В Лукской средней школе налажена тесная связь с шефским сельхозпредприятем «Луки-Агро»

15 лістапада наша краіна адзначыла Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Для нас, вучняў Лукскай сярэдняй школы, гэта вельмі вялікае свята. Па-першае, у гэтай галіне сёння працуюць нашы бацькі. І таму можна смела казаць, што гэтае свята таксама і наша. Па-другое, нават самыя малыя нашы сябры ведаюць, што менавіта дзякуючы нашай гаспадарцы жывуць сёння нашы вёскі і наша школа таксама. Калектыў гаспадаркі яшчэ ніводнага разу не адмовіў нам у дапамозе. Мала таго, прыход нашых спонсараў у школу – гэта шчодрыя падарункі і радасць ад зносін з добрымі, светлымі, душэўнымі людзьмі.

Дзякуючы дзяржаўнаму прадпрыемству “Лукі-Агра” ў нас сёння ёсць утульная сталовая, якая адпавядае самым прыдзірлівым запытам, новая музычная апаратура, хакейная пляцоўка, абсталяванне ў Пакоі баявой славы, этнаграфічны музей і многае іншае. Тэрыторыя школы абнесена новай агароджай, якая дазваляе нам адчуваць сябе бяспечна і абаронена ў межах нашага школьнага дома.

Кожны навучальны год пачынаецца ў нас з таго, што нашы спонсары з’яўляюцца не толькі самымі непасрэднымі, але і самымі маштабнымі ўдзельнікамі акцыі «Збяром дзяцей у школу» з мэтай аказаць дапамогу дзецям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, а таксама падарыць ім светлы святочны настрой, радасць сустрэчы са школай. Для першакласнікаў на Свята першага званка нашы спонсары – добрыя чараўнікі. Без іх і свята не свята.

Ганарыцца сваімі бацькамі за іх дасягненні ў працы і адданасць сваім прафесіям у сельскай гаспадарцы дапамагае інфармацыйны стэнд “Аўтограф на карце роднай Беларусі”, які таксама падарылі школе нашы спонсары. Патрэбна адзначыць, што дзяржаўнае прадпрыемства “Лукі-Агра” не толькі вылучае сродкі на патрэбы школы, а часам і асабіста кіруе ўсімі этапамі працы.

Лепшыя вучні школы атрымліваюць ад гаспадаркі стыпендыі за дасягненні ў вучобе. Летам нам даюць магчымасць дапамагчы нашым бацькам матэрыяльна. Мы працуем на ўборцы ўраджаю і ў іншых месцах, дзе можам прымяніць свае сілы. І тут галоўнае не толькі ў тым, што мы можам зарабіць грошы самі і адчуць сябе самастойнымі, дарослымі і адказнымі людзьмі. Мы можам адчуць сябе паўнавартаснымі працаўнікамі, якія патрэбны нашаму прадпрыемству і нашай Радзіме.

Атмасферу павагі да працы ў сельскай гаспадарцы стварае кіраўніцтва прадпрыемства, якое разумее не толькі патрэбы сваіх працаўнікоў, але і нашы патрэбы і запыты. Мікалай Аляксандравіч Гавіна, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Лукі-Агра”, не толькі выдатны кіраўнік, але яшчэ і вельмі цудоўны, чулы і мудры чалавек, неабыякавы да праблем нашай школы. Да яго часам і не патрэбна звяртацца з просьбамі. Ён бачыць усё сам. І сам прапануе дапамогу. Дапамагае яму ў гэтай высакароднай справе і намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Наталля Васільеўна Мардзіловіч. Дзякуючы яе намаганням мы разам з нашымі бацькамі маем магчымасць падарожнічаць па самых цікавых месцах не толькі нашай краіны, але і за яе межамі.

Можна шмат і доўга яшчэ пералічваць тое, чым мы абавязаны нашым шэфам. Але прасцей і лепей, напэўна, будзе сказаць, што наша школа – гэта вы. Нашы здзейсненыя мары, нашы надзеі на будучыню – гэта вы. Нашы дасягненні, наш настрой ад знаходжання ў сценах школы – гэта вы.

Нашы спонсары – частыя госці ў школе. Дзякуючы іх расказам, а яшчэ больш справам, мы кожны раз пераконваемся, што сельская гаспадарка – гэта высакародная, стваральная, неабходная справа, якой варта прысвяціць усё сваё жыццё, як гэта робяць дарослыя людзі, ад якіх мы сёння залежым і з якімі стасуемся кожны дзень. Ваш прыклад паказальны для нас.

Дзякуй вам за нялёгкую, але такую важную і значную працу. За ваш прафесіяналізм і адданасць абранай справе. За вашу чуласць, сардэчнасць, за вашы вялікія сэрцы, якія змяшчаюць усіх, хто вакол вас. Жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, выканання намечаных планаў, высокіх ураджаяў, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай ваша жыццё будзе напоўнена аптымізмам, радаснымі імгненнямі і вясёлкавымі перспектывамі.

Ксенія Матышчык,
9 клас