Спецпроект «Земляки» путешествует по Турецкому сельскому Совету

Маладым усюды дарога

На сваю першую працу ў камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Чарняхоўскі-Агра» прыбылі маладыя спецыялісты.

Віталіна Скрунда, эканаміст:

– Я сама з Клецкага раёна, вучылася ў Горках, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці «эканамічная дзейнасць», прыехала сюды па размеркаванні. У школе я доўгі час не магла вызначыцца, кім жа я хачу стаць. У выбары дапамаглі бацькі. Пазнаёміўшыся са спецыфікай прафесіі, я зразумела, што гэта сапраўды важная і цікавая праца. На пачатку мне было страшна, у першы дзень проста трэсліся рукі і словы путаліся, я нават не магла вымавіць уласнае імя па бацьку, прадстаўляючыся калегам. Але неўзабаве прывыкла і пачала адчуваць сябе больш упэўнена, прыходзячы на працу. Калектыў тут добры, людзі спагадныя, заўсёды дапамогуць, калі трэба. Вядома, я не магу сябе назваць спецыялістам за такі кароткі час, вучыцца мне яшчэ вельмі доўга, але са сваімі задачамі я спраўляюся. У параўнанні са стажыроўкамі і практыкамі ў акадэміі, паўнавартасная праца вельмі адрозніваецца, вельмі многае трэба пазнаваць па ходзе выканання той ці іншай задачы. У будучыні хацела б пашыраць сферу сваёй дзейнасці і ўдасканальваць навыкі.

Кацярына Бязлюдава, бухгалтар:

– Я скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «камерцыйная дзейнасць». Са школьных гадоў мяне цягнула да гэтай прафесіі, аб выбары ніколечкі не шкадую. Мне падабаецца калектыў, людзі спакойныя, разумныя, камунікабельныя, уражанні аб працы за час размеркавання вельмі добрыя. Радуе таксама і тое, што я адсюль магу лёгка дабрацца дадому ў любыя выхадныя. Жыллё нам тут далі, мы жывём у адной кватэры: адзін пакой для нас з Віталінай, іншыя – для хлопцаў. Умовы добрыя, ёсць дзе прыгатаваць ежу, ёсць пральная машынка, далёка не ва ўсіх, хто размеркаваўся з нашай групы ў акадэміі, ёсць такія выгоды.

Калі казаць пра захапленні ў вольны час, то акрамя развіцця ў сваёй прафесіі ў мяне есць мэта на бліжэйшыя гады, я хачу вывучаць мовы. Пачала займацца карэйскай і кітайскай, хацела б адправіцца ў Паўднёвую Карэю на канцэрт любімай музычнай групы.

Назар Новік, памочнік кіраўніка сельскагаспадарчага ўчастка:

– Я скончыў Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж па спецыяльнасці «агранамія». Мае бацькі таксама працуюць у сферы сельскай гаспадаркі, сам я выбраў гэтую спецыяльнасць без ніякіх сумненняў. Што варта адзначыць, у параўнанні з практыкамі ў каледжы, тут значна больш свабоды ў плане спецыяльнасці, больш абавязкаў, задач, адказнасці. Працаваць мне тут цікава, лічу, што гэта галоўнае.

Андрэй Райскі, памочнік кіраўніка сельскагаспадарчага ўчастка:

– Вучыўся я ў Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы па спецыяльнасці «агранамія». У дзяцінстве марыў стаць лётчыкам, а лёс прывёў мяне да сельскай гаспадаркі. Прапрацаваўшы зусім няшмат па спецыяльнасці, я адкрыў для сябе шмат новага, стаў разбірацца ў тэхніцы, прынцыпах яе працы і відах, я не раз ужо быў на сельгаспрацах. Першы час вельмі цяжка было ўнікнуць і разабрацца ва ўсіх тонкасцях прафесіі, часта звяртаўся за дапамогай, але зусім не расчараваўся.

