1 октября — День пожилых людей. Начальник управления по труду, занятости и социальной защите райисполкома Инна Богуш рассказывает о жизни кореличчан на пенсии

З нагоды Дня пажылых людзей журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Інай Аляксандраўнай БОГУШ.

— Іна Аляксандраўна, Дзень пажылых людзей з года ў год адзначаецца дэкадай «Залаты ўзрост». А як у гэтым годзе?

— Нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, звязаную з каранавірусам, складзены і зацверджаны раённы план мерапрыемстваў да Дня пажылых людзей. Мерапрыемствы запланаваны на свежым паветры, у выязной форме, з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі і г. д. Гэта сустрэчы, віншаванні, уручэнне пенсійных падсведчанняў людзям, якія ў верасні папоўнілі рады ветэранаў працы, і аказанне дапамогі валанцёрамі адзінокім састарэлым людзям і інвалідам.

— «Маладосць не купіш, старасць не прадасі» — сведчыць народная прымаўка. Састарэлым людзям патрэбны ўвага і клопат. Што ў гэтым накірунку робіцца ў раёне?

— У раёне функцыянуюць ДУСА «Жухавіцкі Дом-інтэрнат для пажылых і інвалідаў», Лукская бальніца сястрынскага догляду, сацыяльныя ложкі пры Мірскай гарпасялковай бальніцы, кватэра сумеснага самастойнага пражывання ў райцэнтры. Існуюць гасцявыя і замяшчаючыя сем’і для пажылых людзей.

— Сярод тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, нямала пенсіянераў, хто застаўся маладым душой і хацеў бы займацца цікавымі і карыснымі справамі. Дзе яны могуць праводзіць вольны час, каб знайсці сабе занятак па інтарэсах?

— Людзі пенсійнага ўзросту, інваліды раскрываюць свае таленты на заслужаным адпачынку ў ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкана раёна». Тут створана аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, на базе якога працуюць разнастайныя гурткі, рэалізуюцца рознабаковыя праекты. Спецыялісты Цэнтра — людзі творчыя, і гэтую іскрынку ўмеюць убачыць і развіць у наведвальнікаў. Тут усе жывуць адной сям’ёй і ведаюць цану сапраўднага сяброўства.

— Справа куды лепей ладзіцца, калі поплеч ёсць аднадумцы, якія зацікаўлены, каб зрабіць жыццё пажылых людзей больш змястоўным. З кім вы працуеце ў адным накірунку?

— Першымі памочнікамі з’яўляюцца старшыні сельвыканкамаў, ідэалагічны актыў раёна, раённы савет ветэранаў і раённае Таварыства інвалідаў, медыкі, культработнікі, паштальёны і іншыя. У справе захоўвання бяспечнага пражывання грамадзян значную дапамогу і растлумачальную работу сярод пажылога насельніцтва праводзяць супрацоўнікі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Асаблівую старонку займае работа валанцёраў у складзе БРСМ і цімураўцаў.

Значныя вынікі другі год дае сумеснае супрацоўніцтва Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з раённым Таварыствам Чырвонага Крыжа.

МОВАЙ ЛІЧБАЎ
Звесткі на 1 верасня 2020 г.
У раёне — 6927 пенсіянераў, у тым ліку 4703 жанчыны, 2224 мужчыны
Пенсіянеры ва ўзросце:
ад 70 да 79 гадоў — 1674
ад 80 да 89 гадоў — 1360
ад 90 да 100 гадоў — 241
ад 100 гадоў і старэй — 0
Адзінокія пажылыя — 392
Адзінокапражываючыя 3301
Сярэдні памер пенсіі 457,23 руб.
Ветэраны вайны — 9
Вязні лагераў — 22
Усяго інвалідаў — 1717

— А самі людзі пенсійнага ўзросту наколькі праяўляюць ініцыятыву і ўдзельнічаюць у грамадскім і культурным жыцці раёна?

— Пажылыя грамадзяне нашага раёна ўсебакова падтрымліваюць дэвіз Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце». Іх можна сустрэць на святочных канцэртах, стадыёнах падчас заняткаў скандынаўскай хадзьбой, у бібліятэках і музеях. Яны актыўна пазнаюць гісторыю роднай Беларусі, арганізоўваюць экскурсіі і паходы выхаднога дня. Спяваюць, танцуюць, пішуць і чытаюць вершы. З’яўляюцца самі валанцёрамі для тых, хто мае патрэбу ва ўвазе і дапамозе. Нягледзячы на ўзрост, яны памнажаюць прыгажосць роднага краю, наводзяць парадак на прысядзібных участках, садзяць кветкі, збіраюць лекавыя травы, сушаць іх, дзеляцца лепшымі нарыхтоўкамі на зіму падчас пасяджэнняў клубаў пры ЦСАН. Хочацца, каб яшчэ доўжыўся іх век, не прападала цікавасць да актыўнага жыцця, а нашы службы ім у гэтым дапамогуць.

— Ва ўзначальваемым Вамі калектыве працуе нямала нераўнадушных і адданых справе людзей. Што б Вы маглі пра іх сказаць?

— У калектыве працуюць аднадумцы, стаж работы якіх складае ад 2 да 35 гадоў. Гэта прафесіяналы сваёй справы, якія добра ведаюць патрэбы людзей, як ва ўпраўленні, так і ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны ўмеюць як паспачуваць людзям у бядзе, так і парадавацца іх поспехам. Выпадковых супрацоўнікаў у нашай службе няма. Да нас звяртаюцца не толькі са сваімі патрэбамі, але і са словамі ўдзячнасці. І гэта радуе.

— 1 кастрычніка — Дзень пажылых людзей. Якія пажаданні хочаце выказаць жыхарам раёна з нагоды адзначанага ў календары свята?

— Гэты дзень — яшчэ адзін напамінак для маладых людзей пра тое, што трэба паважаць старасць. З гэтай нагоды нагадаю словы беларускага паэта Рыгора Барадуліна:

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець
І не страціць святое штосьці.

Здароўя ўсім і актыўнага даўгалецця!

Гутарыла Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