На планерке у председателя. Рост количества заболевших коронавирусом, начало пожароопасного периода и ход полевых работ

Рост колькасці захварэўшых на каранавірус у раёне, пачатак пажаранебяспечнага перыяду і ход палявых работ — гэтыя і іншыя пытанні абмеркаваны 27 кастрычніка на рабочай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца поўнасцю гатова да лячэння хворых на каранавірус. Хірургічнае аддзяленне перапрафілявана ў пульманалагічнае для лячэння хворых на пнеўманію. На ўзбраенні медыкаў — дастатковая колькасць апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх, з навінак — два кіслародныя канцэнтратары, на якія выдзелена больш за 4 тысячы рублёў з мясцовага бюджэту. Увесь медыцынскі персанал забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны: камбінезонамі, халатамі, маскамі і пальчаткамі.

Работнікі жылкамунгаса праводзяць актыўную апрацоўку дэзсродкамі пад’ездаў шматпавярховых дамоў.

Важную ролю ў барацьбе з уздымам сезоннай захворваемасці адыгрывае вакцынацыя супраць грыпу. На сёння жыццёва важную прышчэпку атрымала 34% карэліччан, і гэтая лічба будзе расці да 40%.

У сувязі з ростам колькасці захварэўшых на COVID-19 у раёне ўсе масавыя мерапрыемствы будуць перанесены або адменены.

Асаблівую ўвагу Генадзій Шатуеў засяродзіў на рабоце аглядных камісій, якія сочаць за станам пячнога ацяплення, электраправодкі і бытавых прыбораў у дамах адзінокіх пажылых і інвалідаў.

— Пра гэтую катэгорыю людзей трэба паклапаціцца асабліва, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Здароўе і жыццё людзей павінны быць на чале кута.

У бягучым годзе на тэрыторыі раёна адбылося 23 пажары: гарэлі дамы і гаспадарчыя пабудовы, кормазапарнікі і лазня. На шчасце, гібелі людзей удалося пазбегнуць. Для гэтага праводзіцца вялікая прафілактычная работа. Сёлета з раённага бюджэту выдзелена больш за 14 тысяч рублёў на рамонт пячнога ацяплення і электраправодкі ў адзінокіх пажылых і адзінокіх інвалідаў.

Шмат увагі на нарадзе ўдзялілі ходу сельскагаспадарчых работ. Так, раён у ліку першых на Гродзеншчыне завяршыў уборку кукурузы на сілас. Атрымана 5,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 318 цэнтнераў на круг. Актыўнымі тэмпамі ідзе ўборка цукровых буракоў: выкапана 63% караняплодаў, узняцце зябліва (35%), завяршаюцца работы па догляду за пасевамі. На зімова-стойлавы перыяд нарыхтавана 31,9 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. Працягваецца ўборка шматгадовых траў.

З 31 кастрычніка ў краіне пачнуцца восеньскія канікулы. Плануецца, што на Карэліччыне ў школьных лагерах адпачнуць 100 дзяцей.

Іна ЛЕЙКА