Дзмітрый Гунько, інжынер механізацыі працаёмістых працэсаў:

– Я нарадзіўся і вырас у Турцы, для мяне тут усё роднае і знаёмае. Скончыў я Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, вярнуўся на малую радзіму па мэтавым накірунку. год адпрацаваў інжынерам па транспарце, затым мяне перавялі на новую пасаду, захацелася паспрабаваць нешта новае, развівацца ў розных аспектах.

 

За дапамогай — у сельсавет

Старшыня Турэцкага сельсавета Сяргей Барычэўскі гаворыць, што нягледзячы на век інтэрнэту і інфармацыйных тэхналогій, людзі па-ранейшаму звяртаюцца са сваімі просьбамі і праблемамі ў сельскі Савет. І гэта зразумела: людзі на вёсцы сталага веку, а дзеці і ўнукі часцей за ўсё жывуць у гарадах і не заўсёды могуць хутка прыехаць на выручку.

— Сёння мы працуем з насельніцтвам па шматлікіх напрамках, — гаворыць Сяргей Васільевіч, — і адзін з асноўных — гэта заключэнне дагавораў на цэнтралізаваны вываз смецця. Сустракаемся з людзьмі, тлумачым, што гэта важна рабіць, каб падтрымліваць навакольнае асяроддзе чыстым, а значыць такім чынам і захоўваць сваё здароўе. Радуе, што людзі нас разумеюць, прыслухоўваюцца. 90% жыхароў такія дагаворы заключылі. Турбуе вяскоўцаў тое, што на тэрыторыі сельсавета закрылі 4 мініпалігоны для цвёрдых бытавых адходаў: цяпер жылкамунгас усё сабранае смеццце вывозіць на палігон “Беразавец”. Як вынік — сталі ўсё часцей з’яўляцца звалкі смецця то на ўскрайку вёскі, то на абочыне дарогі, то ў лесе. Зразумела, праводзім рэйды, каб папярэдзіць такія злачынствы супраць прыроды, на дапамогу прыходзіць тэхніка ДП “Чарняхоўскі-Агра”. каб навесці парадак, часам прыходзіцца і штрафаваць. Нядаўна быў такі выпадак у Некрашэвічах, калі вясковец выкінуў будаўнічае смецце на сельскагаспадарчыя ўгоддзі і быў фінансава пакараны. Зараз разглядаецца магчымасць уладкаваць пляцоўку для часовага захоўвання цвёрдых бытавых адходаў адразу для двух сельскіх саветаў — Турэцкага і Ярэміцкага.

Па словах Сяргея Васільевіча, ёсць у сельсавеце некалькі зваротаў ад жыхароў Турца, якія датычацца праблемы водазабеспячэння. Па выхадных у сувязі з павелічэннем разбору вады ў кватэрах некаторых жыхароў яна папросту знікае. Спецыялісты тлумачаць гэта тым, што свідравіна не можа забяспечыць неабходную колькасць вады.

— Спадзяёмся, што наш аграгарадок будзе ўключаны ў дзяржаўную праграму “Чыстая вада”, якая дапаможа зняць гэтую праблему, і людзі забудуць пра набалелае, — гаворыць старшыня сельсавета.

Асаблівы клопат — пустуючыя дамы, якія псуюць знешні выгляд вёскі ды і на людзей уздзейнічаюць гнятліва. Сёння на тэрыторыі Турэцкага сельсавета 218 неўнаследаваных дамоў, яшчэ 90 маюць спадчыннікаў, якія па нейкіх прычынах не даглядаюць бацькоўскія гнёзды. Сяргей Васільевіч гаворыць, што за 2 гады 8 дамоў прызнаны старымі і пустуючымі і як вынік — знесены. У бягучым годзе яшчэ 3 дамы ўнесены ў рэестр пустуючых. Вядома, куды прыемней глядзець на тое, калі вясковы домік знаходзіць свайго гаспадара і атрымлівае другое дыханне. Сёння на тэрыторыі сельсавета зарэгістравана 175 дач. Асабліва папулярнымі ў гараджан сталі Турэц, Беразавец, Крынкі, Вялікая Слабада.

Вялікая работа праведзена і на тэрыторыі вясковых могілак. У бягучым годзе ў Лыкавічах спілавана некалькі аварыйных дрэў. Асвоена амаль 2 тысячы рублёў з бюджэту сельсавета, да фінансавання гэтай патрэбнай справы далучыліся і самі вяскоўцы. У наступным годзе на чарзе вясковыя могілкі ў Рап’ёве і Крынках.

— У цэлым аварыйных дрэў у нас засталося няшмат, — гаворыць Сяргей Васільевіч. — У папярэднія гады тут добра папрацавалі. А вось абкоска тых жа могілак, пустуючых дамоў — праблема не менш актуальная, чым пагражаючыя дрэвы. Двое сезонных работнікаў у пачатку вясны часта не спраўляюцца з аб’ёмам работы. У выніку людзі наракаюць, што дзесьці засталося пустазелле або пайшлі парасткі на могілках. У гэтым годзе на старым пагосце ў Тарасавічах паспрабуем пратруціць парасткі, каб вясной людзі маглі без праблем прыйсці на магілы да сваіх родных.

Сяргей Васільевіч гаворыць, што без дапамогі дзяржаўнага прадпрыемства “Чарняхоўскі-Агра” і саміх вяскоўцаў цяжка было б падтрымліваць парадак і на месцах баявой славы. Усе разам скошваюць пустазелле, фарбуюць, садзяць кветкі. У мінулым годзе талакой зрабілі добрую справу: агарадзілі месцы пахавання загінулых у гады Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны.

І гэта не ўсе старшынёвы клопаты. Напрыклад, дарогі, адна частка з якіх абслугоўваецца дарожнай арганізацыяй, а другая не мае балансавай прыналежнасці. Так, у мінулым годзе вуліцу Паркавую ў Турцы размыла, але агульнымі намаганнямі ўдалося прывесці яе ў належны выгляд. Чакае рамонту і вуліца Новая.

— Вядома, клопатаў хапае, — гаворыць Сяргей Васільевіч, — але мы імкнёмся, каб праблемы людзей вырашаліся, каб яны ведалі, што ў сельсавеце ім дапамогуць і словам, і справай.

 

Шчаслівая, калі дзеці ўсміхаюцца

Пры сустрэчы з жыццярадаснай і гасціннай жыхаркай вёскі Вялетава, ветэранам працы, ардэнаносцам Нінай Лабоцкай, нават цяжка ўявіць, якія выпрабаванні леглі на яе долю. Аднак падчас размовы шчырая ўсмешка раптам знікала з вуснаў суразмоўцы, а вочы станавіліся вільготнымі, было зразумела, што лёс не песціў жанчыну.


Рана пайшоў з жыцця муж Мікалай, цяжка хварэлі маці і свякроў, за якімі патрэбен быў штодзённы клопат. Ды і няшчасны выпадак, калі, упаўшы з возу з саломай, Ніна Лабоцкая надоўга апынулася на бальнічным ложку, стаў сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць.

Аднак жанчына не зламалася, выстаяла, справілася з выпрабаваннямі лёсу. Як гэта ў яе атрымалася?

– Я проста не магла здацца і апусціць рукі. У мяне ж трое дзетак, сын і дзве дачкі. Іх трэба было гадаваць, дапамагаць ім, даць дарогу ў жыццё, – расказвае Ніна Лабоцкая. – Як раней на вёсцы жылі? Працавалі, нястомна працавалі з ранку да вечара. Часам і ноччу трэба было выйсці на працу. Я доўгі час звеннявой была. Памятаю, месяц свеціць, а мы з дзяўчатамі лён сцелем. Усё ж тады ўручную рабілі: рвалі лён, падымалі яго, вязалі ў снапы, сушылі, мялі, церабілі. Затым сыравіну на Карэліцкі льнозавод здавалі. Мы стараліся, не шкадавалі ні сіл, ні часу, таму і вынікі мелі добрыя: збіралі па 9 цэнтнераў ільносемені з гектара, атрымлівалі па 11 цэнтнераў ільновалакна.

