Пункт погляду журналіста: ці памятаем продкаў?

У календары адзначаны святочныя дні. Мы стараемся павіншаваць блізкіх людзей ці завітаць да іх у госці. Радасць сустрэчы застаецца ў нашай памяці надоўга.
Ёсць жа і даты, якія не назавеш святам. Гэта напамінак, што не трэба забываць пра тое, што складае аснову нашага жыцця і дае магчымасць нешта ў сабе змяніць.

Люблю восеньскую пару не толькі за цудоўныя краявіды прыроды, калі ўсё апранае залатое адзенне, а за сумоту і асеннія дажды. Сядзіш у цёплым пакоі і назіраеш за кроплямі на шыбах. Успаміны нагадваюць пра далёкае дзяцінства, дзе ўсё было проста і зразумела, былі мама і тата, не было асаблівых абавязкаў — і да цябе прыходзіць заспакаенне.
Імкліва прайшоў час. Мінула паўвека, а памяць час ад часу ў думках вяртае ў родную вёску. Дзіўная рэч атрымліваецца: у юнацтве найхутчэй хацелася паехаць у вялікі горад, а цяпер наадварот — вярнуцца да сваіх каранёў. Думаецца, што гэта жаданне многіх аднагодкаў, якія выйшлі на заслужаны адпачынак.
Даўно няма з намі бацькоў і дзядоў, і толькі фотаздымкі на сценах нагадваюць пра родных людзей. Поруч вісяць іконы, з якіх глядзяць святыя. У хаце стаіць цішыня, і можна чытаць малітву, разважаць, успамінаць… На душы становіцца лагодней — вярнуўся дамоў, няхай не назаўсёды, толькі на пэўны час ці некалькі гадзін, але гэтага бывае дастаткова.
Па-асабліваму адчуваеш сябе і на вясковых могілках. На цябе з партрэтаў глядзяць аднавяскоўцы, знаёмыя твары і пры жыцці такія блізкія па духу. У іх было шмат чысціні і шчырасці. Яны не заканчвалі ўніверсітэтаў, а азбуку жыцця ведалі на выдатна. Працавалі, кахалі, даравалі, любілі зямлю, цанілі сям’ю — жылі па-людску.
Што ж перашкаджае вярнуцца да сваіх каранёў? Нягледзячы на сваю занятасць і дзесяткі-сотні кіламетраў, адкласці свае справы і сабрацца ў шлях? Радзіма адна, як і маці, як і жыццё, як і памяць, якая ўвабрала цёплыя і дарагія сэрцу ўспаміны. Прайсціся па знаёмых сцяжынках, якія прывядуць да продкаў на могілкі. Тут прыбраць смецце, парваць пустазелле, ускласці кветкі ля помнікаў. Няхітрая навука, якую нават не трэба асвойваць, а проста прыехаць у родны куточак.
Праўда, можна зрабіць і па-іншаму: пайсці ў царкву, каб успомніць памерлых бацькоў і дзядоў. Скажыце, складаны час, трэба берагчы сваё здароўе, не бываць у шматлюдных месцах. Вось толькі на гэты конт ёсць засцерагальныя меры. У рэшце рэшт, кожны робіць свой выбар. Іншы раз, напэўна, дастаткова бывае падаць памінальную запіску ў царкву, хаця можна прачытаць малітву дома.
У першых чыслах лістапада Праваслаўная царква адзначае Дзімітрыеўскую бацькоўскую суботу. Яна заклікае малітвенна ўспамінаць памерлых у першую чаргу для таго, каб іх грахі былі дараваны і яны атрымалі апраўданне. Хочацца, каб нашы малітвы былі пачуты на нябёсах.

Галіна СМАЛЯНКА