В Кореличском районе доля использования местных видов топлива предприятиями ЖКХ составляет 77%

На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь вялікая ўвага надаецца павышэнню долі выкарыстання мясцовых відаў паліва, якія з’яўляюцца важнейшым рэсурсам эканамічнай і энергетычнай бяспекі краіны. Не выключэнне і Карэліччына, дзе акцэнт робіцца на мясцовыя віды паліва і безадходную вытворчасць.

На тэрыторыі кацельні на вул. Гастэлы працуе новая шчападрабілка нямецкай вытворчасці

Па словах галоўнага інжынера Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалая Лукашкова, доля выкарыстання мясцовых відаў паліва прадпрыемствамі ЖКГ у 2020 годзе павінна складаць 76,1%. За бягучы перыяд заданне паспяхова выканана. Так, за першы квартал 2020 года доля выкарыстання мясцовых відаў паліва склала 75,9%, за другі квартал – 77,5%, трэці – 79%, на 1 снежня бягучага года – 76,9%.

– З пачатку ацяпляльнага сезона прайшло амаль тры месяцы. На сённяшні дзень кацельні раёна поўнасцю забяспечаны мясцовымі відамі паліва – шчапой і дровамі, – расказвае Мікалай Лукашкоў. – Так, у наяўнасці 3828 шчыльных кубічных метраў шчапы і 4898 кубаметраў дроў. У сярэднім месячны расход складае каля 2,5 тысячы кубічных метраў паліва, пры моцных маразах – каля трох тысяч. Адпаведна на сённяшні дзень мы маем прыкладна трохмесячны запас мясцовых відаў паліва.

Трактарыст Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалай Макоўскі

Для таго, каб забяспечыць кацельні на вул. Гагарына і Гастэлы ў г.п. Карэлічы, а таксама кацельню на вул. Сташэўскай у Міры шчапой уласнай вытворчасці, з пачатку бягучага ацяпляльнага перыяду да працы прыступіла новая шчападрабілка Heizohack HM 8-400 нямецкай вытворчасці. Апарат “харчуецца” дровамі змешаных парод, за выключэннем дуба і граба, якія закупаюцца ў Навагрудскім і Стаўбцоўскім лясгасах. Шчападрабілка здольная выпрацаваць каля 60 кубічных метраў шчапы за працоўную змену.

Тое, што сабекошт цеплавой энергіі ад спальвання мясцовага паліва, а менавіта драўнянай шчапы, меншы, чым ад спальвання імпартнага газу, яскрава паказваюць лічбы. Так, сабекошт 1 тысячы гігакалорый цеплавой энергіі ад спальвання шчапы складае 88,8 рублёў, газу – 117,8 рублёў, дроў – 166,4 рублёў. Таму кіраўніцтва ЖКГ плануе працягваць пашыраць выкарыстанне мясцовых відаў паліва.

– Калі ў 2021 годзе будзе зацверджана абласная інвестыцыйная праграма, плануем адысці ад выкарыстання газу на кацельні на вул. Гагарына, – дзеліцца Мікалай Лукашкоў. – У планах замяніць два шчапавыя катлы магутнасцю па 1,5 МВт на новыя па 2 МВт. Гэтай магутнасці будзе дастаткова для выпрацоўкі неабходнай колькасці цеплавой энергіі. Газавы ж кацёл застанецца ў якасці рэзервовага. Так працуе кацельня на вул. Гастэлы, дзе ўсталяваны шчапавы кацёл магутнасцю 4 МВт, а газ існуе для рэзерву.

Лінія па вытворчасці кастрабрыкету ААТ «Карэлічы-Лён»

Адным з экалагічных мясцовых відаў паліва з’яўляецца кастрабрыкет, вытворчасцю якога займаецца ААТ “Карэлічы-Лён”. Па словах галоўнага эканаміста карэліцкага льнозавода Галіны Болзан, вытворчасць кастрабрыкета за 11 месяцаў бягучага года склала 149 тон. У той жа час у мінулым годзе лічба была значна большая – 212 тон. Зніжэнне вытворчасці звязана ў першую чаргу са змяненнямі кліматычных умоў: калі зіма цёплая, то і попыт невысокі. Тая прадукцыя, якая сёння вырабляецца на льнозаводзе, выкарыстоўваецца ў асноўным на тэрыторыі раёна.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара