Врач-анестезиолог Сергей Плескач: «Если есть сильная мотивация жить, происходит чудо вопреки всем прогнозам»

Сяргей Пляскач – сапраўдны прафесіянал сваёй справы, вядомы не толькі ў Карэліцкім раёне, але і ў краіне. У Карэліцкай ЦРБ ён працуе 24 гады, з якіх 16 з’яўляецца загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Падчас інтэрнатуры ў Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Сяргей упершыню пазнаёміўся з інтэнсіўнай тэрапіяй, уцягнуўся і вярнуўся на малую радзіму ў адпаведнае аддзяленне. Увесь свой час Сяргей Міхайлавіч пасвячае працы, нават яго хобі, рамонт тэхнікі, мужчына параўноўвае з медыцынай: перасадка чыпа, нібы перасадка ныркі, а дыягностыка як азнаямленне з анамнезам. За гады працы анестэзіёлаг пераканаўся, што медыцына – сапраўды справа яго жыцця, яна не стаіць на месцы, развіваецца дзень за днём. Заўсёды матывуе на самаадукацыю і развіццё прафесійных навыкаў тое, што кожны год у бальніцу прыязджаюць на размеркаванне маладыя спецыялісты, якія прыносяць усё новыя і новыя веды, практыкі і ідэі, якія раней не выкарыстоўваліся. Вельмі важна праз гады захаваць запал і імкненне быць карысным. Урач павінен быць у пастаянным пошуку новых метадаў, якія можна выкарыстаць у сучасных рэаліях. Успамінаючы пра свае прафесійныя дасягненні, Сяргей лічыць, што ніхто не павінен вельмі ганарыцца сваімі “подзвігамі”, бо гэта супыняе прафесійны рост, нельга быць упэўненым у сваіх сілах на ўсе сто адсоткаў, лепш упэўніцца лішні раз, каб усё атрымалася. Вядома, галоўнай задачай для ўсіх медыкаў нашай краіны і свету з’яўляецца выратаванне жыцця пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Сяргей Міхайлавіч – адзін з перадавых выратавальнікаў цяжкахворых. Са слоў урача, вельмі цяжка было вясной, калі ніхто яшчэ не ведаў, як правільна лячыць, якія прэпараты могуць не проста не дапамагчы, а нават зрабіць горш, чым было. Тады медыкі жылі ў бальніцы, не ішлі дадому, каб не заразіць сваіх блізкіх. Зараз страх адышоў, стала больш вопыту, але адказнасць за жыццё кожнага хворага засталася. Урач лічыць, што лёс – рэч вельмі непрадказальная, здарыцца можа ўсё, таму вельмі важна верыць у лепшае, і тады ўсё атрымаецца. Калі моцная матывацыя жыць – адбываецца цуд насуперак усім прагнозам.

Наталля САКАЛЯНСКАЯ