Оператор по выращиванию телят МТФ «Малая Обрина» КСУП «Царюка» Геннадий Пешко демонстрирует одни из лучших в районе среднесуточные привесы — 1012 граммов

Не сакрэт, што імунітэт чалавека закладваецца ў дзяцінстве. Тое ж самае адбываецца і з буйной рагатай жывёлай, паказчыкі прадуктыўнасці якой непарыўна звязаны са збалансаваным рацыёнам і якасным доглядам цялят у першыя месяцы пасля нараджэння. Аб усіх тонкасцях рацыёну і ўтрымання маладняку дакладна ведае аператар па вырошчванні МТФ “Малая Вобрына” КСУП “Царука” Генадзій Пяшко – адзін з перадавых жывёлаводаў раёна. Сярэднясутачныя прывагі ў замацаванай за ім групе цялят за 9 месяцаў бягучага года складаюць 1012 грамаў.

Загадчык фермы Алена Бусько характарызуе Генадзія Пяшко выключна са станоўчага боку.

– На такіх працаўніках і трымаецца сельская гаспадарка, – адзначае загадчык фермы. – Ён усё робіць па-гаспадарску, здаецца, гэта ў яго ў крыві. Генадзій бездакорна выконвае даручаныя абавязкі, у яго добрасумленнасці і адказнасці можна не сумнявацца. Упэўнена, што за яго працу ніколі чырванець не прыдзецца. Вось ён, чалавечы фактар, які быў і застаецца вырашальным у рабоце аператара па вырошчванні цялят.

Тое, што Генадзій Пяшко штомесяц паказвае найвышэйшыя на Карэліччыне сярэднясутачныя прывагі ў замацаванай групе цялят, зусім нядзіўна. У жывёлагадоўчай галіне мужчына працуе больш двух дзясяткаў гадоў. Сам мясцовы, родам з Малой Вобрыны. Яшчэ да арміі працаваў у калгасе імя У. З. Царука. Адслужыўшы, сюды і вярнуўся.
Працоўны дзень у жывёлавода пачынаецца рана. Лета на двары альбо зіма, рабочы дзень альбо выхадны, у пяць гадзін раніцы Генадзій Пяшко ўжо завіхаецца на ферме, клапоцячыся аб сваіх падапечных.

– На вырошчванне бяру паўтарамесячных цялят і гадую іх да чатырох месяцаў, – расказвае мужчына. – Мая галоўная задача – своечасова забяспечыць малых якаснымі кармамі ў дастатковай колькасці. Пастаянна сачу за тым, каб у паілках была чыстая вада. У штодзённы рацыён цялят уваходзяць сена, камбікорм, сянаж, які трэба прывезці з сянажнай траншэі. Вось тут трэба прыкласці фізічную сілу. Немалаважнымі з’яўляюцца і ўмовы ўтрымання маладняку, санітарыя ў памяшканні. Своечасова трэба пачысціць загарадкі і падаслаць цялят. У сваю чаргу падапечныя адчуваюць клопат і радуюць добрымі прывагамі.

Па словах Генадзія Пяшко, з цялятамі працаваць вельмі цікава. У кожнай жывёлы – свае звычкі і характар. Калі падапечнаму нездаровіцца, яго паводзіны адразу мяняюцца. У гэтым выпадку неабходна дапамога ветурача.

За шмат гадоў добрасумленнай працы Генадзій Пяшко неаднаразова быў удастоены абласных і раённых узнагарод, кожная з якіх сведчыць аб добрасумленнасці і адданасці выбранай прафесіі.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара