22 декабря — День энергетика. Об успехах коллектива Кореличского РЭС рассказывает его начальник Игорь Маковик

Адыходзячы год стаў надзвычай рэзультатыўным у энергетычнай сферы не толькі краіны ў цэлым, але і асобных яе рэгіёнаў. Запуск атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ў пачатку лістапада бягучага года – гістарычны момант у гісторыі суверэннай Беларусі. Аднак побач з маштабнай падзеяй міжнароднага ўзроўню пэўнай увагі заслугоўваюць поспехі і дасягненні мясцовых энергетыкаў-прафесіяналаў, ад зладжанай работы якіх залежыць камфорт і дабрабыт у дамах карэліччан.

Аб тым, якімі намаганнямі ажыццяўляецца бесперабойнае і кругласутачнае электразабеспячэнне спажыўцоў Карэліччыны, якія задачы сёння стаяць перад энергетыкамі раёна і як яны вырашаюцца, у інтэрв’ю з начальнікам Карэліцкага РЭСа Ігарам МАКОВІКАМ.

– Дзень энергетыка – гэта не толькі свята, але і нагода, каб падвесці вынікі, ацаніць работу калектыва, агучыць задачы на наступны год. Ігар Генадзьевіч, давайце пачнём з дасягненняў 2020 года.

– Бягучы год для энергетыкаў раёна быў напружаны, але вельмі ўдалы і плённы. Нам удалося выканаць вялікія аб’ёмы запланаваных работ па розных накірунках, на якія затрачаны значныя фінансавыя сродкі. Напрыклад, была праведзена рэканструкцыя 37 км паветраных ліній 0.4 кВ з поўнай заменай проваду і пяці трансфарматарных падстанцый. Я лічу, што гэта надзвычай добры вынік. Работы праводзіліся ў агр. Вялікія Жухавічы, каля вёскі Зелянец Райцаўскага сельсавета і на тэрыторыі Малюшыцкага сельсавета. У бягучым годзе таксама было вырашана пытанне з удасканаленнем электразабеспячэння МТФ “Райца-2” СВК “Свіцязянка-2003”, дзе заменены ўчастак паветраных ліній, усталявана рэзервовае электразабеспячэнне. Рыхтуючыся да галоўнага экзамену, асенне-зімовага максімуму нагрузак, работнікамі РЭС быў праведзены капітальны рамонт 58 км паветраных ліній 10кВ, 53 км паветраных ліній 0.4 кВ, 71 трансфарматарнай падстанцыі. Каб павысіць надзейнасць абсталявання і бяспеку людзей, штогод вядзецца планамерная работа па замене голага проваду на ізаляваны, індукцыйных прыбораў уліку электраэнергіі на электронныя сістэмы Split. Сістэма мае шэраг пераваг. Па-першае, змяншаецца колькасць абсталявання. Ды і кантралёрам не трэба ўваходзіць у дамы карэліччан, каб зняць паказанні.  Дарэчы, укараненне дадзенага ноу-хау ў энергетычнай сістэме Гродзеншчыны пачалося менавіта ў Карэліцкім раёне.

– Пытанне вулічнага асвятлення заўсёды хвалявала жыхароў раёна. Якая роля ў яго вырашэнні належыць энергетыкам раёна?

– Па-першае, хочацца ўспомніць, што ў пачатку 2000-х гадоў Карэліччына стала ўзорна-паказальным раёнам Гродзеншчыны, дзе першым у вобласці было ўсталявана вулічнае асвятленне, якое кіравалася з дапамогай GPS-мадэма. На сённяшні дзень у 149 населеных пунктах раёна, акрамя г.п. Мір і Карэлічы, усталявана 3364 ліхтары. Цэнтральны сервер, які кіруе сістэмай асвятлення, знаходзіцца ў г. Гродна. Немалаважна, што ў Карэліцкім раёне размешчана больш ліхтароў вулічнага асвятлення, чым на Навагрудчыне або ў Лідскім раёне, плошчы якіх большыя. У той жа момант хочацца абазначыць пэўныя нюансы, на якія часам звяртаюць увагу карэліччане. Напрыклад, у туманнае надвор’е ліхтары могуць гарэць у 11 гадзін раніцы. Гэта звязана з недастатковай якасцю GPS-сувязі у тым ці іншым населеным пункце. І яшчэ адзін момант. Часта вяскоўцы незадаволены тым, дзе ўсталяваны ліхтар, але павесіць лямпачку каля кожнага дома і асвятліць кожны падворак проста немагчыма. Гэта павінны разумець жыхары раёна.

