Награжден победитель конкурса на лучший вариант фирменного туристического знака Кореличского района

У пачатку жніўня бягучага года сектарам спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама быў аб’яўлены конкурс на лепшы варыянт фірменнага турыстычнага знака раёна. На працягу трох месяцаў усе жадаючыя змаглі даслаць свае варыянты. На днях падведзены  вынікі конкурсу і аб’яўлена імя пераможцы, чыя работа стане фірменным лагатыпам Карэліччыны турыстычнай.

-Мы вельмі рады, што ў сферы турызму Карэліччыны з’явіўся свой індывідуальны вобраз і пазнавальны твар, – адзначыла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Нэллі Маісеенка. – Фірменны турыстычны знак Карэліччыны будзе выкарыстоўвацца на інфармацыйных і рэкламных выданнях, у сродках масавай інфармацыі. Пераможцы конкурсу – калектыву аддзела бібліятэчнага маркетынгу Карэліцкай раённай бібліятэкі хочацца выказаць шчырыя віншаванні, астатнім удзельнікам – словы падзякі за праяўленую актыўнасць.

Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан, які ўзначаліў журы пры падвядзенні вынікаў конкурсу, выказаў асаблівую ўдзячнасць моладзі – навучэнцу Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Уладзіславу Шарэцкаму і вучню 10 класа СШ г.п. Мір Уладзіславу Каласоўскаму за іх арыгінальныя ідэі і творчыя задумкі. А таксама адзначыў, што ўсе дасланыя на конкурс работы ўнікальныя і заслугоўваюць высокай ацэнкі.

-Мне вельмі прыемна, што нашу калектыўную работу не толькі заўважылі, але яна ўдастоена дыплома пераможцы і будзе ўвасабляць турыстычны напрамак раёна. Вялікая заслуга ў яе стварэнні належыць намесніку дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі Алене Лісоўскай, – падзялілася загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Казарэз. – Яшчэ адна наша работа, на якой адлюстраваны ключ, магчыма, ляжа ў аснову стварэння адметнага знака Карэліччыны.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара