Древнее Евангелие и чудотворные иконы. Великожуховичская Петропавловская церковь раскрывает свои тайны

Вялікажухавіцкая Петрапалаўская
царква раскрывае свае таямніцы

Ад нашых прадзедаў нам засталася багатая духоўная спадчына. Кожнаму чалавеку цікава даведацца аб далёкім мінулым сваёй мясцовасці. Я хачу расказаць пра духоўныя вытокі маёй маленькай радзімы — вёскі Вялікія Жухавічы, каб зберагчы гістарычную памяць аб ёй.
Сёння на Царкоўнай вуліцы аграгарадка Вялікія Жухавічы знаходзіцца царква святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваная ў Радзівілаўскую эпоху па фундацыі канцлера ВКЛ князя Караля Станіслава Радзівіла ў 1700 годзе.
Святыня наша — сэрца духоўнага жыцця нашай вёскі і прыхода. Гэта старажытны помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі барока пачатку ХVІІІ ст. Але дакументы сведчаць, што царква ў в. Вялікія Жухавічы існавала з больш старажытных часоў, з ХVІІ стагоддзя. Аб гэтым сведчыць дакумент, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (фонд 136, вопіс 1, адзінка захоўвання 42042).
У 1680 г. у в. В. Жухавічы існавала драўляная царква Унебаўзяцця (Успення) Панны Марыі. Святаром быў Шархавецкі Рыгор, нясвіжскі пратапоп. У гэтай царкве было створана Жухавіцкае Евангелле. У пасляслоўі да Евангелля напісана: «Нягодны Лукаш Прасвітар царквы Жухавіцкай рукою сваею 1668 месяца красавіка 13 дня». Яшчэ аўтар дадаў, напісаўшы гэтую святую кнігу: «Няхай усё гэта будзе на гонар і хвалу Богу ў тройцы адзінаму і найсвяцейшай пані Марыі і ўсім святым. Амін.» Пры тым папярэдзіў, што калі хто паважыцца забраць святыню іншай царкве, няхай яго напаткае праклён навек. Цяпер гэты помнік старажытнага кніжнага рукапісання захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.
Гэты матэрыял і дакументы пра далёкае мінулае даследаваны краязнаўцам Аляксандрам Драткоўскім. Пазнаёміўшыся з унікальным кнігазборам Аляксандра Мікалаевіча, я многае даведалася пра царкву, знайшла адказы на пытанні, якія мяне хвалявалі. Аднойчы мне ў рукі трапіла кніга А. Пяткевіча «Літаратурная Гродзеншчына», Мінск, 1966 г. Яна карысна ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і неабыякавы да мінулага. У раздзеле «За смугою стагоддзяў» я знайшла пацвярджэнне, што існуе Евангелле 1668 года з Вялікіх Жухавіч (Карэліцкі раён) за подпісам «…Лукаш.» Самае старажытнае мясцовае Евангелле напісана ў ХІV ст. і з’яўляецца пацвярджэннем існавання царквы ў Вялікіх Жухавічах у больш раннія гады. У мяне ёсць каштоўная кніга Адама Мальдзіса «Белорусские сокровища за рубежом», у якой раскрываюцца і звесткі пра Вялікажухавіцкае Евангелле ХІV ст.: «…Это касается также иллюстрированного Жуховичского Евангелия ХІV столетия, изъятого из Петропавловской православной святыни, находящейся в деревне Большие Жуховичи нынешнего Кореличского района.» Наогул, з Жухавіч паходзяць тры рукапісныя Евангеллі (два з Вялікіх Жухавіч і адно — з Малых).
Вякамі намоленая царква наша пабудавана чатырма вёскамі без ніводнага цвіка. З Божай Дапамогай у ёй ніколі не спынялася Богаслужэнне: ні ў час хрушчоўскіх ганенняў, ні ў гады атэістычнага мінулага, ні ў гады ваеннага ліхалецця, калі храмы разбуралі, ператваралі ў склады і клубы. Нялёгкі крыж клопату аб захаванні нашай святыні з годнасцю неслі і нясуць прыхаджане на сваіх плячах.
Перачытаўшы шмат старонак «Минских епархиальных ведомостей», можна прасачыць гісторыю і нашай царквы, і святароў, і вернікаў. Да прыкладу, у 1873 г. на перабудаванне новага іканастаса ў царкве прыхаджане ахвяравалі 740 рублёў, акрамя таго, набылі абраз Божай Маці Казанскай на суму 160 рублёў, сярэбраныя сасуды за 100 рублёў і іншае. Незалежна ад гэтага, на рамонт прычтавых пабудоў прыхаджане ахвяравалі 1 тысячу рублёў, за што ім было пададзена Архіпастырскае благаславенне.
На вялікай іконе ў храме ёсць такі запіс-гравіроўка: «Образ Христа Спасителя приобретёнъ в Велико-Жуховичскую Церковь прихожанами при Священникъ Іосіфъ Зубовичъ въ памятъ Коронации Государя Императора Александра ІІІ Мая 15 дня 1883 года». Абраз набыты за 175 рублёў.
Падаравана ў сярэбраным акладзе ікона князя, воіна, дыпламата Аляксандра Неўскага.
Пад абразом Серафіма Сароўскага — гравіроўка «Дарь в Велико-Жуховичскую Церковь Александра Бычка. В память избавления его от смертной опасности 1-го Ноября 1905 года при крушении поезда при ст. Псковъ».
Пад трыма іконамі Мікалая Чудатворцы, Успення Прасвятой Багародзіцы і апосталаў Пятра і Паўла ёсць надпісы «В память…». Гэта даты замаху на жыццё цара Аляксандра ІІ

Паводле «Палажэння аб народных вучылішчах» у 1863 годзе заснавана Вялікажухавіцкае народнае вучылішча, а ў 1884 годзе была адкрыта Вялікажухавіцкая аднакласная жаночая царкоўнапрыходская школа. На сродкі жыхароў пабудаваны прасторны будынак. Кіраўніцтва Мінскай епархіі лічыла школу адной з лепшых у Навагрудскім павеце. Стараннямі протаіерэя Іосіфа Зубковіча, яго клопатамі школа была добраўпарадкавана, з’явілася бібліятэка з некалькімі дзясяткамі духоўных  кніг для дамашняга чытання, падручнікаў. Быў створаны царкоўны хор з 10 дзяўчынак, які рэгулярна спяваў у царкве. Загадчыкам школы і выкладчыкам Закона Божага быў святар Іосіф. Дзеці ўдзельнічалі ў багамоллі ў царкве. У пазаўрочны час  для дзяўчынак ладзіліся рукадзельныя заняткі.

В «Минских епархиальных ведомостях»(№ 29, 1900 г.) сообщается: «Протоиерей Велико-Жуховичской Церкви Иосиф Зубкович особенное внимание обращает на развитие в приходе женского образования и успел в этом настолько, что ныне в школе Велико-Жуховичского прихода обучается более 100 девочек. Очень высоко поставлено церковное пение».

17 кастрычніка 1888 года цягнік, у якім ехала сям’я цара Аляксандра ІІІ і яго світа, пацярпеў крушэнне. Дзякуючы рашучасці і фізічнаму складу імператара ў вагоне ніхто не пацярпеў. З нагоды гэтых падзей, як адзначана ў «Церковных ведомостях» за 1892 г.        «… протоиерей Велико-Жуховичской церкви Новогрудского уезда Минской епархии Иосиф Зубкович и прихожане сей церкви построили каменную колокольню около названной церкви стоимостю 1200 рублей.»

У другім нумары паведамляецца, што свяцейшым сінодам «…за особое усердие и ревность в деле благоустройства церковно-приходских школ по Минскому уезду книги «Библия» и ордена Святой Анны  ІІІ степени удостоены протоиерей Велико-Жуховичской церкви Иосиф Зубкович… и другие.»

Іосіф Зубковіч, сын святара з Пінскага ўезда, 9 верасня 1847 г. уступіў у шлюб з дачкой памерлага бацюшкі сяла Вялікія Жухавічы Івана Русакомскага Еўфрасінняй, якія былі з Галіцыі. Малады Іосіф стаў апекуном трох малодшых жончыных сясцёр.

За кастрычнік 1897 г. у «Мінскіх ведамасцях» чытаем: «Сопричислить протоиерея Петропаловской церкви села Великие Жуховичи Иосифа Зубковича по случаю исполнившегося 50-летия служения въ священном сане к ордену Святого Владимира 4-ой степени».

З «Мінскіх ведамасцей» за 1905 год: «27 февраля 1905 г. согласно прошения Иосиф Зубкович уволен за штат по преклонности лет…».

58 гадоў аддадзена ім  нашаму прыходу, прысвяціўшы ўсё жыццё на высакародныя духоўныя справы.

З «Мінскіх ведамасцей» за 1909 год: «1 февраля 1909 г. умер заштатный протоиерей Иосиф Зубкович»…»

Пахаваны на царкоўным цвінтары. Ён заслужыў вялікую павагу і памяць прыхаджан.

Нашай царкве — 320 гадоў.  Прыхаджанамі на чале са святаром іерэем Уладзімірам Калядой многае робіцца для таго, каб зберагчы нашу святыню. У баку не застаецца і кіраўніцтва СВК, і спецыялісты.

У царкве пануе атмасфера духоўнай еднасці. Наведваюць храм святары  са сваімі прыхаджанамі, прыязджаюць з Карэліч, прывозяць гуманітарную дапамогу ў Жухавіцкі дом-інтэрнат. Наведвальнікаў здзіўляе ўнутраная прыгажосць храма. Праводзім тэматычныя і аглядныя экскурсіі на рускай і беларускай мовах для тых, каго цікавіць гісторыя храма. На жаль, у  распрацаваны экскурсійны маршрут па Карэліччыне для наведвальнікаў не ўнесены старажытны помнік ХVІІІ стагоддзя — наша царква.

Няхай і надалей Бог аберагае нашу святыню, узмацняе веру прыхода. Захавай, Госпадзі, нашу краіну, святыню і нас!

Ганна МАМОНЧЫК,

аграгарадок Вялікія Жухавічы