О своём жизненном пути рассказывает заведующая Кореличским Домом быта Анна Михей, занесённая на Доску почёта района

Сярод занесеных на раённую Дошку пашаны за дасягненне высокіх паказчыкаў у працоўнай, сацыяльна-эканамічнай, вытворчай, дзяржаўнай, сацыяльна-культурнай дзейнасці — загадчык Дома быту Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Ганна Яўгеньеўна МІХЕЙ.

Ступені майстэрства

— У 1980 годзе пасля заканчэння Востухаўскай сярэдняй школы пачынала вучаніцай швачкі ў Доме быту па вуліцы 1 Мая ў г.п. Карэлічы, — гаворыць Ганна Яўгеньеўна. — Мяне замацавалі за швачкай Марыяй Аляксандраўнай Бузук. Вучылася майстэрству на працягу шасці месяцаў і яшчэ столькі ж часу працавала швачкай. Затым вырашыла авалодаць прафесіяй закройшчыцы ў Віцебскім тэхнічным вучылішчы. Пасля яго заканчэння вярнулася на ранейшае месца працы.
У 1995 годзе Ганна Яўгеньеўна была пераведзена майстрам вытворчага навучання па спецыяльнасці «швачка» ў Карэліцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча будаўнікоў № 125. Завочна закончыла Мінскі тэхналагічны тэхнікум.
У 2000 годзе яна вярнулася на працу ў Дом быту. Працавала закройшчыцай і швачкай. У 2011 годзе была прызначана загадчыкам Дома быту.

Надзейныя памочнікі

Ганна Яўгеньеўна сябе кіраўніком вялікага рангу не лічыць — усяго-наўсяго падраздзялення. Але, па яе словах, нават на гэтай пасадзе чаго б была варта без членаў дружнага калектыву, якія былі і засталіся надзейнымі памочнікамі ў агульнай справе. З удзячнасцю яна гаварыла пра дырэктара прадпрыемства Веру Пятроўну Сідо, якая накіроўвае работу ў правільнае рэчышча. Як кіраўнік, яна гарыць душой за ўсіх падначаленых, заўсёды зразумее і падтрымае кожнага. Словы падзякі адрасоўвае таксама ўсім работнікам бытавога абслугоўвання, з якімі разам робіць агульную справу і дабіваюцца добрых вынікаў.
А вось пра тых, хто задавальняе запыты людзей на сваіх працоўных месцах, загадчыку Дома быту хочацца гаварыць з асаблівай пашанай. Гэта швачкі Ганна Базар, Ала Сачко, Святлана Гук, Алена Штыцько, цырульнікі Ганна Логіш, Святлана Расюкевіч, Святлана Тарасевіч, сярод іх маладыя Анастасія Кергет і Маргарыта Расюкевіч, слесар-наладчык Анатолій Калбаска і іншыя.

Да паслуг насельніцтва

З гонарам Ганна Яўгеньеўна паведала і пра тое, што прадукцыя карэліцкіх бытавікоў славіцца далёка за межамі раёна. Попытам карыстаецца пасцельная бялізна, падушкі, коўдры, пакрывалы, курткі, сталовыя камплекты і іншае. Давялося парадаваць жыхароў Магілёва, Гомеля, Гродна, Ліды і шматлікіх населеных пунктаў Беларусі.
На Карэліччыне тавар бытавікоў накіроўваецца на комплексна-прыёмныя пункты ў Турцы, Міры, Жухавічах, Ярэмічах, Луках, Цырыне. Радуе, што ён знаходзіць добры водгук у пакупнікоў.
У апоші час з’яўвілася больш наведвальнікаў у Карэліцкім Доме быту. Часцей сталі прыходзіць заказчыкі, якія жадаюць пашыць сабе адзенне: курткі, жаночыя касцюмы, спадніцы, штаны, халаты, сукенкі, блузкі. Шмат існуе заказаў на гардзінныя і начныя шторы.
Ганна Яўгеньеўна не хавае таго факту, што існуюць у бытавікоў свайго роду канкурэнты ў цырульнай і швачнай справах, якія адкрылі сваю справу ў райцэнтры. Вось толькі канкурэнцыя не палохае раённых бытавікоў, а наадварот прымушае працаваць больш плённа, выконваць якасна заказы, дарыць людзям добры настрой.

Што душу сагравае

— Я выкладваюся як закройшчык на індывідуальныя заказы, — дзеліцца сваімі штодзённымі клопатамі і прафесійным майстэрствам Ганна Міхей. — Найчасцей гэта заказы на шторы, пакрывалы, пашыў адзення. Тут галоўнае абслужыць кліента на высокім узроўні і зрабіць усё, каб ён застаўся задаволены.
Найбольш жа саграюць душу Ганне Яўгеньеўне дзеці і ўнукі. Сын Дзмітрый — прыватны прадпрымальнік, пайшоў бацькавай сцяжынкай: робіць помнікі. Жыве ў Міры, у сям’і падрастае двое дзяцей. Дачка Алена зараз знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем. Гадуюць з мужам траіх дзяцей. «Дзеля іх хочацца жыць, быць ім апорай і падтрымкай, атрымліваць радасць ад кожнага пражытага дня», — зазначыла падчас сустрэчы суразмоўца.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Аксаны ЯНУШ