу некалькіх пакаленняў мянялася. Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, напрыклад, трымаў пры двары вельмі мала музыкантаў – двух скрыпачоў і аднаго спевака. А вось яго праўнук князь Караль Станіслаў Радзівіл (1669–1719) наадварот запрашаў да сябе на двор на працу шмат інструменталістаў, а таксама вакалістаў. І, трэба адзначыць, што сярод музыкантаў Караля Станіслава было шмат французаў, якіх ён спецыяльна запрашаў з Парыжа. Каштавала гэта яму нятанна. Замежных артыстаў вельмі цяжка было пераканаць выехаць на Літву нават за высокі ганарар. Як адзначае польская даследчыца І. Бянькоўская ў адной са сваіх прац, гэта было звязана з тым, што яны не хацелі пакідаць каралеўскія двары, а таксама выязджаць на літоўскія землі з-за халоднага клімату.

Рэканструкцыя музычных інструментаў у Мірскім замку

У XVII і XVIII стст. уменне граць на музычных інструментах, а таксама спяваць належала да канону добрай адукацыі прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя. Вядома, што Ганна Луіза Радзівіл падчас пражывання ў Мірскім замку “сама кампанавала сваім прыдворным дамам розныя песні, бо досыць добра пісала польскія вершы. Ноты ім таксама кампанавала…”.

Так ці інакш, але музыка займала значнае месца ў паўсядзённым жыцці магнацкага і шляхецкага асяроддзя. Яна выконвала забаўляльную функцыю і, вядома, з’яўлялася неад’емным элементам любой імпрэзы.

Вераніка КРАСОЎСКАЯ,
малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”