Свитязянская корова по кличке Акация завоевала диплом II степени в конкурсе «Лучшая племенная корова молочной породы»

З 29 верасня па 4 кастрычніка бягучага года ў Мінску прайшла 30-я Міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра-2020” – традыцыйны штогадовы форум работнікаў сельскай гаспадаркі, які збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў, але і іх замежных калег і партнёраў. Гледачамі, а таксама непасрэднымі ўдзельнікамі масштабнай падзеі сталі карэліччане, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі пасля наведвання ”Белагра-2020”.

Анатолій КОРШУН, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама:

– Штогод імкнуся наведаць Міжнародную спецыялізаваную выставу “Белагра”, якая сёлета стала юбілейнай – 30-й па ліку. У бягучым годзе ў сувязі з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй тэрміны правядзення аграрнага форума значна змясціліся, з пачатку чэрвеня на канец верасня. Да таго ж выстава не была такой масштабнай, як ў мінулыя гады. Некаторыя замежныя краіны скарацілі колькасць удзельнікаў. У той жа час у розных аспектах сельскай і народнай гаспадарак вельмі актыўна праявілі сябе прадстаўнікі з Расіі і Венгрыі. У цэлым арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі для гледачоў шэраг сюрпрызаў, цікавых навінак і апошніх дасягненняў у галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі.

Падчас выставы цікава было пазнаёміцца з навінкамі сельскагаспадарчай тэхнікі, якая была прадстаўлена буйнейшымі айчыннымі вытворцамі – ААТ “Гомсельмаш”, “МТЗ”, “МАЗ”, прадпрыемствамі “Белаграсэрвіс”, “Амкадор”. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе вельмі шырока былі прадстаўлены шыроказахопныя глебаапрацоўчыя, а таксама пасяўныя агрэгаты, якія дазваляюць амаль адначасова, не губляючы вільгаці з глебы,  падрыхтаваць палі і закласці будучы ўраджай.

Прыемна адзначыць, што шэраг айчынных кампаній прапаноўваюць тэхніку для тэхналагічнага прыгатавання і раздачы кармоў. Гэта могуць быць аналагі замежных адзінак, але важна тое, что беларускія вытворцы імкнуцца ісці ў нагу з часам, адпавядаючы сусветным запытам.

Асноўная задача міжнароднай выставы “Белагра” – прадэманстраваць лепшыя дасягненні ў галіне сельскай гаспадаркі. Жывёлагадоўчай галіне Карэліччыне таксама ёсць, што паказаць. Так, сёлета ў выставе прыняло ўдзел КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, які прадставіў на суд гледачоў элітных свіней мяснога накірунку пароды “Ландрас”. Да таго ж высокіх вынікаў у адным з конкурсаў “Белагра-2020” дасягнуў СВК “Свіцязянка-2003”.

Уладзімір МЯНЬКОЎСКІ, ветурач МТК “Райца-2”, Кірыл Яўцееў, тэхнік-асемянатар:

– У мінулым годзе мы ўпершыню прынялі ўдзел у традыцыйным конкурсе “Лепшая племянная карова малочнай пароды”. Карова галштынскай пароды па мянушцы Ластаўка заняла трэцяе месца сярод кароў другой лактацыі. Сёлета ў нас быў пэўны вопыт і мы змаглі палепшыць папярэдні вынік, вярнуўшыся з конкурсу з кубкам і дыпломам II ступені.

Сёлета на конкурсе нашу гаспадарку прадставіла карова па мянушцы Акацыя. У якасці прэтэндэнтак на ўдзел раглядаліся іншыя рагулі. Аднак менавіта Акацыя падышла па ўсіх параметрах і адпавядала крытэрыям, якія ацэньваліся кампетэнтным журы: знешні выгляд жывёлы, яе фізіялагічнае развіццё, прадуктыўнасць і інш. Што датычыцца апошняй характарыстыкі, то тут Акацыя знаходзіцца на вышыні, даючы штодзень 44-45 кг малака. Усяго ж да ўвагі прымаліся 18 крытэрыяў, па кожнаму з якіх выстаўляліся пэўныя балы.

Рыхтавацца да конкурсу пачалі дзесьці за два тыдні. Мы ўжо ведалі аб тым, на якія моманты неабходна звярнуць пільную ўвагу. Над імі і працавалі. Зразумела, няпроста прывучыць жывёлу ісці побач з высока паднятай галавой. Аднак падчас дэфіле па манежу непасрэдна на конкурсе Акацыя паказала сябе на выдатна. Безумоўна, удзел у конкурсе для жывёлы стаў сапраўдным стрэсам. Уяўляеце, колькі там было гледачоў, як шумна ад гучнай музыкі.

Для нас удзел у конкурсе быў хвалюючым, але вельмі цікавым і пазнавальным. Зразумела, падобныя конкурсы – гэта выдатны абмен вопытам, выключная магчымасць сябе паказаць і на іншых паглядзець. У бягучым годзе нам давялося паспаборнічаць з флагманам племянной жывёлагадоўлі Міншчыны – СВК “Агракамбінат “Сноў”. Мы набылі бясцэнны вопыт, які абавязкова выкарыстаем у наступным годзе на “Белагра-2021”.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара