В Кореличском районе пожилым одиноким людям находят приемные семьи

На Карэліччыне некалькі гадоў дзейнічае адна з формаў сацыяльнага абслугоўвання — гасцявая сям’я для пажылых грамадзян. 30 снежня мінулага года жыхарка Турца Наталля Ясюля вырашыла ўзяць да сябе ў сям’ю адзінокую бабулю, Ганну Аляксандраўну Гімпель з вёскі Лыкавічы. Дагавор быў заключаны, і так жанчына здабыла сям’ю, клопат і ўвагу.

Пра такую форму сацыяльнага абслугоўвання расказвае Н. І. Ясюля.

— Наталля Іванаўна, што сабой уяўляе гасцявая сям’я?

— Я забіраю падапечную ў сваю сям’ю на выхадныя дні і вялікія святы. Тут яна сталуецца, начуе, усім карыстаецца.

Немалаважна, каб да госці з павагай адносіліся ўсе  члены сям’і, і  ёй тут было камфортна.

— Раскажыце пра сваю падапечную.

— Ганне Аляксандраўне Гімпель  68 гадоў. Яна адзінокая, інвалід дзяцінства другой групы. Ніколі не працавала, атрымлівае пенсію па інваліднасці. У гасцявой сям’і яна жыве каля года, а ўвогуле з ёю падтрымліваю адносіны 15 гадоў. За гэты час яна стала мне блізкім чалавекам.

— Што гэта дае асабіста Вам?

— Зарплату за гэта я не атрымліваю, раблю па закліку сэрца. Мы  размаўляем  на розныя тэмы, падтрымліваю бабулю ва ўсіх жыццёвых і бытавых пытаннях. Зрабілі рамонт у яе доме.  Наведваем Храм Пакрова  Прасвятой Багародзіцы ў Турцы. Абавязкова праходзім урачоў, у мяне гэтае пытанне пад кантролем.  Ад ЦСАН бабуля Ганна атрымала гуманітарную дапамогу, ад Чырвонага Крыжа — прадукты і музычны нумар. Яна так радавалася такой увазе і дзякавала.

— Што кіруе такімі людзьмі, як Вы?

— Мяне хутчэй прымусіў лёс. Мае бацькі — інваліды першай групы. Іх даглядаю, сацыяльным работнікам працую, гасцявая сям’я на мне — усюды стараюся паспець. Адзінокім няшмат трэба: пачуць добрае слова, а нам — умець іх выслухаць, даць тактоўную параду, дапамагчы ў будзённых справах. Быць сябрам і дарадцам.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Аксаны ЯНУШ