Директор СШ г.п. Мир Татьяна Шаплыко: «Самый лучший руководитель тот, у кого хватит здравого смысла, чтобы подобрать нужных людей, и достаточно сдержанности, чтобы на это время не вмешиваться в их дела»

Дырэктар ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» Таццяна Ільінічна Шаплыка лічыць, што яе асабістая роля ў кіраванні зводзіцца да таго, каб знайсці патрэбнага, актыўнага, матываванага, ініцыятыўнага выканаўцу, правільна даць яму даручэнне, пабудаваць адэкватную лінію кантролю — і ўсё. Яе крэда: «Самы лепшы кіраўнік той, у каго хопіць здаровага сэнсу, каб падабраць патрэбных людзей, і дастаткова стрыманасці, каб на гэты час не ўмешвацца ў іх справы».

Мірская сярэдняя школа і яе кіраўнік заўсёды на слыху. Бадай, ці знойдзецца на Карэліччыне чалавек, які не чуў пра гэтую навучальную ўстанову. Пра яе пішуць у перыядычным друку, адзначаюць на розных нарадах, а вучні з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў. Прыязджаць у школу ў творчыя камандзіроўкі і гутарыць з яе настаўнікамі і вучнямі заўсёды прыемна.

У чым жа сакрэт поспеху? Таццяна Ільінічна мяркуе, што быць дырэктарам вельмі цікава і лёгка, бо працаваць з дзецьмі — гэта самая высакародная і ўдзячная місія.
Што ж кіруе ёю? Любоў да родных мясцін, бо нарадзілася на мірскай зямлі і закончыла мясцовую школу? Імкненне ісці ў нагу з часам, бо працуе настаўнікам інфарматыкі ў школе? Ці вялікае жаданне бачыць дзяўчынак і хлопчыкаў адукаванымі і шчаслівымі? Найхутчэй, усё разам, бо сённяшняя школа — гэта трывалыя веды, клопат пра здароўе, моцная матэрыяльная база — усё, што дапамагае ў вучні сфарміраваць асобу.

У Мірскай сярэдняй школе выхоўваюць сапраўдных патрыётаў. У яе сценах гучыць родная мова, функцыянуюць гісторыка-краязнаўчы музей і музей нашага земляка Ігнація Дамейкі. Вучні ўдзельнічаюць у конкурсах і становяцца іх пераможцамі. А яшчэ тут вучаць любіць кнігу і спорт, шанаваць спадчыну і свае карані, паважаць старэйшых і берагчы навакольнае асяроддзе — усё робяць для таго, каб яе выпускнікі маглі ў будучым людзьмі звацца.

Разам з тым у школе праяўляецца клопат пра ўмовы вучобы вучняў і працы настаўнікаў. Ва ўсіх вучэбных кабінетах і памяшканнях школы ўстаноўлена мэбля сучаснага дызайну, якая адпавядае ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў. У 2017-2019 гадах праведзена перааснашчэнне кабінетаў фізікі і хіміі, устаноўлены 3 інтэрактыўныя дошкі, 3 мультыборды. У 2018-2019 гадах праведзена добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі і рамонт бегавой дарожкі за кошт бюджэтных сродкаў.

…Жыць на мірскай зямлі — вялікае шчасце. Мірскі замак навявае даўніной, у старажытны пасёлак едуць турысты, тут праводзяцца канферэнцыі і творчыя сустрэчы. Абавязкова знойдзецца той, хто завітае і ў мясцовую школу. Яе дырэктару Таццяне Ільінічне Шаплыка ёсць што паказаць і расказаць, бо родная школа — яе гонар.

Галіна СМАЛЯНКА