«Главное — достойные зарплаты, условия жизни и труда каждого работника». Председателю СПК «Жуховичи» Дмитрию Янковскому присвоено звание «Заслуженный работник сельского хозяйства»

5 лістапада Аляксандр Лукашэнка, ушаноўваючы заслужаных дзеячаў розных сфер, уручыў дзяржаўную ўзнагароду старшыні СВК “Жухавічы” Дзмітрыю ЯНКОЎСКАМУ. Ён удастоены звання  “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”. Наўрад ці знойдзецца лепшая нагода для сустрэчы з гэтым дальнабачным і мудрым кіраўніком, які стаіць на чале жухавіцкай гаспадаркі амаль 19 гадоў.

– Дзмітрый Дзмітрыевіч, якія ўражанні ў Вас засталіся пасля наведвання сталічнага Палаца Незалежнасці, дзе прайшла цырымонія ўзнагароджвання?

– Найлепшыя. Ведаеце, калі я ўвайшоў у Палац і ўбачыў яго шыкоўныя інтэр’еры, адчуў неймаверны гонар за нашу краіну. Падчас экскурсіі прыемна было пачуць, што ўся гэтая прыгажосць створана рукамі беларускіх будаўнікоў і майстроў з матэрыялаў айчыннай вытворчасці. Зразумела, кульмінацыйным момантам сустрэчы стала цырымонія ўзнагароджвання. Безумоўна, было вельмі ганарова і адказна атрымаць з рук Прэзідэнта такую высокую ўзнагароду, якая з’яўляецца заслугай і дасягненнем усяго калектыву СВК “Жухавічы”. У цэлым жа я ніколі не задумваўся аб званнях і ўзнагародах, заўсёды імкнуўся выконваць даручаныя абавязкі шчыра і сумленна. Для мяне, як для кіраўніка гаспадаркі, галоўнае, каб кожны работнік працаваў у дастойных умовах, атрымліваў адпаведны заробак, быў забяспечаны жыллём. Менавіта таму за апошнія гады мы пабудавалі два 12-кватэрныя дамы. Як вынік – сёння маем запас жылля, якое можам прапанаваць новым работнікам гаспадаркі.

– У 1979 годзе Вы скончылі Віцебскі ветэрынарны інстытут. Чаму вырашылі вярнуцца на малую радзіму?

– У тыя часы існавала паняцце: атрымаў адукацыю – вяртайся дадому і працуй. Да таго ж Карэліцкі раён ужо тады меў высокі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі. Таму вырашыў вярнуцца на малую радзіму. Крыху папрацаваў у калгасе ў Варончы, затым прызвалі ў армію. Пасля службы паўгода адпрацаваў у гаспадарцы ў Райцы, у 1982 годзе ўладкаваўся ў калгас імя Жалезняковіча ветурачом. Гэта быў пачатак майго працоўнага шляху на жухавіцкай зямлі даўжынёй амаль у чатыры дзесяцігоддзі.

– Калі гаварыць мовай лічбаў, СВК “Жухавічы” – гэта 8953 га сельгасугоддзяў, з якіх 5229 га – ворыва, 470 працаўнікоў, каля 150 адзінак тэхнікі. Як атрымоўваецца не толькі граматна кіраваць буйнейшым сельгаскааператывам раёна, але і быць у лідарах?

– Што можа зрабіць адзін кіраўнік без падтрымкі калектыву? Амаль нічога. Таму я заўсёды лічыў, што дасягнутыя вынікі ствараюцца агульнымі намаганнямі. Мне, як кіраўніку СВК “Жухавічы”, у гэтым плане пашанцавала. У гаспадарцы склаўся зладжаны калектыў, працуюць граматныя спецыялісты і адказныя працаўнікі, кожны з якіх сумленна выконвае свае абавязкі. Зразумела, без пэўных праблем не абыходзіцца. Але яны ніколі не замоўчваюцца і своечасова вырашаюцца.

– У бягучым годзе жухавіцкія хлебаробы ўнеслі значны ўклад у прызнанне Карэліцкага раёна адным з лідараў абласнога жніва. У гаспадарцы атрыманы найвышэйшыя ўраджайнасці зерневых – 77,8 ц/га і азімага рапсу – 45,9 ц/га. У чым сакрэт жухавіцкіх аграрыяў?

– Ніякіх сакрэтаў няма. На мой погляд, адзін з асноўных складальнікаў поспеху ў раслінаводчай галіне – бесперабойная работа тэхнікі. Трэба прызнаць, што ў гаспадарцы назіраецца значны знос асобных адзінак тэхнікі. Не сакрэт, што падчас правядзення палявых работ бываюць і паломкі, і прастоі. Як вынік, зніжаюцца вытворчасць працы і заробак механізатараў. Таму сёлета вырашылі накіраваць фінансавыя сродкі на набыццё тэхнікі. З пачатку года ўжо купілі новы МАЗ з прычэпам, 2 трактары МТЗ-82, 2 прычэпы ПСС-10 для ўнясення арганікі, 2 культыватары, граблі і касілку.

– У СВК “Жухавічы” сярэднясутачны надой ад каровы складае 21,9 кг малака. Гэта другі паказчык у раёне. Дзмітрый Дзмітрыевіч, ад чаго залежаць поспехі ў жывёлагадоўлі?

– Так, жывёлаводы гаспадаркі дасягнулі пэўных поспехаў. Валавы надой малака за дзень складае 35,7 тон, таварнасць прадукцыі – 90%, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – 785 грамаў. Зразумела, спыняцца на дасягнутым не плануем, будзем павышаць паказчыкі. У першую чаргу нам неабходна звярнуць увагу на якасць рэалізуемай прадукцыі. На сённяшні дзень гатункам “экстра” здаём толькі частку малака. Адпаведна губляем фінансы.

Поўнасцю забяспечваем кармамі пагалоўе гаспадаркі. А гэта 9475 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1630 кароў. З кожным годам ставім перад сабой задачу паляпшаць якасць кармоў, за кошт чаго якасць прадукцыі і прыбытак павялічацца.

– За апошнія некалькі гадоў у аграгарадку Жухавічы быў адрамантаваны шэраг аб’ектаў. Некалькі слоў аб выкананых работах.

– У мінулым годзе дзякуючы райвыканкаму мы правялі капітальны рамонт Дома культуры, у якім адсвяткавалі раённыя “Дажынкі”. Крыху раней пасля рамонту кардынальна змянілася і аднавілася сталовая, якая, на мой погляд, з’яўляецца тварам гаспадаркі. Зараз павары гатуюць ежу ў дастойных умовах на сучасным абсталяванні. Зразумела, калі работнік смачна і сытна накормлены, то і настрой у яго будзе пазітыўны, і працаздольнасць павялічыцца.

– Праўду кажуць, што зімой селянін адпачывае?

– Не магу пагадзіцца. У сельскай гаспадарцы няма часу паслабляцца, кожная пара года мае свае асаблівасці і ставіць пэўныя задачы. Зімой удзяляем больш увагі жывёлагадоўчай галіне. Вялікі аб’ём работы кладзецца на плечы механізатараў, якім неабходна падрыхтаваць тэхніку да будучага сезона. Для іх імкнёмся стварыць дастойныя ўмовы працы ў мехмайстэрнях, забяспечыць запчасткамі.

– Дзмітрый Дзмітрыевіч, ваш працоўны дзень, напэўна, распісаны па хвілінах?

– Заўсёды планую свой працоўны дзень. Не па хвілінах, канешне. Зразумела, часам з’яўляюцца неадкладныя справы, якія ўносяць карэктывы ў працоўны графік. Аднак з раніцы абавязкова бываю ў рабочым кабінеце ў адміністратыўным будынку. Першачарговая задача – прыняць, выслухаць і па магчымасці дапамагчы ўсім, хто прыйшоў на прыём. Большую палову дня праводжу на вытворчасці. Я абсалютна давяраю спецыялістам гаспадаркі, але мне важна самому заехаць на ферму, пабываць на полі, пагаварыць з працаўнікамі.

– Падзяліцеся планамі на бліжэйшую перспектыву.

– Будзем працягваць набываць новую тэхніку, па магчымасці сваімі сіламі праводзіць рэканструкцыі існуючых жывёлагадоўчых аб’ектаў. Зразумела, хочацца пабудаваць новую малочнатаварную ферму. Наша гаспадарка стала пераможцам конкурснага адбору інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве МТФ на 640 галоў каля в. Кожава, які праводзіла ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”. Аднак пакуль мы дасканала вывучаем фінансавы бок пытання.

Што датычыцца ўраджайнасці сельгаскультур, зразумела, хацелі б захаваць тыя паказчыкі, якіх дасягнулі сёлета. Атрымаецца ці не, пакажа час.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара і БелТА