Машинист асфальтобетонного завода Владимир Кузьмич награжден Почетной грамотой Министерства транспорта и коммуникаций

Праца ўзбагачае чалавека. Яна становіцца сэнсам жыцця. Дасягнутыя вяршыні дапамагаюць яшчэ больш раскрыцца, трывала стаяць на нагах, шукаць новыя шляхі прафесійнага майстэрства. Настойлівыя і мэтанакіраваныя іх знаходзяць.

Любімая справа робіць выканаўцу яшчэ і шчаслівым. Ён выкладваецца спаўна і ўсяго сябе аддае занятку. Знаходзіць задавальненне ад выканання штодзённых прафесійных абавязкаў, да якіх адносіцца шчыра і добрасумленна. І да яго прыходзіць прызнанне.

Днямі добрая вестка прыйшла ў Карэліцкае дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне № 158: падпісаны загад аб узнагароджванні Ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь машыніста змешвальнай устаноўкі асфальтабетоннага завода Уладзіміра Станіслававіча Кузьміча.

І гэта не адзіная ўзнагарода ў яго скарбонцы. У 2008 годзе ўзнагароджаны галіновым значком «Ганаровы дарожнік Беларусі ІІ ступені». Мае граматы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і КУП «Гроднааблдарбуд» за шматгадовую працу і высокія дасягненні ў галіне.

Уладзімір Станіслававіч нарадзіўся ў вёсцы Крынкі. Так і пражыў усё свядомае жыццё на маленькай радзіме. Да асфальтабетоннага завода рукой падаць — напрасткі каля кіламетра. І не заўважыў, як хутка прайшоў час, як без малога чатыры дзесяцігоддзі праслужыў аднойчы абранай справе. Толькі іншы раз мяняў спецыяльнасці. Працаваў на каменедрабілцы, памочнікам аператара, аператарам.
Галоўным крытэрыем у жыцці была і засталася праца. Стараецца да абавязкаў заўсёды адносіцца добрасумленна. З гонарам гаворыць і пра тое, што ў Кузьмічоў — гэта сямейнае. На асфальтабетонным заводзе працуюць варыльшчыкамі бітуму браты Павел і Мікалай, пляменнік Аляксандр.

Праца ў Уладзіміра Станіслававіча адказная. Каб атрымаць асфальтабетонную сумесь, ён змешвае шчэбень, пясок, бітум, мінеральныя дабаўкі. «Я ўжо вывучыў усё ды снароўка ёсць», — удакладняе спецыяліст і дадае, што трэба заўсёды даваць якасную прадукцыю, каб асфальт вытрымліваў праверку, і каб людзей радавалі добрыя дарогі.

…Кожную раніцу Уладзімір Станіслававіч спяшаецца па знаёмай сцяжынцы на працу. На сваім рабочым месцы поўнасцю аддаецца любімай справе і выконвае прафесійныя абавязкі з пачуццём вялікай адказнасці. І так з дня ў дзень, з месяца ў месяц, з году ў год. Па-іншаму не можа і не жадае. жыве годна і працуе сумленна. І так усё жыццё, якое прадаўжаецца.

Начальнік планава-вытворчага аддзела Карэліцкага дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення-158 Юрый БАБАНСКІ:
— За 9 месяцаў 2020 года аб’ём выкананых падрадных работ склаў 2647,9 тысяч рублёў, асабістымі сіламі — 2639,7 тысяч рублёў.
Адрамантавана 15,3 кіламетраў дарог і вуліц і здадзена ў эксплуатацыю.
Выпушчана 14317 тон асфальтабетонных сумесяў.
Займаліся капітальным рамонтам 0,6 км дарогі да АБЗ Беразавец — Лукі — Далматаўшчына, бягучым рамонтам — 14,7 км мясцовых дарог, у тым ліку: Карэлічы — Валеўка — Наваельня, Беразавец — Лукі — Далматаўшчына, Райца — Цырын — Навасёлкі, Турэц — Ярэмічы — Скорычы, Трашчычы — Жухавічы — Цырын.
Акрамя таго, прадпрыемства працуе на рамонце і добраўпарадкаванні аб’ектаў сельгасназначэння (тэрыторыі МТФ, мехдвароў, сянажныя траншэі), добраўпарадкаванні вуліц і дваровых тэрыторый (работы вядуцца на вуліцы Першамайскай у агр. Лукі, на дваровых тэрыторыях па вуліцах Прытыцкага, Савецкая, 8 Сакавіка ў г. п. Карэлічы).
Сіламі ДРБУ-158 вядуцца работы і за межамі Карэліцкага раёна. Так, за прайшоўшы перыяд заказчыкамі для нас сталі Навагрудскі завод газавай апаратуры і філіял «Навагрудскія дары», СВК «Нягневічы», дзе агульнае асваенне сродкаў склала 231 тысячу рублёў.
На сённяшні дзень рыхтуецца да здачы ў эксплуатацыю адрамантаваны ўчастак аўтадарогі Палужжа — Машэвічы да аўтадарогі Баранавічы — Навагрудак — Іўе працягласцю 0,9 км па вёсцы Руднікі Малюшыцкага сельскага Савета.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА