Елена Хиневич из г.п. Мир вспоминает годы педагогической деятельности

Амаль 40 гадоў прысвяціла педагогіцы Алена Уладзіміраўна ХІНЕВІЧ з г. п. Мір. На заслужаным адпачынку яна ўспамінае тыя далёкія гады і разважае аб ролі настаўніка.

— Алена Уладзіміраўна, што асабліва Вам запомнілася?

— Педагагічны калектыў у першыя гады працы быў вялікім. Шмат было сярод настаўнікаў сямейных пар. Існавалі паралельныя класы. У тыя гады ў Міры быў дзіцячы дом, і класы папаўняліся яго выхаванцамі, у адным з іх налічвалася 42 вучні.

— Якую мэту Вы перад сабой ставілі?

— Прыйшоўшы ў гэты калектыў, я зразумела: навучыць чытаць, пісаць, лічыць трэба кожнага. У школе было шмат вопытных настаўнікаў, у якіх многаму вучылася. Заўсёды з асаблівай цеплынёй успамінаю завуча Канстанціна Іванавіча Слабуху, які быў прыкладам працалюбства і ўмення ладзіць з людзьмі.

— Гонар настаўніка — яго вучні. Кім Вы ганарыцеся асабліва?

— Сённяшні дырэктар Мірскай сярэдняй школы Таццяна Ільінічна Шаплыка — мая вучаніца. Я ганаруся сённяшнімі дасягненнямі школы і яе вучняў. У школе настаўнікам матэматыкі працуе мая нявестка Іна Васільеўна Хіневіч, якая расказвае пра школьныя справы.

Тэхніка зараз развіта, і я таксама без камп’ютара не магу абысціся ніводнага дня. Можна атрымаць інфармацыю па ўсіх накірунках, у тым ліку і ў галіне адукацыі.

— Што Вы лічыце галоўным у працы педагога?

— Любоў да дзяцей — самае галоўнае. Прыемна бачыць, як яны падрастаюць і становяцца дарослымі. А таксама праца і настойлівасць. Трэба было спланаваць урок так, каб удзяліць максімум увагі кожнаму вучню. Шмат увагі ўдзяляла і наладжванню адносін з бацькамі. Заўсёды памятала аб тым, што разам робім агульную справу — выхоўваем дастойных грамадзян краіны.

— А што асабліва радуе душу?

— Сённяшняя школа — мноства тэхналогій, якімі валодаюць усе настаўнікі і ідуць у нагу з часам, дорачы свае веды вучням. Асабліва радуе душу тое, што сын Уладзімір выбраў таксама настаўніцкі шлях — працуе выкладчыкам інфарматыкі ў Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы. Дачка Ларыса — урач у адным з дыягнастычных цэнтраў сталіцы. Ва ўсе часы гэтыя прафесіі былі паважанымі і запатрабаванымі ў грамадстве — значыць мае старанні як настаўніка і як маці аказаліся недарэмнымі.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