На территории Кореличского района в начале ХХ века существовала узкоколейная железная дорога, по которой ходили поезда-«кукушки»

У XX стагоддзі некалькі ліній вузкакалейнай чыгункі былі пракладзены па цяперашняй тэрыторыі раёна, а цягнік тады празвалі “кукушкай”. Перад прыпынкам і пачаткам руху ён свістаў двума гудкамі, і падобна было на «ку-ку». Я ўзгадваю, як у гады дзяцінства нам было вельмі цікава слухаць размовы дарослых аб вузкакалейцы. Бацькі забаранілі нам так далёка ехаць адным, каб убачыць усё сваімі вачыма, а з сабой не бралі. Іх размовы пра вузкакалейку засталіся ў памяці да сённяшняга часу.

Адны распавядалі пра тое, што ім было боязна першы раз праехаць на цягніку, іншыя казалі, што кандуктар прасіла, каб не сядзелі на адным баку у вагонах, а пароўну на абодвух, бо вагон можа перакуліцца. Многія расказвалі, як яны спалохаліся, калі паравоз свістаў перад пачаткам руху або перад прыпынкам. Вузкакалейная чыгунка працавала на цяперашняй тэрыторыі раёна каля 23 гадоў.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе цяперашняя тэрыторыя раёна на доўгі час аказалася ў прыфрантавой паласе. Лінія фронту яшчэ і сёння нагадвае нам аб сабе акопамі і абарончымі збудаваннямі ў лясных масівах паміж вёскамі Сэрвач і Кайшоўка, Крынкі і Некрашэвічы. У 1915 годзе фронт стабілізаваўся па рацэ Сэрвач. У выніку Карэліцкая, Райцаўская, Цырынская воласці былі акупіраваны нямецкай арміяй на тры з лішнім гады, а Мірская, Жухавіцкая і Ярэміцкая воласці апынуліся ў прыфрантавой паласе Расіі.

Акупацыйная ўлада пераўтварыла захопленыя землі ў крыніцу сыравіны і таннай рабочай сілы. Менавіта тады, у 1916 годзе, было разгорнута ў ваколіцах актыўнае чыгуначнае будаўніцтва. Неабходна было вывозіць драўніну, торф, гліну і жвір у Нямеччыну, а таксама перавозіць грузы ў прыфрантавой паласе.

Першае адгалінаванне лініі вузкакалейкі на цяперашняй тэрыторыі нашага раёна ішло ад палустанка Чамяроўка (зараз аўтобусны прыпынак) праз вёскі Рутку I, Рутку II, Ваўковічы, Паланую і амаль да Стрэльнікаў (цяпер тэрыторыя Брольніцкага сельсавета Навагрудскага раёна). Каля вёскі Паланая знаходзілася дэпо па тэхабслугоўванню вузкакалейкі і рухомага саставу. Па вузкакалейцы ў Польшчу вывозіліся лес, прыродныя выкапні, гліна і жвір. Кар’еры былі ў Паланой і каля Стрэльнікаў. Таксама чыгунка выкарыстоўвалася для перавозкі пасажыраў і пошты з Навагрудка ў вясковыя гміны. Гэтая лінія праіснавала да 1939 года.

Другая лінія, па ўспамінах састарэлых жыхароў, ішла ад паўстанка Зарой, каля вёскі Катлова (гэта тэрыторыя Валеўскага сельсавета Навагрудскага раёна), каля вёсак Сёгда, Караліны, Волца, Савашы, Навасёлкі да вёскі Сэрвач. Гэтая лінія праіснавала да 1925 года.

У прыфрантавой паласе рускай арміі галоўная лінія цягнулася ад станцыі Стоўбцы (цяпер Стаўбцоўскі раён) да станцыі Гарадзея (цяпер Нясвіжскі раён). Першае адгалінаванне лініі вузкакалейкі на цяперашнюю тэрыторыю раёна ішло ад палустанка Асіпаўшчына (цяпер Стаўбцоўскі раён) да вёскі Вялікія Жухавічы і праіснавала амаль да канца 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Другое адгалінаванне, па ўспамінах састарэлых жыхароў, ішло ад станцыі Хвоева (цяпер Нясвіжскі раён) і далей на поўнач. Лінія пачыналася ў Пагарэльцах (цяпер Нясвіжскі раён), ішла праз Чэрніхава (цяпер Баранавіцкі раён) і далей па цяперашняй тэрыторыі нашага раёна, каля лініі фронту, да Нёмана (прыстань у Ярэмічах). Яна праіснавала да 1921 года. Гэтыя дзве лініі былі пабудаваны рускімі ваеннымі чыгуначнікамі для франтавога забеспячэння.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, з 18.03.1918 г., немцы перайшлі ў наступленне па ўсім фронце і цяперашняя тэрыторыя раёна была поўнасцю акупавана. У снежні 1918 года Чырвоная Армія вызваліла рэгіён, але з 19.03.1919 г. ён быў заняты польскімі войскамі, і ў адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам 18.03.1921 г. тэрыторыя цяперашняга раёна адышла да Польшчы.

Пры Польшчы ў 1929 годзе была пабудавана новая лінія вузкакалейкі, якая пралягала ад палустанка Зарой праз вёскі Катлова, Сёгду, Караліны, Скрышава, Забердава, Русацін, Труднава, Белыя Лугі, Мінакі, Паручын, Канюшоўшчына, Агароднікі (у цяперашні час тэрыторыя Валеўскага сельсавета Навагрудскага раёна і Гарадзішчанскага сельсавета Баранавіцкага раёна). Па вузкакалейцы ў Польшчу вывозіліся лес, прыродныя выкапні, гліна і жвір. Гліняны кар’ер быў у вёсцы Забердава, а жвіровы недалёка ад вёскі Русацін. Таксама чыгунка выкарыстоўвалася для перавозкі пасажыраў і пошты з Навагрудка ў вясковыя гміны. У такім выглядзе гэтая лінія вузкакалейкі праіснавала да 1939 года. Па ўспамінах састарэлых жыхароў, ад вёскі Мінакі была пабудавана лінія каля вёсак Варонча, Падгайна і да торфараспрацоўкі між вёскамі Баяры і Аканавічы. Планавалася гэтую чыгуначную лінію працягнуць да вёскі Жухавічы, аднак яна так і засталася няскончанай.

У часы польскай акупацыі будаўніцтва дарог праводзілася сялянамі, на якіх накладваліся адпрацовачныя павіннасці. На гэтыя работы выходзілі ўсёй сям’ёй. Сяляне адбывалі так званую старажоўшчыну і шараваркі (рамонт і будаўніцтва дарог). Выконвалася таксама і падводная павіннасць. Каб выканаць яе, неабходна было на асабістай жывёле даставіць будаўнічыя грузы да месца прызначэння.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вузкакалейка ад паўстанка Зарой праз вёскі Катлова, Сёгду, Караліны, Скрышава, Забердава, Русацін, Труднава, Белыя Лугі, Мінакі, Паручын, Канюшоўшчына, Агароднікі не эксплуатавалася. У час Вялікай Айчыннай вайны яна была пашкоджана і разбурана для будаўніцтва абарончых збудаванняў.

Да сённяшняга дня на тэрыторыі раёна захаваліся ўчасткі ліній вузкакалейкі. Прырода і цывілізацыя робяць іх малапрыкметнымі, і толькі чалавечая памяць можа быць сведкам таго, што тут калісьці існавала.

Баляслаў НАВІЦКІ,

ветэран працы, краязнаўца