Кореличский сыр «Адыгейский» на Международной выставке-ярмарке «Продэкспо-2020» назван лучшим продуктом года в Беларуси

Карэліцкі сыр «Адыгейскі» назвалі лепшым прадуктам года ў Беларусі. Карэліцкі сырцэх атрымаў за яго сярэбраны медаль на 26-й Міжнароднай выставе-кірмашы «Прадэкспа-2020», якая праходзіла ў Мінску з 10 па 13 лістапада.

Сыр «Адыгейскі» ад карэліцкіх вытворцаў у чарговы раз стаў трыумфатарам конкурсу «Лепшы прадукт-2020». Выбар лепшых прадуктаў прафесійнай экспертнай камісіяй быў зроблены ў ходзе сляпой дэгустацыі, гэта значыць, што ўсе вытворцы знаходзіліся ў роўным становішчы. Эксперты выбіралі прадукты з лепшымі смакавымі якасцямі, тэкстурай і натуральным складам. Акрамя гэтага, народнае журы таксама зрабіла выбар на карысць нашага сыру.

— Вядома, наш поспех — гэта поўнасцю заслуга калектыву, які з году ў год якасна і з усёй душой выконвае сваю працу, — расказвае Ларыса Рапавец, якая за дваццаць гадоў прайшла шлях ад мыйшчыка аўтамалцыстэрн да начальніка сырцэха. — Цяпер на вытворчасці заняты 50 чалавек, для якіх створаны ўсе ўмовы працы. Кожнаму работніку прадастаўляецца поўны сацпакет, таксама распрацавана сістэма прэмій.

У сярэднім Карэліцкі сырцэх прымае на перапрацоўку каля 30 тон малака ў дзень. У зімовы перыяд гэта лічба, вядома, больш сціплая, а ў летні — наадварот. Сыравіна на завод паступае не толькі ад вядучых гаспадарак раёна, але і з прыватных падворкаў. Цікава, што прадукцыя на вытворчасці не залежваецца: тое, што выраблена сёння, ужо заўтра можа апынуцца на нашым стале. За месяц прадпрыемства перапрацоўвае 1000 тон абястлушчанага і цэльнага малака, вырабляе 670 тон падсырнай казеінавай сыраваткі, 40 тон вяршкоў, 20 тон казеіну, 25 тон сыру і 10 тон заменніка цэльнага малака.

Найбольшы гонар вытворчасці — гэта, вядома, сыры: «Адыгейскі класічны вэнджаны», «Адыгейскі класічны», «Сулугуні», «Пікантны з прыправамі», «Сырная саломка да піва». Яны ідуць на сталы не толькі беларускіх гурманаў, але і аматараў прысмакаў ў Расіі і Украіне. Казеін эскпартуецца ў Галандыю, Данію і Нідэрланды.

Кіраўніцтва сырцэха разумее, што важна інвеставаць у вытворчасць, таму кожны год на прадпрыемстве адбываецца мадэрнізацыя. Так, дзякуючы пераабсталяванню складскіх памяшканняў зараз Карэліцкі сырцэх можа прыняць на захоўванне да 500 тон сухой малочнай прадукцыі.

Акрамя таго, прадпрыемства нясе сацыяльную нагрузку: цяпло ад кацельні сырцэха паступае ў прыватны жылы сектар, а таксама ў бліжэйшыя сацыяльныя аб’екты.

Так маленькая вытворчасць у паўсотні чалавек робіць сапраўды вялікую справу, радуючы з году ў год як вытанчаных гурманаў, так і простых аматараў малочных прысмакаў.

Іна ЛЕЙКА