«Труд как главное условие перемен». Председатель райисполкома Геннадий Шатуев встретился с коллективом РУП ЖКХ

На сустрэчы з калектывам Карэліцкага РУП ЖКГ старшыня раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў высока ацаніў узровень адукацыі, якую атрымліваюць юныя карэліччане, а таксама падрабязна спыніўся на ўраджайных выніках бягучага года.

– Праз прызму падзей, якія адбываюцца ў Беларусі, на многія рэчы мы пачынаем глядзець па-новаму, заўважаць і цаніць тое, што раней успрымалася як належнае, – пачаў размову кіраўнік раёна. – Многія сёння сцвярджаюць, што хочуць зменаў. Але каб яны адбыліся, трэба працаваць. Для гэтага ў краіне створаны ўсе ўмовы. Да таго ж у краіне выдатныя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі.

Тоё ж датычыцца і Карэліцкага раёна, упраўленне адукацыі якога ўзнагароджана Падзячным пісьмом Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў намінацыі “За шматгадовае супрацоўніцтва і партнёрства”.

Вось і канкрэтны прыклад высокага ўзроўню адукацыі ў раёне: у бягучым годзе 75% выпускнікоў СШ №1 г.п. Карэлічы сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. 80% з іх навучаюцца на бюджэтнай аснове. Нельга не сказаць пра сферу аховы здароўя краіны. Не сакрэт, што ў Беларусь едуць з-за мяжы, каб атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Пра гэта мы таксама не павінны забываць.

Улічваючы тое, што Карэліцкі раён з’яўляецца сельскагаспадарчым, Генадзій Шатуеў падрабязна спыніўся на развіцці раслінаводчай і жывёлагадоўчай галін. Па словах кіраўніка раёна, па асобных пазіцыях Карэліччына займае лідзіруючыя пазіцыі на Гродзеншчыне. Напрыклад, па тэмпах сяўбы азімых зерневых культур, якая знаходзіцца на фінішнай прамой. У раёне ўжо засеяна 93% плошчаў, альбо 11791 га. Высокія паказчыкі дасягнуты падчас корманарыхтоўчай кампаніі. На сённяшні дзень аграрыямі раёна назапашана 27,5 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Выдатных поспехаў у сёлетняй корманарыхтоўцы дасягнуў КСУП “Цырын-Агра”. 39,2 кармавых адзінак, якія назапашаны ў гаспадарцы, – другі паказчык у вобласці.

Зразумела, не ўсё так гладка, як здаецца на першы погляд. Калі гаварыць пра ўборку цукровых буракоў, то аграрыі раёна ўжо адчуваюць недабор ураджаю. На сённяшні дзень ураджайнасць складае 438 ц/га ў параўнанні з леташняй у 523 ц/га. Ёсць пэўныя пытанні і ў якасці закладваемага сіласу. Справа ў тым, што сёлета кукурузныя пачаткі не сфарміраваліся ў поўнай ступені. А гэта значыць яны не назапасілі неабходную колькасць крухмалу, што можа сказацца на якасці корму і вытворчасці малака.

У цэлым за бягучы перыяд рост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі склаў 106%, свініны – 114%. Паспяхова развіваецца прыватнае прадпрыемства, філіял “Біямакс-Карэлічы”, кіраўніцтва якога сёння актыўна займаецца пытаннем адкрыцця ў райцэнтры гандлёвай кропкі, дзе б жыхары і госці раёна змаглі набыць якасную астуджаную свініну.

Аксана ЯНУШ