Школьница из Мира Екатерина Колосовская в старом альбоме нашла военное фото и узнала историю своей прабабушки

Вялікая Айчынная вайна пакінула след у кожнай беларускай сям’і. На жаль, не ўсе змаглі выжыць у гэтай крывавай бойні і вярнуцца дадому героямі, каб потым расказаць нашчадкам пра перажытае. Было шмат і тых, хто ў час вайны апынуўся на прымусовых работах у Германіі, і, вярнуўшыся ў родныя мясціны, маўчаў, стараючыся забыцца пра гэты факт у сваім жыцці. Так адбылося і ў маёй сям’і. Зразумела я гэта, калі пачала складаць генеалагічнае дрэва і збіраць звесткі пра сваіх родных.

Ад бацькоў я даведалася, што ў радах Чырвонай Арміі  з нашай сям’і ваявалі тры чалавекі. Па лініі бацькі родны брат маёй бабулі Гімпель Мікалай Фёдаравіч. Ён, стралок трэцяга стралковага батальёна 69 стралковага палка 97 стралковай Віцебскай чырвонасцяжнай дывізіі, за ўзорнае выкананне заданняў на фронце і праяўленыя пры гэтым адвагу і мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”. Калі скончылася вайна, вярнуўся ў родную вёску Лыкавічы, дзе жыў са сваёй сям’ёй і працаваў да сталага ўзросту. Па лініі маёй маці ў рады Чырвонай Арміі былі прызваныя браты маёй прабабулі Мікалай Сцяпанавіч і Іван Сцяпанавіч Русецкія. На жаль, яны не вярнуліся з вайны. Толькі пра аднаго Мікалая вядома, што загінуў у 1945 г., пахаваны ў Чэхіі. І на гэтым было б усё, каб не знаходка. Некалькі месяцаў таму, праглядваючы стары альбом, я знайшла за яго вокладкай невялічкі чорна-белы фотаздымак. Яшчэ падумала тады: “Чаму яго схавалі?”

Фотаздымак быў не падпісаны. З яго глядзела група дзяўчат, большасць якіх была апранута ў аднолькавыя камбінезоны. Разгледзеўшы знаходку больш уважліва, я заўважыла на другім плане калючы дрот і вартаўнічую будку. І адразу ўзніклі пытанні. Хто гэтыя людзі? Дзе яны знаходзіліся? Чаму іх трымалі пад прымусам? Якое дачыненне да нашай сям’і мае гэты “маўклівы сведка”, аб чым ён “гаворыць”?

Ад стрыечнай бабулі Валянціны я даведалася, што фотаздымак належаў яе маці – маёй прабабулі, у дзявоцтве Русецкай Ганне Сцяпанаўне (па мужу Кандрацінай) 1923 года нараджэння. (На фота яна стаіць ў апошнім радзе трэцяя справа). У лютым 1942 г. яна была вывезена ў Германію на прымусовыя работы. Спачатку працавала на кухні, павінна была гатаваць ежу. Аднак доўга там не затрымалася, таму што не мела вопыту ў гэтай справе. Яе перавялі на гаспадарчы двор, дзе яна вымушана была выконваць цяжкую і брудную работу. Калі скончылася вайна, прабабуля,  прайшоўшы неабходную дзяржправерку, 18 снежня 1945 года выбыла да ранейшага месца жыхарства. Яна марыла пра шчаслівае спакойнае жыццё, але і цяпер тут, на Радзіме, яе чакалі выпрабаванні лёсу. У 39 гадоў памёр муж. Яна адна засталася з трыма дзецьмі на руках, змагла пабудаваць новую хату ў в. Сімакава і перабрацца з хутара, перажыць заўчасную смерць малодшага сына Сцяпана, дачакацца ўнукаў. Шмат працавала на карысць сваёй сям’і і раёна, у якім жыла, але старалася не прыцягваць да сябе асаблівай увагі. Радавалася цёпламу сонейку, яснаму небу над галавой, і, самае галоўнае, мірнаму – без вайны – жыццю.

Выслухаўшы расказы стрыечнай бабулі і сваіх бацькоў, успомніўшы ўрокі гісторыі, на якіх у дзясятым класе праходзілі тэму Вялікай Айчыннай вайны, я знайшла адказы на свае пытанні. Вынікае, што мая прабабуля ў гады вайны стала остарбайтэрам – савецкай грамадзянкай, прымусова вывезенай з тэрыторыі БССР на фашысцкую катаргу, рабочай сілай, якая патрабавалася для ваеннай прамысловасці Германіі. Васямнаццацігадовая дзяўчына апынулася ў ліку той часткі жыхароў Мірскага і Карэліцкага раёнаў, каго немцы гналі пешшу да зборнага пункту – чыгуначнай станцыі Гародзей. Адтуль везлі ў вагонах да месца працы. На нямецкай тэрыторыі людзі накіроўваліся ў прыёмныя лагеры. Туды прыходзілі прадстаўнікі бірж працы і забіралі іх або на прамысловыя прадпрыемствы, або на фермерскія гаспадаркі. Там гэтыя людзі жылі адасоблена ад мясцовага насельніцтва, у бараках, абнесеных калючым дротам. Мая прабабуля працавала ў фермера (баўэра). Чаму пра гэта з родных ведала спачатку толькі дачка? А таму, што толькі ёй маці змагла даверыць жудасную таямніцу. Да такой катэгорыі грамадзян, асабліва адразу пасля вайны, адносіліся з падазронасцю. Ім цяжка было паступіць у навучальную ўстанову, уладкавацца на добрую работу. Ім не плацілі ніякіх кампенсанцый за бясплатную працу і маральны ўрон, нанесены ў гады вайны. Што яна адчувала, калі прыйшло разуменне, што жыццё з маладосці сапсавана назаўсёды? Зараз можна толькі здагадвацца. Але якія трэба было мець цярпенне, сілу, вынослівасць, веру ў Бога, каб дараваць і працягваць проста жыць.

Кацярына КАЛАСОЎСКАЯ,

вучаніца 11 класа сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай