Радзивилловские гобелены и шпалеры, Игнатий Домейко и Адам Мицкевич: чем знаменита Кореличская земля

Той, хто хоць бы раз пабываў у гасцях на Карэліччыне, абавязкова захоча наведаць зноў гэты адзін з самых прыгожых куткоў нашай роднай Беларусі.

Багатае гістарычнае мінулае ў карэліцкай зямлі. Першыя ўспаміны аб Карэлічах і Міры ў летапісах адносяцца да 1395 года. У той час яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, пазней — Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе Карэлічы і Мір апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. З 1921 па 1939 гады знаходзіліся пад уладай буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Мяняліся і іх уладальнікі. Карэлічы належалі вялікім князям Літоўскім, буйным магнатам Чартарыйскім, Радзівілам, князям Вітгенштэйнам, графу Жалтоўскаму.

Далёка за межамі краю ведалі пра габелены, вытканыя на мануфактурах у Карэлічах і Міры. Самыя вядомыя з іх прысвечаны роду Радзівілаў. У цяперашні час з дзесяці створаных у Карэлічах шпалер вядомыя пяць: чатыры з іх знаходзяцца ў музеях Польшчы (Кракаў, Варшава), адна – у Львоўскім гістарычным музеі.

Раён быў утвораны ў лістападзе 1940 года. На яго тэрыторыі першапачаткова існавалі дзве адміністрацыйныя адзінкі: Мірскі і Валеўскі раёны, якія ўваходзілі ў склад Баранавіцкай вобласці, са студзеня 1954 года — Гродзенскай вобласці.

Карэлічы і Мір не абыходзілі бокам ні гістарычныя падзеі, ні вядомыя асобы. Карэліцкая зямля… Яна гарэла і пакутавала, попелам пакрываліся вёскі, гінулі мірныя жыхары, па яе тэрыторыі прайшлі крывавыя баі. 1200 чалавек было вывезена на катаржныя работы. Абарваныя жыцці 132 партызан і падпольшчыкаў, 2 тысячы не вярнуліся з поля бою. Набатам звіняць 13 вёсак і хутароў, якія паўтарылі лёс Хатыні. Гераічная барацьба жыхароў раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўвекавечана ў 60 мемарыяльных помніках і абелісках, 37 воінскіх пахаваннях.

Імёны ўраджэнцаў карэліцкай зямлі сталі сімваламі эпохі. У в. Мядзвядка, у шасці кіламетрах ад Міра, нарадзіўся чалавек легендарнай біяграфіі – Ігнат Дамейка, сусветна вядомы вучоны і падарожнік, першы рэктар універсітэта ў Сант’яга. У г.п. Карэлічы нарадзіўся сусветна вядомы вучоны ў галіне астранаўтыкі Барыс Кіт, мастак В. Рамановіч, яўрэйскія паэты І. Кацнельсон і Д. Эйнгард.

Родам з Міра філосаф-асветнік Саламон Майман. Яго творы чыталі і высока шанавалі Кант, Гётэ, Шылер. Не менш вядомы сваімі філасофскімі трактатамі беларускі навуковец Ф. Бохвіц.

Тут вырас беларускі акцёр Аляксандр Ільінскі. Выхадцам з Міра быў трэці прэзідэнт дзяржавы Ізраіль, вучоны і пісьменнік Шнеур Залман Шазар. З раёнам цесна звязана творчасць вялікага паэта Адама Міцкевіча. У яго вершах услаўлены возера Свіцязь, вёскі Варонча, Цырын, Плужыны. Нямала старонак прысвяцілі Карэліччыне Ян Чачот, Янка Брыль, Уладзімір Каратынскі, Раман Тармола-Мірскі, Вольга Іпатава, Аляксандр Бажко, Уладзімір Калеснік, Аляксандр Мілюць, Мікалай Ільінскі, Анатоль Дзяркач, Уладзімір Варава, Анатоль Жук, Анатоль Смалянка, Мікалай Бусько.

З Міра пачалася літаратурная слава Уладзіслава Сыракомлі, які напісаў верш, стаўшы пасля народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком». Карэліччына — радзіма «беларускага Шаляпіна» Пятра Конюха, чый голас гучаў у лепшых залах Рыма, у многіх краінах свету. Першыя залатыя зоркі Маскоўскага Крамля выраблены рукамі А. Барысевіча. Першага Героя працы СССР (1936 г.), ураджэнца в. Саленікі. У раёне жыў і працаваў вядомы савецкі і партыйны дзеяч Павел Арсенцьевіч Жалезняковіч.

Анжаліка ШАСТАК,

бібліятэкар Карэліцкай раённай бібліятэкі

Фота з адкрытых крыніц