Планерка у председателя: время фликеров, прививок от гриппа и социальной дистанции

У аўторак на нарадзе кіраўнікоў службаў раёна ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева абмяркоўваўся шэраг пытанняў, якія датычаць работы розных сфер Карэліччыны.

Бяспека на чале кута

У першую чаргу кіраўнік раёна звярнуў увагу прысутных на дарожную бяспеку.

— Пешаходы павінны абазначаць сябе святлоадлюстроўваючымі элементамі, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў. — Але далёка не ўсе гэта робяць. Такога не павінна быць. Тым больш, што  на Гродзеншчыне ўжо зарэгістраваны выпадкі наезда аўтамабіляў на пешаходаў, якія рухаліся па дарозе без флікера.

Падкрэсліў кіраўнік раёна і актуальнасць абазначэння сельскагаспадарчай тэхнікі праблісковымі маячкамі.

Грып не спіць

На сёння ў раёне прышчэпку ад грыпу атрымала амаль 30% насельніцтва. У бліжэйшы час плануецца прышчапіць не менш за 40% карэліччан. Гэта стане перадумовай для фарміравання так званага калектыўнага імунітэту, які дапаможа папярэдзіць актыўную цыркуляцыю віруса.

Адзначалася, што медыцынскія ўстановы раёна гатовы да другой хвалі каранавіруса, а медыцынскія работнікі забяспечаны неабходным наборам сродкаў індывідуальнай абароны. У аптэках таксама ёсць патрэбныя сродкі абароны: маскі, пальчаткі, дэзсродкі. Галоўнае, каб людзі імі карысталіся і захоўвалі сацыяльную дыстанцыю не менш за 1,5 метра.

Новы год у новай кватэры

20-кватэрны жылы дом у Карэлічах будзе здадзены ў чацвёртым квартале бягучага года. Гэта значыць, што 20 сем’яў змогуць сустрэць Новы год ва ўласнай кватэры. Актыўнымі тэмпамі ідзе будаўніцтва жылля на вёсцы. У СВК “Свіцязянка-2003” зараз будуюцца 5 кватэр агульнай плошчай 569 квадратных метраў. Завяршэнне будаўніцтва плануецца ў бягучым месяцы. За 9 месяцаў 2020 года ўведзена ў эксплуатацыю амаль 2 тысячы квадратных метраў індывідуальнага жылля.

На вёсцы ідзе будаўніцтва і вытворчых аб’ектаў. Так, у СВК “Свіцязянка-2003” узводзіцца зернясховішча на 3 тысячы тон, у СВК “Маяк-Заполле” — зернесушыльны комплекс. Каля аграгарадка Лукі працягваецца будаўніцтва ветраўстаноўкі. У самім населеным пункце па вуліцы Першамайскай  блізяцца да завяршэння работы па будаўніцтве інжынерных сетак водазабеспячэння і  воданапорнай вежы. Дарэчы, вуліца нядаўна апранулася ў новы асфальт, цяпер ідзе абуладкаванне тратуарных дарожак.

Іна ЛЕЙКА