Пункт погляду журналіста: » Як не любіць цябе, родная Карэліччына?»

Карэліччына адзначае цудоўны юбілей — 80-годдзе. Кіраўніцтва раёна сказала шчырыя словы ўдзячнасці лепшым працаўнікам розных сфер дзейнасці: аграрыям, урачам, настаўнікам…

Людзі Карэліцкага краю — наш залаты фонд. І гэта без пераўвелічэння.Так было заўжды: пасля вайны землякі аднаўлялі разбураную гаспадарку і вучылі дзяцей грамаце, пазней дабіваліся высокіх намалотаў на збожжавых палетках і будавалі жыллё для працаўнікоў раёна. Зараз, ідучы ў нагу з часам, асвойваюць новыя тэхналогіі, прадаўжаюць клапаціцца, каб на стале быў хлеб.

Цудоўныя людзі жывуць і працуюць на Карэліччыне. Прадстаўнікоў якіх толькі прафесій сярод іх няма! Добрыя кіраўнікі, грамадскія дзеячы, настаўнікі, урачы, юрысты, хлебаробы, прадпрымальнікі, культработнікі, прадаўцы — усе патрэбныя і запатрабаваныя. Аб’ядноўвае іх адно: любоў да Карэліччыны і абранай справы. Сустрэнешся з імі — і сэрца перапаўняе гонар за землякоў: радуюць іх адносіны да жыцця, сумленнасць учынкаў, спагадлівае слова, жаданне людзьмі звацца, дарыць радасць іншым.

Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы. І гэтым ганаруся, бо тут навучылася многаму. У памяці неаднойчы ўсплывюць малюнкі з дзяцінства: свежая ралля з вялікімі клубнямі бульбы, пах антонаўкі, смак сырадою. Найчасцей — аднавяскоўцы, якія былі самымі блізкімі і роднымі. Менавіта таму творчыя камандзіроўкі найчасцей прыводзілі да жыхароў вёсак раёна. Колькі ў іх пачарпнула мудрасці, дабрыні, працавітасці! Шчырыя і адкрытыя, яны заўсёды ахвотна дзяліліся сваімі ўспамінамі і давалі тактоўныя парады. Яшчэ гэта былі добрыя майстрыхі, цудоўныя гаспадыні, шчаслівыя маці. У іх было чаму павучыцца.

Я люблю сваю работу, бо тут пазнаю гісторыю роднага краю, душой дакранаюся да яго таямніц, сустракаюся з людзьмі, пішу пра іх лёсы, нясу радасць кожнаму.

І сапраўды, як не любіць родную Карэліччыну? Яна ўся як на далоні. Як і яе жыхары, пра якіх ведаеш амаль усё і так жа шмат яны ведаюць пра цябе. Атрымліваецца, яна — найлепшая ў свеце, таму прызнаёмся роднаму куточку ў любові.

Хочацца ўспомніць вершаваныя радкі мясцовай паэткі Галіны Калтуновай:

Квітней, радзімая старонка,
Мацуй, Карэліччына, лёс.
Каб твой народ, як песню, звонка
Свой гонар на вякі пранёс.

Галіна СМАЛЯНКА