З пэўнай настальгіяй успамінае Ніна Лабоцкая тую шумную і шматлюдную вёску, якой было іх Вялетава дзесяцігоддзі таму.

– Толькі ў нашай вёсцы было больш за 30 двароў. Добра памятаю, як за Нёманам сенавалі. Выйдуць усе вясковыя дзяўчаты ў белых хустках, размесцяцца на грузавой машыне, едуць і спяваюць. Весела было, душэўна. Напрацуешся, дадому прыедзеш, ні рук, ні ног не адчуваеш. А яшчэ ж хатняя гаспадарка была. Пакуль упарадкуеш усё, дык ужо і цёмна.

Аднак Ніна Лабоцкая знаходзіла час і на любімую справу, аддушыну, адпачынак для душы – рукадзелле. Вышывала і крыжыкам, і гладдзю. І сёння хату сельскай працаўніцы ўпрыгожваюць расшытыя ўзорамі навалачкі, сурвэткі, пакрывалы.

Працоўны стаж жанчыны налічвае каля  40 гадоў. Увесь час яна адпрацавала ў калгасе: хадзіла  ў паляводства, была звеннявой і цялятніцай на ферме. Нястомная праца Ніны Лабоцкай не засталася незаўважанай. Ветэран працы ўзнагароджана двума ордэнамі: 26 сакавіка 1982 года ёй уручаны ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, 17 жніўня 1988 года – ордэн Працоўнай Славы ІІ ступені.

– Прыемна, што маю працу ацанілі на дзяржаўным узроўні, – дзеліцца Ніна Лабоцкая. – Аднак для мяне, як для жанчыны, найвялікшае багацце – гэта мае трое дзяцей, сямёра ўнукаў і праўнучак. Я радуюся іх поспехам і шчаслівая, калі бачу ўсмешкі на іх вуснах.

 

Менш слоў, больш справы

Трактарыст-машыніст КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Аляксандр Гурскі належыць да той кагорты людзей, якія не любяць доўгіх інтэрв’ю і расказаў аб сабе. “Менш слоў, больш справы” – своеасаблівы дэвіз і формула жыцця  сельскага працаўніка, імя якога значыцца амаль у кожнай зводцы перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці.

Аляксандр Гурскі – карэнны жыхар, радкі біяграфіі якога звязаны з Карэліччынай. Нарадзіўся ён у Турцы, скончыў дзевяць класаў мясцовай школы. Затым паступіў у Карэліцкае прафтэхвучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць кранаўшчыка.

Пасля службы ў арміі Аляксандр, як і кожны юнак, стаяў на раздарожжы: з якой сферай працоўнай дзейнасці звязаць сваё жыццё? Паехаў у Мінск, некаторы час працаваў на сталічным мотавелазаводзе. Аднак вялікі горад здаўся чужым вясковаму хлопцу. Таму Аляксандр Гурскі вярнуўся на малую радзіму, прыйшоў на працу ў мясцовы калгас у якасці трактарыста-машыніста. Любоў да тэхнікі механізатар адчуў яшчэ ў дзяцінстве. Бацька Уладзімір Іванавіч усё жыццё адпрацаваў і зараз працягвае працаваць вадзіцелем у гаспадарцы. Па словах механізатара, у маленстве ён штодзень прыбягаў на мехмайстэрні да бацькі з надзеяй пакатацца ў кабіне грузавой машыны.

– Як прыйшоў у гаспадарку, так і працую трактарыстам-машыністам. Сваёй прафесіі ніколі не здраджваў. Ужо каля 15 гадоў будзе, – адзначае Аляксандр Гурскі. – У сельскай гаспадарцы, вядома, на кожную пару ёсць свая работа: вясной ару і сею, усё лета на касавіцы заняты, восенню ізноў на пасяўной шчырую. Працуем з ранку да вечара. Пра выхадныя ў гарачую пару  і не думаем. Які ж адпачынак, калі хлеб трэба сеяць альбо самы разгар нарыхтоўкі кармоў? Зімой крыху паспакайней, але таксама работа заўсёды знойдзецца – вывожу арганіку, чышчу снег.

