В День пожилых людей в ЦСОН Кореличского района прошло торжественное мероприятие (+видео)

З нагоды Дня пажылых людзей у ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» адбылося іх ушаноўванне.
Адкрыла сустрэчу загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян састарэлага ўзросту ўстановы Вольга Жук.

У сваёй прамове член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока, звяртаючыся да прысутных у зале, выказала ўдзячнасць людзям залатога ўзросту за іх працу і выхаванне маладога пакалення, пажадала ім моцнага здароўя і быць актыўнымі ў жыцці.

Дзень пажылых людзей дырэктар Цэнтра Інэса Семібратава назвала светлым і добрым святам, бо прадстаўнікі старэйшага пакалення заслугоўваюць увагі і павагі. Расказаўшы пра праграму «Актыўнае даўгалецце», яна адзначыла актыўнаць пенсіянераў і пажадала працягваць у гэтым жа накірунку. Разам з тым паведала пра тыя захады, якія робяцца ў Цэнтры для задавальнення іх інтарэсаў і запытаў.
На свята завіталі госці з суседняга Навагрудскага раёна — артысты Пятрывіцкага сельскага Дома культуры. Трэба было чуць і бачыць з якім запалам яны спявалі песні, чыталі вершы! Колькі ў іх было жадання падарыць прысутным у зале радасць! Нумары мастацкай самадзейнасці суправаджаліся ў зале гучнымі апладысментамі.

 

 

Інспектар Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Зюзо падзякаваў пенсіянерам за пражытае жыццё і добрасумленную працу. Заклікаў не забываць аб бяспецы і ўручыў памяткі.

 

Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі г.п. Карэлічы, удзельніца клуба «Задушевный разговор» пры ЦСАН Карэліцкага раёна Валянціна Марцюшава адзначыла: «Мы ў поўным захапленні ад сустрэчы і выступлення артыстаў Пятрывіцкага сельскага Дома культуры Навагрудскага раёна. Задаволены і работай Цэнтра, з задавальненнем ходзім сюды. Сёння атрымалі зарад энергіі, пазітыву, добрага настрою».

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА