Проект «Мир — здоровый поселок»: чем болеют и как питаются миряне

З верасня мінулага года на тэрыторыі гарпасёлка Мір дзейнічае праект “Мір — здаровы пасёлак”. Мэта праекта — стварэнне населенага пункта, які жыве па прынцыпах здаровага ладу жыцця, у якім насельніцтва адказна ставіцца да ўласнага здароўя і маюцца ўмовы для захавання і ўмацавання здароўя. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач Карэліцкага раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк.

— Неабходна разумець, што палепшыць здароўе людзей можна толькі ў выпадку мэтанакіраваных і скаардынаваных дзеянняў практычна ўсіх галін улады і структур грамадства, уключаючы ахову здароўя, іншыя міністэрствы, працадаўцаў, грамадскія арганізацыі, прадстаўнікоў рэлігійных канфесій, і, вядома, пры непасрэдным удзеле жыхароў пасёлка, — падкрэслівае Аляксандр Германюк.

Комплексны план асноўных мерапрыемстваў па рэалізацыі на тэрыторыі г.п. Мір праекта «Мір — здаровы пасёлак» ахоплівае практычна ўсе сферы дзейнасці і ўключае ў сябе наступныя раздзелы: інфармацыйна-адукацыйнае забеспячэнне, медыцынскае забеспячэнне, масавыя мерапрыемствы, стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і арганізацыях, стварэнне здароўезберагальнага і здароўефарміруючага асяроддзя пражывання, інфраструктуры для вядзення здаровага ладу жыцця.

Па статыстыцы жыхары Міра часцей за ўсё пакутуюць ад хвароб органаў дыхання, сістэмы кровазвароту, касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі, органаў стрававання, мочапалавой сістэмы. Медыкі раяць: хваробу лепей папярэдзіць, чым лячыць. Таму на чале кута павінны быць здаровы лад жыцця, а гэта значыць адмова ад шкодных звычак, правільнае харчаванне і фізічная актыўнасць.
Пры гэтым спецыялісты адзначаюць, што харчаванне жыхароў Міра, як і ў цэлым па Рэспубліцы Беларусь, характарызуецца нізкім спажываннем садавіны і агародніны (менш за 5 порцый у дзень), рыбы, мяса нятлустых сартоў. У рацыёне часцей прысутнічаюць апрацаваныя харчовыя прадукты з высокім утрыманнем солі (вышэй за 5 грамаў у суткі). Сярод асобных груп насельніцтва пасёлка існуе розная ступень дэфіцыту вітамінаў А, Д, фоліевай кіслаты, селену, кальцыю, калію і цынку. Таму спецыялісты сустракаюцца з жыхарамі пасёлка прама на рабочых месцах, даюць парады, мераюць ціск і ўзровень цукру ў крыві.

Што датычыць заняткаў спортам, то гэта можна рабіць на тэрыторыі спартыўных, трэнажорных залаў і стадыёнаў мясцовых школы і прафтэхкаледжа. Яшчэ з дзіцячага садка маленькіх міран вучаць любіць спорт. Тут дзеці з задавальненнем займаюцца не толькі ў спартыўнай і трэнажорнай залах, але і плаваюць у басейне.

Цікавы вопыт барацьбы з курэннем сярод супрацоўнікаў дэманструе ўстанова “Замкавы комплекс “Мір”: тыя, хто кінуў курыць, кожны месяц да заработнай платы атрымліваюць своеасаблівыя прэміяльныя.

Іна ЛЕЙКА