Талантливый автор, патриот Беларуси, искренний человек. Сегодня 90 лет со дня рождения Владимира Короткевича

Адной з найбольш яскравых і самабытных фігур беларускай літаратуры XX стагоддзя з’яўляецца Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Сёлета ў нашай краіне шырока адзначаецца 90-годдзе з дня яго нараджэння.

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы.

У літаратуру Караткевіч першапачаткова увайшоў як паэт, але класікам беларускай літаратуры стаў як празаік. Яго раманы «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім», «Сівая легенда», гістарычныя дэтэктывы «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі» сталі сапраўдным здабыткам нашай краіны.

Асаблівая заслуга У. Караткевіча перад беларускай літаратурай у распрацоўцы гістарычнай тэматыкі. Ён стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва.

Творы Уладзіміра Сямёнавіча перакладзены больш чым на дваццаць моў народаў свету, у тым ліку на англійскую, французскую, нямецкую, іспанскую, рускую, польскую, украінскую і іншыя.

Значны ўклад унёс Уладзімір Караткевіч у развіццё нацыянальнай драматургіі і кінадраматургіі. Ён стварыў глыбока праўдзівыя і эмацыйна насычаныя п’есы «Млын на сініх вірах», «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Калыска чатырох чараўніц», якія былі пастаўленыя ў многіх тэатрах. Па сцэнарыях Караткевіча на кінастудыі «Беларусьфільм» створаны шматлікія дакументальныя стужкі, а таксама мастацкія фільмы «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Чорны замак Альшанскі», «Маці ўрагану», мультыплікацыйны фільм «Ладдзя роспачы», пастаўлены балет, дзве оперы і шматлікія спектаклі, групай «Стары Ольса» выпушчаны дыск з запісам аўдыёспектакля «Ладдзя роспачы».

Талент Уладзіміра Караткевіча быў вельмі шматгранны. Ён добра спяваў, ведаў шмат беларускіх народных песень, нядрэнна маляваў і многія старонкі рукапісаў яго твораў упрыгожаны шматлікімі ілюстрацыямі самога аўтара.

Падмуркам даверу і аўтарытэту, якім карыстаўся сярод людзей Уладзімір Караткевіч, акрамя безумоўнай таленавітасці і любові да Беларусі, з’яўляліся яго няўрымслівасць, вясёлы нораў, адкрытасць і шчырасць.

Цікавыя звесткі пра Уладзіміра Караткевіча
* Яго любімы раман — «Тры мушкецёры» Перад тым, як садзіцца пісаць чарговую рэч, Уладзімір Караткевіч перачытваў гэты твор Дзюма, які заўсёды быў на часопісным століку ля яго ложка.
* Караткевіч быў аматарам рыбалкі і палявання і аднойчы нават злавіў акулу.
* Быў вельмі строгім кінакрытыкам.
* Пісьменнік большую частку свайго жыцця пражыў з мамай, якую вельмі любіў. Ажаніўся ён даволі позна, у 41 год. Сваю жонку перажыў ўсяго на паўтара года. Дзяцей ў іх не было.
* Караткевічу не падабалася, калі яго называлі рамантыкам.
* Вельмі сябраваў з Васілём Быкавым.

Алена МАКАРЧЫК,
бібліёграф Карэліцкай раённай бібліятэкі