– Не сакрэт, што энергетыкі павінны пастаянна быць у поўнай баявой гатоўнасці. Ігар Генадзьевіч, хто знаходзіцца на перадавой барацьбы са стыхіямі?

– Першай у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі і адключэння электраэнергіі рэагуе аператыўна-выязная брыгада. Зразумела, пры неабходнасці ёй на дапамогу прыходзяць іншыя работнікі. Таму жыхары раёна могуць быць абсалютна ўпэўнены, што і ў буднія, і ў выхадныя дні каманда РЭСа стаіць на варце электразабеспячэння, гатова выехаць на ліквідацыю пашкоджання электрычных сетак у любы час сутак. Тым не менш, калі нават на 10 хвілін знікае святло, здаецца, наступае бытавая катастрофа, і тэлефон дыспетчарскай службы раёна электрычных сетак разрываецца ад званкоў незадаволеных карыстальнікаў. Аднак трэба разумець: каб вярнуць святло ў дамы карэліччан, якія адносяцца да аб’ектаў III катэгорыі электразабеспячэння, энергетыкам трэба даехаць да месца пашкоджання лініі электраперадач, вызначыць участак парыву, правесці ўсе неабходныя мерапрыемствы па ліквідацыі пашкоджання. А гэта, зразумела, займае пэўны час. Што датычыцца аб’ектаў I катэгорыі, да якой належыць Карэліцкая ЦРБ, то тут спрацоўвае аўтаматыка. Бальніца можа застацца без электрычнасці максімум на 1-2 секунды. А вось для аб’ектаў II катэгорыі электразабеспячэння (установы адукацыі раёна, малочнатаварныя фермы і інш.), характэрны такі тэрмін, як “час аператыўнага пераключэння”. Гэта значыць, што аператыўна-выязная брыгады пераключае аб’ект з асноўнага на рэзервовае электразабеспячэнне. Пра канкрэтны час гаварыць нельга, бо ўсё залежыць ад адлегласці аб’екта. Згадзіцеся, патрэбіцца розны час, каб дабрацца да агр. Краснае і Аюцавічы.

– Ігар Генадзьевіч, неаднаразова даводзілася чуць выраз: ”Энергетыкі моцныя камандай”. Ці згодны Вы з ім?

– Абсалютна. Камандны дух і ўзаемавыручка – якасці, якія ўласцівы зладжанаму калектыву Карэліцкага РЭСа. З поўнай упэўненасцю адзначу, што ў нас сфарміравалася каманда прафесіяналаў, якія не дзеляць абавязкі на свае і чужыя, а працуюць у адзінай звязцы на агульны вынік. У такой сферы дзейнасці, як энергетыка, не можа быць выпадковых людзей. Карыстаючыся момантам, хочацца выказаць словы падзякі ўсім работнікам арганізацыі, ветэранам працы за старанне і адказнасць падчас выканання пастаўленых задач.

– Электраэнергія – гэта тавар, за які неабходна плаціць. Ці ўсе карэліччане робяць гэта добрасумленна?

– На жаль, не ўсе. На сённяшні дзень 17 дамоў карэліччан адключаны ад электразабеспячэння за неаплату спажытай электраэнергіі. Яшчэ 20 сямей, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, не аплочваюць своечасова па рахунках альбо робяць гэта часткова, у выніку чаго маюць запазычанасць. У цэлым кантроль за спажываннем электрычнай энергіі, планавай заменай прыбораў уліку, выяўленнем спажыўцоў ажыццяўляе служба збыту, у якой налічваецца 20 чалавек. Адзін з накірункаў, якім зараз займаецца служба, – поўны пераход на электронныя прыборы ўліку электраэнергіі з дыстанцыйным зняццем паказанняў. На жаль, часам даводзіцца займацца і непрыемнай работай, звязанай з адключэннем спажыўцоў у выніку неаплаты за спажытую электраэнергію, крадзяжа альбо безуліковага спажывання.

– Ігар Генадзьевіч, хацелася б скончыць размову на пазітыўнай хвалі. Што пажадаеце калегам напярэдадні прафесійнага свята і Новага года?

– У гэтыя перадсвяточныя дні работнікам і ветэранам працы энергетычнай сферы раёна хочацца пажаць моцнага здароўя, сямейнага шчасця, міру, дабрабыту, далейшых поспехаў і здзяйснення запаветных жаданняў.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара