Циринские аграрии получили хорошую урожайность картофеля — 350 ц/га

Гаворачы пра асеннія сельскагаспадарчыя работы, нельга не ўспомніць пра капанне бульбы, якую кожны беларус па праве лічыць сваім другім хлебам. Вось тут самы час адправіцца ў КСУП “Цырын-Агра”, працаўнікі якога амаль завяршылі ўборку бульбянога скарбу гаспадаркі.

Бульба з’яўляецца своеасаблівым брэндам і адметнай рысай двух сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны – КСУП “Цырын-Агра” і “Царука”, дзе пад вырошчванне крухмальных караняплодаў адведзена па 70 га. Для асабістых патрэб 4 га другога хлеба маецца ў СВК “Жухавічы”.

– Ад бульбы ні ў якім разе адмаўляцца не плануем. Зараз, восенню, ад яе продажу маем фінансавы прыбытак, – адзначае выконваючы абавязкі дырэктара КСУП «Цырын-Агра» Генадзій Першукевіч. Калі б у гаспадарцы ў наяўнасці была сучасная бульбаўборачная тэхніка, памяшканні для захоўвання другога хлеба, магчыма, мы б павялічылі плошчы пад бульбу. Але пакуль не маем такой магчымасці і садзім 70 га крухмальных караняплодаў. Сёлета выдаўся засушлівы год, нам не хапіла літаральна аднаго дажджу. Нібы прадбачачы гэта, выбралі для пасадкі бульбы палі, якія знаходзяцца ў нізінах. І, шчыра кажучы, засталіся ў выйгрышы. Сярэдняя ўраджайнасць бульбы ў гаспадарцы ў гэтым годзе складае 336 ц/га. Накапалі 2187 кг караняплодаў.

На ўборцы бульбянога скарбу гаспадаркі задзейнічаны два бульбаўборачныя камбайны пад упраўленнем механізатараў гаспадаркі Сяргея Міхея і Дзмітрыя Савянка. Дарэчы, тэхніку можна ўжо смела запісваць у ветэраны працы. Адзін з іх адпрацаваў каля 20 гадоў, другі – на пару гадоў меней. Тем не менш, нягледзячы на паважаны ўзрост, яны спрытна спраўляюцца з капаннем другога хлеба. З поля тэхніка на адвозцы дастаўляла клубні на лінію сарціроўкі, а затым – у бульбасховішча.

На працягу многіх гадоў агранамічная служба сельгаспрадпрыемства аддае перавагу такім гатункам, як “Гала”, “Брыз”, “Скарб”. Сёлета ў апошнюю чаргу прыступілі да капання “Скарба”, якой было занята 8 га. І гэты гатунак парадаваў ураджайнасцю – больш за 400 ц/га. Але, па словах Генадзія Першукевіча, год на год не прыходзіцца. Напрыклад, у мінулым годзе найлепшую ўраджайнасць дала «Гала», элітнае насенне якой закупалася ў навукова-вытворчым прадпрыемстве “Ніка”.

Сабраўшы добры бульбяны ўраджай, не менш важна граматна спарадкаваць яго. Сёлета цырынскі аграрыі задаволены: попыт на бульбу добры.

– Частку ўраджаю плануем пакінуць у якасці насеннага фонду, – расказвае Генадзій Першукевіч. – Дробная бульба пойдзе на перапрацоўку на крухмальны завод, буйная – на рэалізацыю. Аптовым пакупнікам прадаём кілаграм бульбы па 35 капеек. Штогод прымаем удзел у асенніх сельскагаспадарчых кірмашах, якія праходзяць у г.п. Карэлічы. У мінулую суботу наш другі хлеб разыйшоўся на “ўра” па цане 40 капеек за кілаграм. Попыт добры, таму і цана крыху павялічыцца, да 45 капеек. Да таго ж наша гаспадарка забяспечвае другім хлебам установы аховы здароўя і адукацыі раёна, што таксама немалаважна.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара