Почти 30 лет работает в энергетической сфере района электромонтер оперативно-выездной бригады Кореличского РЭС Сергей Лагута

Дзень энергетыка, які ў Беларусі адзначаецца 22 снежня, – гэта знак прызнання заслуг усіх тых, хто будуе, займаецца эксплуатацыяй і абслугоўваннем электрастанцый і электрычных сетак, развівае энергетычную сферу краіны. Работа кожнага з іх заслугоўвае павагі, бо цяпло і святло ў нашых дамах, бесперабойнае функцыянаванне прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў – у руках беларускіх энергетыкаў. Да іх ліку ўжо амаль тры стагоддзі належыць  электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Карэліцкага РЭСа Сяргей ЛАГУТА, чыё імя занесена на раённую Дошку пашаны.

З якой прафесіяй звязаць жыццё, будучы энергетык Карэліччыны задумаўся яшчэ ў школьныя гады.

– Калі ўявіць, што знікла электрычнасць, мы нібы вернемся ў каменнае стагоддзе, пазбавіўшыся ўсіх выгод сучаснай цывілізацыі. Такога, зразумела, не будзе, а гэта значыць, што прафесія энергетыка была і застанецца запатрабаванай, – так разважаў ураджэнец в. Новыя Руткавічы Сяргей Лагута, паступаючы ў Мінскае вучылішча на спецыяльнасць “электрык”. – Вытворчую практыку падчас навучання праходзіў на базе Мінскага маторнага завода. Разлічваў застацца працаваць у сталіцы, аднак не атрымалася. Таму вярнуўся на малую радзіму і вырашыў уладкавацца ў Карэліцкі РЭС, дзе на той момант былі вакансіі. Вось ужо амаль тры дзясяткі гадоў працую ў арганізацыі.

– Не прыелася работа за 30 гадоў? – пытаюся.

– Зусім, бо сваю прафесію люблю. Ды і цікавая яна, у нас няма руціны, новы дзень не падобны на папярэдні. Тэрыторыя раёна вялікая, таму выязджаць прыходзіцца ў розныя яго куткі. Як вядома, у аператыўна-выязной брыгады прыбаўляецца работы, калі псуецца надвор’е: летам – навальніца, зімой – моцныя вятры і снегапады. Памятаю выпадак, калі летам маланка трапіла ў провад лініі электраперадач, які ўпаў на зямлю. Зразумела, магла б здарыцца бяда, бо ён быў пад напружаннем. Аднак мы аператыўна спрацавалі  і ліквідавалі пашкоджанне. Акрамя непагадзі, работы нам дадаюць бабры, якія валяць дрэвы на правады. Напрыклад, неаднаразова прыходзілася выязджаць у раён хутара Чорная ў Ярэміцкім сельсавеце, дзе лінія электраперадач часткова праходзіць праз лес і балоцістую мясцовасць.

Цяжка не згадзіцца з тым, што прафесія энергетыка адносіцца да катэгорыі небяспечных, дзе ёсць шэраг цяжкасцей і высокая ступень рызыкі для жыцця. Абавязковае выкананне ўсіх норм тэхнікі бяспекі і аховы працы – правіла № 1 для работнікаў Карэліцкага РЭСа, якія перад тым, як прыступіць да працы, абавязкова праходзяць інструктаж.

– Дома нас чакаюць родныя і блізкія. Таму мы павінны самі клапаціцца аб сабе, выконваючы ўсе неабходныя патрабаванні тэхнікі бяспекі не для справаздачы, а для асабістага жыцця і здароўя, – адзначае Сяргей Лагута. – Я часта ўспамінаю сваё дзяцінства, калі пасля непагадзі некалькі вёсак маглі застацца без электрычнасці на ўсю ноч. Сёння ж усё па-іншаму. Аператыўна-выязная брыгада таму і завецца так, што гатова ў лічаныя хвіліны адправіцца на ліквідацыю наступстваў надзвычайнай сітуацыі. Памятаю, калі ўладкаваўся на работу, мы выязджалі на ГАЗах-51. Сёння ж у нас новыя Газелі. Ды і ўвогуле, матэрыяльна-тэхнічная база Карэліцкага РЭСа адпавядае сучасным патрабаванням. Таму мы гатовы да разгулаў стыхіі, каб электрапрыборы ў дамах карэліччан як мага хутчэй вярнуліся да звычайнай работы.

Карыстаючыся момантам, хочацца павіншаваць калектыў Карэліцкага раёна электрычных сетак, ветэранаў энергетычнай сферы раёна з прафесійным святам і пажадаць усім моцнага здароўя, працоўных поспехаў, шчасця, дабрабыту і сямейнага цяпла.

 

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара