Главный врач Кореличского районного центра гигиены и эпидемиологии Александр Германюк: «Роль населения в росте и сдерживании коронавируса весьма велика»

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй з-за каранавіруса ў Карэліцкім раёне ўзмоцнены меры па недапушчэнні яго распаўсюджвання. Гэта рэгламентавана распараджэннем Карэліцкага райвыканкама ад 2 лістапада бягучага года.

У прыватнасці адзін з пунктаў распараджэння прадугледжвае абавязковае выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання (масак) для насельніцтва ў грамадскіх месцах: магазінах, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, грамадскім транспарце і г.д. У аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання павінна быць абмежавана колькасць адначасова знаходзячыхся там наведвальнікаў, якія павінны пры гэтым захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

Акрамя таго, у гандлёвых залах абавязкова павінны быць аднаразовыя пальчаткі для пакупнікоў, а таксама магчымасць набыць аднаразовыя маскі і дэзінфікуючыя сродкі. Прадаўцы павінны быць абаронены не толькі маскамі і пальчаткамі, але і экранамі з празрыстага пластыкавага матэрыялу або шчыткамі для твару.

— Сёння Карэліцкі раён знаходзіцца ў пачатку другой хвалі каранавіруснай інфекцыі, — канстатуе галоўны ўрач Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк. — Мы бачым гэта зыходзячы са статыстыкі сутачнай захворваемасці і занятасці ложкавага фонду. Пакуль колькасць хворых на COVID-19 расце, пры гэтым большасць хворых пераносяць хваробу ў лёгкай форме і лечацца дома. На сёння занята толькі 30% ложкавага фонду аддзялення Карэліцкай райбальніцы, перапрафіляванага для лячэння каранавірусных хворых.

Па словах галоўнага санітарнага ўрача, другая хваля COVID-19 выкліканая пахаладаннем, традыцыйным уздымам вострых рэспіраторных інфекцый і не ў малой ступені тым, што людзі расслабіліся за лета і перасталі насіць маскі, апрацоўваць рукі і трымаць сацыяльную дыстанцыю.

— Работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі штотыднёва праводзяць рэйды па аб’ектах гандлю і канстатуюць, што амаль 90% пакупнікоў не карыстаюцца маскамі, — гаворыць Аляксандр Германюк. — А між тым роля насельніцтва ў росце і стрымліванні COVID-19 вельмі вялікая, бо вірус вельмі кантагіёзны. Нагадаю, маска патрэбна для таго, каб чалавек з бессімптомным цячэннем каранавіруса (а такіх выпадкаў у нас шмат) не перадаваў яго іншым. Дзякуючы масцы на хворым пацыенце магчымасць інфікавання навакольных зніжаецца на 70 працэнтаў. Просім карэліччан зразумець грамадскую небяспеку і дапамагчы медыкам.

Гігіеністы трымаюць пад кантролем і тое, наколькі персанал гандлёвых кропак выконвае правілы гігіены.

— Усе работнікі сферы абслугоўвання забяспечаны сродкамі абароны яшчэ з вясны, і карыстацца імі — не проста рэкамендацыя, а абавязак, — тлумачыць Аляксандр Германюк. — На прадаўца, якія парушае гэтыя правілы, можа быць накладзены штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь. Адзначу, што двое работнікаў гандлю ўжо аштрафаваны на 5 базавых велічынь за адсутнасць масак. За паўторнае парушэнне правілаў па мінімізацыі распаўсюджвання інфекцыі на юрыдычную асобу накладзены штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Медыкі па-ранейшаму раяць часцей мыць рукі, карыстацца маскамі, трымаць дыстанцыю не менш за 1,5 метра, пазбягаць месцаў з масавым збіраннем людзей і звяртацца да ўрача пры першых сімптомах хваробы.

Іна ЛЕЙКА