Механізатар гаспадаркі прызнаецца, што яму пашанцавала працаваць у добразычлівым калектыве, дзе кожны гатовы прыйсці на выручку, а таксама ў падпарадкаванні граматнага кіраўніцтва, якое заўсёды прыслухоўваецца да пажаданняў працаўнікоў.

На роднай Карэліччыне Аляксандр Гурскі рэалізаваўся не толькі як старанны працаўнік, але і клапатлівы сем’янін. Жонка Таццяна працуе галоўным эканамістам у сельгаспрадпрыемстве, дачка Вікторыя – другакласніца, Дзіяна – студэнтка. А вось малодшы сын Канстанцін, выхаванец дзіцячага садка, так і наровіць праехацца ў кабіне велізарнага трактара. Якраз як сам Аляксандр Гурскі ў дзяцінстве.

 

Нават каханне сустрэла дзякуючы кветкам

Антаніна Волчак жыве ў вёсцы Крынкі. 50 гадоў яна жыла ў Мінску, працавала на электра-тэхнічным заводзе імя Казлова, прайшла шлях ад ніжэйшай пасады да інжынера, а потым пераехала ў дом бацькоў, дзе пасадзіла свой незвычайны сад. Кожныя выхадныя Антаніна прыязджала да бацькоў, каб дапамагчы па гаспадарцы і заняцца любімай справай. Зараз у яе садзе налічваецца больш за 200 гатункаў кветак.

– Кветкі – сэнс майго жыцця, мая слабасць. Калі ўстанеш не з той нагі, бурчыш сабе пад нос што-небудзь, а потым глянеш на кветкі свае – і зараз усміхаешся, і жыць хочацца, і працаваць у садзе. Нават на працы мяне заўсёды прасілі дапамагчы з кветкамі, казалі, што пасля мяне яны лепей растуць, – расказвае Антаніна Іванаўна. – Прыйдзе хто-небудзь да нас у кабінет, заўсёды здзіўляецца, як многа ў нас розных раслін, які дзіўны пах стаіць. Калі з мужам былі маладыя, сустракацца пачыналі, ён заўсёды прыходзіў з кветкамі, тады ён мяне гэтым скарыў. Нават і цяпер, на кожнае свята прыходзіць да дому з букетам для мяне, нягледзячы на тое, што дома заўсёды яны ёсць. Кожная кветачка, кожны бутон розныя, возьмеш у рукі і не налюбуешся, такая гэта прыгажосць. Але самыя мае любімыя кветкі – гэта хрызантэмы, яны ў мяне ассацыіруюцца з маладосцю і маім днём нараджэння.

Садам жанчына займаецца не адна, муж дапамагае ў тэхнічным плане, родная сястра працуе побач, нявестка робіць шмат крапатлівай працы, прывозіць новыя незвычайныя гатункі кветак. Нават унукі прыязджаюць, каб дапамагчы прапалоць ці паліць кветкі. У смелых планах Антаніны набыць дзіўны гатунак ствалавой ружы і зрабіць вялікі ружоўнік. Сярод буйства фарбаў у садзе маюць сваё месца і чырвонакніжнікі-ландышы. Кветкі ў гэтым незвычайным садзе растуць ад самай ранняй вясны, калі сыходзіць першы снег і прабіваюцца на свет першыя бутоны марозніка, і да самай глубокай восені. Некаторыя кветкі летам растуць у садзе, на зіму “перабіраюцца” ў дом. Жанчына ўпэўнена, што няма простых ці непрыхожых раслін, усе яны ўнікальныя, незвычайныя, не трэба гнацца за прыгажосцю па ўсяму свеце, яе можна знайсці і вырасціць на сваёй Радзіме.

