Сотрудники Кореличского РОЧС в ходе рейда напомнили пожилым сельчанам о пожарной безопасности

Кожны тыдзень на тэрыторыі Карэліцкага раёна праходзяць абследаванні дамоў, у якіх жывуць адзінокія і адзінокапражываючыя пажылыя людзі.

Вёска Лукашын Малюшыцкага сельсавета, куды на гэты раз наведаліся члены раённай наглядальнай камісіі, сустрэла не толькі гасціннасцю яе жыхароў, але і дагледжанасцю жылых дамоў, дзе панаваў належны парадак.

У хаце Таісіі Канстанцінаўны Аляшкевіч цёпла, гаспадыня гатуе абед. Жанчына адзначае, што дзеці дапамагаюць падтрымліваць належны парадак у доме, нарыхтаваць паліва на зіму, уходжвацца на агародзе. Клічуць у горад, але жанчына ехаць не хоча, бо дома нават сцены дапамагаюць, ды сацыяльны работнік наведваецца і аказвае неабходныя паслугі.
Марыя Уладзіміраўна і Павел Канстанцінавіч Шыш ведаюць, што да зімы трэба рыхтавацца грунтоўна. Назапасілі дроў, падправілі печ, пабялілі дымаход.
Леанід Уладзіміравіч і Валянціна Антонаўна Сачко хоць усё жыццё працавалі ў горадзе, выйшаўшы на пенсію, прыехалі жыць у бацькоўскую хату. У пакоях утульна, ад печкі цягне цяплом, яна знаходзіцца ў добрым стане. У дапамозе патрэбы не маюць, ім мінула толькі за шэсцьдзясят, увіхаюцца самі па дому.
Добра як усё добра. У інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела МНС Аляксандра Зуза заўваг няма. Печы ў дамах вяскоўцаў спраўныя, дымаходы пачышчаны і пабелены. У жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі стаяць на варце жыцця і здароўя людзей. Разам з тым прадстаўнік пажарнай службы параіў своечасова замяняць батарэйку, а таксама правёў гутарку аб захаванні правіл пажарнай бяспекі.

Галіна СМАЛЯНКА