Галіна Калтунова: «Дабрыня нацыянальнасці не мае»

Светам кіруе дабрыня. Жыццё не раз даказвае праўдзівасць гэтых слоў, падносячы нам на лёсавай дарозе павучальныя эпізоды, якія дапамагаюць пагадзіцца з мудрым выказваннем Сімеона Афонскага, асабліва актуальным у сённяшні трывожны час: «Прывыкаеш рабіць дурное — прападзеш; прывыкаеш рабіць добрае — выратуешся. Душу грэюць не дровы і запалкі, а добрыя справы і звычкі…»

Аднойчы давялося ехаць па справах у г. Мінск рэйсавым аўтобусам. Сярод нешматлікіх пасажыраў кінулася ў вочы немаладая вясковая жанчына ў беласнежнай хусцінцы. Яна заняла месца на першым сядзенні, паставіўшы дзве, відаць, нялёгкія сумкі сабе пад ногі. Засяроджаны твар выдаваў унутраную трывогу. Пасажыры ціхенька размаўлялі, маладая пара, па ўсяму было бачна, маладажоны, абменьваліся ўспамінамі аб нядаўняшнім вяселлі, шчасліва смяяліся. Час у дарозе ляцеў хутка, не заўважылі, як пад’ехалі да Фаніпаля. Жанчына раптам занепакоілася, устала, падышла да кабіны вадзіцеля, мужчыны сярэдніх гадоў: «Сынок, будзь ласкавы, калі праедзеш лясок, унізе, ля дарожнага знака, на скрыжаванні, прыпыніся. Мне да Забалацця прайсці ўсяго 1,5 кіламетры, дачка там жыве. Захварэла яна, унучка трэба даглядаць. Зяць сустрэў бы, ды ў камандзіроўцы ён. Сумкі надта цяжкія, з Мінска не будзе чым дабрацца. Пашкадуй мяне, прашу цябе, я даплачу…» Шафёр злосна абарваў яе: «У мяне не ўказаны ў маршрутным лістку такі прыпынак, на аўтавакзале таксі возьмеш!» Аўтобус рухаўся далей, старая расплакалася: «Адкуль у мяне такія грошы? Гэта ж адна хвілінка, што ж мне цяпер рабіць?» Пасажыры, як па камандзе, абурыліся: «Няўжо вам цяжка, вадзіцель, пайсці насустрач чалавеку, зрабіць дабро, каб з вашай маці так паступілі? Майце сэрца, спыніцеся!». Маладажоны падышлі да жанчыны: «Не плачце. Нас сустрэне на вакзале тата. Ён будзе на машыне, мы вас завязём у Забалацце, супакойцеся». Аўтобус нечакана спыніўся, праехаўшы з кіламетр ад скрыжавання. «Выходзьце», — адкрыўшы дзверы, — буркнуў шафёр. Маладажоны падняліся таксама: «Мы выйдзем з вамі, патэлефануем тату, пакуль будзем ісці да паварота, ён пад’едзе. А сумкі паднясём, у нас сілы хопіць…» Усе трое пакінулі салон аўтобуса, у якім стала ціха-ціха. А мне ўспомніўся другі выпадак…

Незадоўга да распаду СССР апошні раз адпачывала ў Юрмале на Рыжскім узбярэжжы. Ужо тады адчуваўся халадок і скрытая непрыязнасць з боку медыцынскага і абслугоўваючага персаналу да рускамоўных адпачываючых. «Я пасябравала з цудоўнымі, цікавага лёсу, жанчынамі: Антанінай Аляксееўнай з Масквы, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, вясёлай, сімпатычнай, і з 55-гадовай Тамарай з Краснаярска. Праз 10 дзён адпачынку Тамара раптоўна захварэла, яе тэрмінова на машыне хуткай дапамогі адправілі ў бальніцу горада Рыга. Два дні мы з Антанінай Аляксееўнай спрабавалі даведацца, дзе знаходзіцца наша знаёмая. Урач сказала: «Не ведаю нічога. Шукайце, у Рызе, бальніц няшмат». Назаўтра раніцай на электрычцы дабраліся да горада, у даведачным бюро ўзялі адрасы сямі бальніц Рыгі. Колькі людзей дапамагалі нам з парадамі, як дабрацца да ўказаных бальніц! Але знайшліся і такія, на жаль, якія ўказвалі на няправільны накірунак… Аўтобусамі, трамваямі аб’ехалі амаль увесь горад. Наведалі шэсць бальніц, Тамары ў іх не аказалася… Заставалася сёмая, апошняя, як нам патлумачылі, на ўскрайку Рыгі. Дзе ўзяць сілы, каб прадоўжыць пошук? Набліжаўся вечар, яшчэ трэба дабрацца да санаторыя… Заставалася адно: наняць таксі, маючыхся ў нас грошай павінна было хапіць. І Бог паслаў нам таксіста, як аказалася пры знаёмстве, 35-гадовага Валдзіса. Знясіленыя, усхваляваныя, шчыра расказалі яму аб тым, што перажылі за дзень. «Не хвалюйцеся, — мяккім, з лёгкім акцэнтам голасам супакойваў нас мужчына, — знойдзем мы вашу Тамару, усё будзе добра». Тамара сапраўды аказалася ў гэтай бальніцы. Схуднеўшую, спалоханую, мы з цяжкасцю пазналі яе. З жахам успрынялі словы-прысуд дзяжурнага ўрача: «У вашай знаёмай дыягназавалі пухліну мозга, яе неабходна адправіць на Радзіму…».

Выйшаўшы з бальніцы, мы далі волю слязам, не маглі толкам нічога патлумачыць Валдзісу. Гэты святы чалавек чакаў нас амаль паўтары гадзіны, пакуль мы знаходзіліся ў бальніцы! Мала таго, накарміў нас гарачымі смачнымі бутэрбродамі, напаіў кавай з тэрмаса і адвёз не на чыгуначны вакзал, да электрычкі, а… ў санаторый! Пакінуў свой дамашні нумар тэлефона: «Выпішуць Тамару — тэлефануйце, я дапамагу». Колькі ні прасілі, грошай не ўзяў! «Хіба ў мяне няма сумлення? Не збяднею! Лепш памаліцеся за маю жонку, ёй днямі нараджаць, урачы апасаюцца складаных родаў. У нас падрастае дачка, чакаем сына!».

Праз пяць дзён мы з Валдзісам і сынам Тамары, прыляцеўшым з Краснаярска, забіралі жанчыну з бальніцы (яе, на жаль, праз 2 месяцы не стала). На развітанне ўпрасілі нашага выратавальніка, які ізноў адказаўся ўзяць грошы, прыняць сувеніры з Масквы, Беларусі (іх бралі з сабою на ўсякі выпадак, едучы ў здраўніцу). Ён развёў рукамі: «Дзякуй вялікі. А мяне можаце павіншаваць — сын нарадзіўся, багатыр, амаль 4 кілаграмы! Жонка нарадзіла сама, без хірургічнага ўмяшання! І даруйце, калі хто ў нас тут вас пакрыўдзіў. Розныя людзі ёсць, але, як кажа мая бабуля, дабрыня нацыянальнасці не мае».

Словы гэтыя не раз успамінаюцца і сёння, як і думка вялікага кампазітара Людвіга ван Бетховена, які казаў: «Я не ведаю другой прыкметы вялікасці, акрамя дабрыні».

Вывад жа зрабіце самі.

 

Галіна КАЛТУНОВА