Альтернативные ёлки и ёлки-трансформеры. Чем удивит Мирский колледж жюри конкурса «Техноёлка» в этом году?

Калі ў чарговы раз на адрас нашага каледжа  прыйшлі ўмовы правядзення абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Тэхнаёлка”, то  першае пытанне, якое адразу міжволі ўзнікла: чым жа цяпер здзівяць журы конкурсу нашыя навучэнцы і педагогі?  Варта адзначыць,  што  гэты конкукрс дае вельмі шырокі прастор для творчай актыўнасці ўдзельнікаў: намінацыі “Дызайн- Ёлка”, “МультымедыяЁлка”, “Хайтэк-Ёлка”, “РэтраЁлка”, “Альтэрнатыўная ёлка”, “Ёлка-трансформер”,  ”Навагодні сувенір”, “Калядная кампазіцыя”, “Святочныя ўпрыгожванні”, “Сімвал года”. Тут у пару і разгубіцца ад такога багацця напрамкаў! Але нашыя майстры-мастакі  заўсёды зацікаўленыя ў тым, каб  “ажывіць”  кожную намінацыю,  зрабіць  так, каб  калядны настрой адчуваўся як мага  выразней  і рыхтаваў бы кожнага да светлых святаў  Раства і Новага году.

Так і ў гэты раз  творчыя каманды навучальных груп рупліва ўзяліся за справу, бо ў  кароткі конкурсны тэрмін трэба паспець  не толькі  сфарміраваць саму ідэю конкурснай работы, але і  матэрыялізаваць яе ў святочным вырабе.

Таму і выявы сімвалу наступнага 2021 года, Быка,  такія разнастайныя і характарныя, а  самі ёлкі  і  святочныя ўпрыгожванні ствараюць выразныя  святочныя кампазіцыі. Удзельнікі стараюцца  на славу і не ўзнікае аніякага сумнення, што святочныя вырабы змогуць здзівіць  нават  самых  спрактыкаваных знаўцаў.

І калі прыходзіць час, каб сабраць работы для адпраўкі ў Гродзенскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці, то вызначыць лепшыя з іх амаль немагчыма! А гэта і ёсць, мабыць, найлепшая адзнака творчай дзейнасці мастакоў, бо кожная, нават самая дробная кропелька свята,  валодае чароўнай сілай  святочнага настрою, што нясе людзям надзею,  веру ў найлепшае,  імкненне зрабіць навакольны свет яркім і прывабным, поўным любові да блізкіх!

І нягледзячы на тое,  што за акном  ваўсю гаспадарыць восень, конкурсныя работы ззяюць сапраўдным святлом  каляднага настрою!

Канстанцін ПЕТРЫМАН, намеснік дырэктара Мірскага дзяржаўнага прафтэхкаледжа