 

Шчаслівы той дом, дзе звіняць дзіцячыя галасы

На падворку сям’і Мяльгуй з невялікай вёсачкі Вялікая Слабада заўсёды віруе жыццё, і нічога дзіўнага ў гэтым няма. У Алены і Дзмітрыя чацвёра дзяцей і ўсе — няўрымслівыя дзяўчынкі. 18-гадовая Юлія ўжо студэнтка, асвойвае азы прафесіі бухгалтара ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы. Альбіна — шасцікласніца, двайняшкам Ульяне і Уладзіславе ідзе пяты год. Да таго ж, як кажуць самі шматдзетныя бацькі, іх дом часта ператвараецца ў сапраўдны дзіцячы садок. Мясцовая малеча прыходзіць сюды, каб пагуляць, паскакаць на батуце ці пакатацца на дзіцячай тэхніцы, якую бацькі купляюць для сваіх дзяўчат.


Алена з усмешкай сустракае мяне каля веснічак, запрашае прысесці на лаўку.

— У нас зараз будоўля ідзе, расшыраемся, — расказвае шматдзетная мама. — Гэты дом мы купілі амаль 15 гадоў таму “за кабанчыка”. Вырасцілі жывёліну, прадалі, а за выручаныя грошы набылі гэтую будыніну. Але калі з’явіліся малодшыя дзяўчаткі, зразумелі: стала цесна. Вось і вырашылі браць крэдыт і расшырацца.

Умовамі крэдытавання шматдзетныя бацькі задаволены: усю пазыку “гасіць” дзяржава, ад якой яны, лічы, атрымалі яшчэ адзін дом ды яшчэ з рамонтам. А вось сямейны капітал пакуль чакае свайго часу, ёсць планы патраціць яго на вучобу старэйшай дачкі, якая марыць пра вышэйшую адукацыю.

Алена і Дзмітрый працуюць у мясцовым сельгаскааператыве “Чарняхоўскі-Агра”. Як і большасць маладых вяскоўцаў, трымаюць немалую гаспадарку: дзвюх кароў, бычкоў. Ёсць свая садавіна і агародніна, дамашнія яйкі. Дзмітрый — на ўсе рукі  майстар, кажа, што маючы галаву на плячах ды не ленячыся, у вёсцы можна добра жыць. Увогуле, як сапраўдны мужчына, ён не шматслоўны, кажа, што дзеці — гэта шчасце і сэнс жыцця, а інакш і жыць навошта.

Заўважаю ў Алены сучасны акуратны манікюр і пытаюся: як усё паспяваць і ці хапае часу на сябе, любімую?

— Чым больш спраў, тым больш паспяваеш, — усміхаецца Алена. — Устаю я рана, у 5.30. Даю кароў, а потым буджу мужа. Далей у хляве завіхаецца ён. Гатую сняданак, дапамагаю дзецям сабрацца і праводжу іх на школьны аўтобус. Сярэдняя Альбіна цудоўна з малодшымі дапамагае. Ды і двайняшкі паміж сабой добра гуляюць, ім кампанія бацькоў не патрэбна. Часу на сябе, канешне, не вельмі шмат, але да майстра па манікюру хаджу рэгулярна. І толькі вечарам, калі ўжо ўсе спяць, магу маску на твар накласці. Дзяўчаткі павінны бачыць сваю маму прыгожай.

Але галоўнае, лічыць Алена, — чуць і разумець сваіх дзяцей.

— Я кожны дзень у кожнай з дачок пытаюся, як справы, што адбылося за дзень. Гэта вельмі важна, бо дзіцячыя праблемы толькі на першы погляд здаюцца дробнымі. Нават зламаная цацка можа стаць сапраўднай трагедыяй. Я сёння бачу, што многія маладыя мамы шмат часу бавяць са смартфонамі і нават даюць такіх электронных “нянек” сваім дзецям. Замест гэтага лепш расказаць малому казку або пагаварыць пра тое, што бачыце на прагулцы. Трэба цаніць кожную хвіліну, якую праводзіш са сваімі дзецьмі, бо яны так хутка вырастаюць.

 

Матэрыялы падрыхтавалі Іна ЛЕЙКА, Аксана ЯНУШ, Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота аўтараў