Большой Чижиновский камень — место для любителей тайн и легенд

Мяркую, у кожнага бывае так: здаецца, нічога не атрымліваецца, справы так сабе, натхнення не прыносяць, задавальненння — таксама, усё абрыдзела, усё не так, і ўвогуле жыццё не задалося. Усё, з мяне хопіць! Трэба ўсе кідаць, куды-небудзь падацца і пачаць жыццё нанава! З гэтымі думкамі і заснеш. А на золку прачнешся, удыхнеш свежага роднага паветра — і, можа, нават не ўспомніш учарашніх дурных думак. Нездарма народ кажа: “Раніца за вечар мудрэйшая”. Дарэчы пра народны фальклор і таямніцы роднага Карэліцкага краю і пойдзе сёння гаворка.

Зусім нядаўна падчас падарожжа па яшчэ невядомых месцах (наведвала гідралагічны заказнік “Міранка”, пра які абавязкова пойдзе гаворка, толькі пазней) адбылася мая сустрэча з помнікам прыроды – Вялікім Чыжыноўскім каменем. Гэтая глыба вагой каля 17 тон, мабыць, Ледніковага перыяду, знаходзіцца ў полі праз дарогу ад вёскі Чыжыноўцы Турэцкага сельсавета. Мала людзей пра яго ведае, а хто і ведаў — ужо не ўспамінае. А камень гэты захоўвае легенду, якую расказала мясцовая пажылая жыхарка.

У пасляваенны час людзі аднаўлялі гаспадарку, адбудоўвалі дамы, разбураныя вайной. так адбывалася і ў Чыжыноўцах. Зусім недалёка ад вёскі знаходзіўся мелавы кар’ер, адкуль мясцовыя жыхары ўночы цішком цягалі мел для ўласнай будоўлі (кар’ер той і сёння ёсць, толькі зарос, ды і мелу ў прамысловай колькасці болей няма). На шляху ляжаў вялізарны камень. Цягнуць жанчыны мел, стомяцца, а як прытуляцца на хвіліну да камня, каб адпачыць, то нейкім чароўным чынам аднекуль з’яўляюцца сілы: хоць да раніцы цягай. Так вось і будаваліся.

Аднаго разу мясцовы жыхар вырашыў узарваць камень, каб кавалкі скарыстаць пад фундамент. Паклаў зарад, ірвануў. камень разламаўся на тры кавалкі, але ў чалавека ў тую хвіліну прапаў зрок. Так і пражыў ён сляпцом, хоць і вазілі па дактарах, куды толькі можна. Можа і сапраўды сіла была ў гэтым волаце. Можа, і сёння ёсць? Праверце самі.

Нэллі МАІСЕЕНКА,

галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама