Председателем районной организации Белорусского общества Красного Креста вновь избрана Светлана Санцевич

У аўторак, 6 кастрычніка, у Маладзёжным цэнтры культуры адбылася 27 справаздачна-выбарная канферэнцыя Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, лейтматывам на якой гучала: “Дапамогі шмат не бывае”.  І сапраўды, цяжка пералічыць усіх карэліччан, якім раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа працягнула руку дапамогі. Ганаровымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан і намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Іна Сіцько.

– Адным з асноўных звенняў у рабоце  Чырвонага Крыжа з’яўляюцца пярвічныя арганізацыі. У 61 пярвічцы налічваецца больш за 3350 членаў, – адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Санцэвіч. – Не магу не адзначыць найбольш актыўныя і шматлікія пярвічныя арганізацыі: ААТ “Карэлічы-Лён”, Карэліцкі РАНС, УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца», усе ўстановы адукацыі раёна, Карэліцкі раён электрычных сетак. Сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна вялікую спонсарскую дапамогу аказваюць СВК “Жухавічы”, “Свіцязянка-2003”, “Маяк-Заполле” і КСУП “Племзавод Карэлічы”. КСУП “Лукі-Агра” – адзіная гаспадарка ў раёне, у якім створана пярвічная арганізацыя і грашовыя сродкі пералічваюцца як членскія ўзносы.

Падчас свайго выступлення Святлана Санцэвіч надала вялікую ўвагу валанцёрскаму руху, у радах якога налічваецца 94 чалавекі і сфарміравана 5 валанцёрскіх атрадаў. Пры ўдзеле валанцёраў з СШ № 1 г.п. Карэлічы, Красненскага ВПК дзіцячы сад-СШ, Карэліцкага  ліцэя, Мірскага каледжа і Жухавіцкай сярэдняй школы праведзена шэраг акцый і мерапрыемстваў. Напрыклад, “За бяспечныя паводзіны”, “Разам супраць СНІДу”, “Збяром дзяцей у школу”, “Залаты ўзрост”, “Ветэран жыве побач”, “Чысты лес”, штомесячная акцыя “Ведай лічбы свайго артэрыяльнага ціску”, якая праводзіцца сумесна з Карэліцкай ЦРБ.

Не застаўся па-за ўвагай выступоўцы найстарэйшы накірунак работы Чырвонага Крыжа – служба догляду на даму, які ажыццяўляецца медыцынскай сястрой медыка-сацыяльнай службы “Дапамога”. Падрыхтоўка і рэагаванне на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі, гуманітарная дапамога, зладжаная работа па папярэджанні распаўсюджвання COVID-19,  фінансава-гаспадарчая дзейнасць – пытанні, якія былі шырока раскрыты падчас справаздачы старшыні раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

Рабоце раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа дадзена здавальняючая ацэнка, а яе старшыня Святлана Санцэвіч аднагалосна пераабрана на новы тэрмін. Сваю падтрымку выказала ёй падчас канферэнцыі і намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Іна Сіцько.

– Карэліцкая раённая арганізацыя працуе стабільна, развіваецца, рухаецца наперад, – адзначыла Іна Сіцько. –  У цэлым для Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа 2020 год з’яўляецца знакавым. 12 мая бягучага года былі прыняты важныя дапаўненні ў закон “Аб беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа”. Адно з іх датычылася пашырэння дзейнасці грамадскай арганізацыі ў накірунку навучання насельніцтва першай урачэбнай дапамозе. У той жа час бягучы год з’яўляецца перадюбілейным. У наступным годзе Чырвоны Крыж адзначыць 100-гадовы юбілей.

Па словах намесніка старшыні абласной арганізацыі, распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі стала сапраўдным выпрабаваннем на трываласць для ўсіх беларусаў. І члены арганізацый Чырвонага Крыжа ўсіх узроўняў імгненна адрэагавалі. Сумесна з работнікамі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва валанцёры Чырвонага Крыжа пачалі аказваць дапамогу адзінокім грамадзянам і людзям састарэлага ўзросту, дастаўляючы ім на дом прадукты харчавання, лекі, прадметы першай неабходнасці.  Нельга не сказаць пра спонсарскую дапамогу партнёраў грамадскай арганізацыі, на якую былі набыты неабходныя сродкі індывідуальнай абароны. Менавіта ў такіх складаных сітуацыях пацвярджаецца місія Чырвонага Крыжа, якая заключаецца ў стварэнні грамадства, дзе ніводны чалавек не застаецца адзін на адзін са сваёй бядой.

Прыемным завяршэннем канферэнцыі стала цырымонія ўзнагароджвання. За актыўную дзейнасць па дасягненні мэтаў і рашэнні задач Чырвонага Крыжа Падзяка Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ўручана Карэліцкаму РАНС і Мірскаму дзяржаўнаму мастацкаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу. Ганаровай граматы абласнога ўзроўню ўдастоена намеснік старшыні СВК “Свіцязянка-2003” па ідэалагічнай рабоце Алена Клаўсуць. За цеснае супрацоўніцтва і садзейнічанне развіцця гуманітарнай дзейнасці Падзячныя пісьмы раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ўручаны пярвічным арганізацыям Красненскага ВПК дзіцячы сад-СШ, УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” і Ярэміцкага ФАПа.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара і Наталлі САКАЛЯНСКАЙ