Аграрии КСУП «Племзавод Кореличи» завершают уборку сахарной свеклы, проводят зяблевую вспашку

З надыходам апошняга месяца восені працы на палях раёна, безумоўна, становіцца значна менш. На сённяшні дзень асноўная задача аграрыяў – давесці да завяршальнай кропкі ўсе распачатыя палявыя работы і падрыхтаваць глебу да зімовага адпачынку. Гэтым і займаюцца працаўнікі КСУП “Племзавод Карэлічы”.

– З уборкай кукурузы ўжо справіліся: 220 га царыцы палёў здрабнілі на сілас, 80 га абмалацілі на зерне, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Раман Шэўка. – Працягваем убіраць цукровыя буракі, цукрыстасць якіх апошнім часам павысілася і складае прыкладна 17%. Нам засталося выкапаць 54 га. На сённяшні дзень ураджайнасць складае 520 ц/га, якая магла быць і большай. Аднак заўсёды знойдзецца “але”. Так, сёлета для росту цукровых буракоў былі складаныя ўмовы.

Шчыра кажучы, у пачатку лета былі выдатныя віды на ўраджай салодкай культуры. Але потым здарылася працяглая засуха, пасля якой пайшлі ліўневыя дажджы. Як вынік, склаліся спрыяльныя ўмовы для развіцця цэркаспарозу – патагеннага захворвання цукровых буракоў. Зараз мы, як і іншыя гаспадаркі раёна, сутыкнуліся з праблемай вывазкі караняплодаў на перапрацоўку. Гарадзейскі цукровы камбінат працуе не на поўную загрузку і не можа прыняць усю сыравіну, якая знаходзіцца ў буртах. А гэта 1515 тон. Зразумела, балюча глядзець, калі вырашчаны ўраджай псуецца на полі.

На палях КСУП “Племзавод Карэлічы” актыўна вядзецца зяблевая апрацоўка глебы, якая, па словах галоўнага агранома, мае шэраг пераваг. Па-першае, у глебе застаюцца раслінныя рэшткі, якія яе ўгнойваюць. Да таго ж восеньскае ворыва спрыяе мінералізацыі глебы, гібелі пустазелля і эканоміі часу вясной, калі работы на палях больш чым дастаткова.

Немалаважным відам сельскагаспадарчых работ з’яўляецца ўнясенне арганікі, якая павышае ўтрыманне перагною ў глебе і спрыяе высокім ураджаям. На сённяшні дзень аграрыямі племзавода нарыхтавана крыху больш за 14 тысяч тон арганічных угнаенняў, з якіх 13,1 тысячы тон вывезена на палі. Унесена пад яравую сяўбу 12,2 тысячы тон.

 

Аксана ЯНУШ