На планерке у председателя райисполкома: рост пожаров, возвращение медучреждений к привычному режиму работы

У Карэліцкім раёне ў студзені вырасла колькасць пажараў. За няпоўныя тры тыдні адбылося 5 вогненных надзвычайных здарэнняў, на адным з якіх загінуў чалавек. Пра гэта паведаміў на традыцыйнай нарадзе з начальнікамі службаў раёна старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

— Усе 5 пажараў адбыліся па віне чалавечай бестурботнасці, — адзначыў начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік. — У двух выпадках гаспадары жылля курылі, што прывяло да ўзгарання памяшканняў. Калі агонь у кватэры ў райцэнтры  лакалізавалі і ніхто не пацярпеў, то ў Плужынах загінуў чалавек. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць частыя ўзгаранні кормазапарнікаў, дзе рыхтуецца ежа для хатніх жывёл. Часта кормазапарнікі пабудаваныя з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі, побач знаходзіцца салома, рыззё, запалкі. Такое небяспечнае суседства з агнём недапушчальна.

У ноч на 19 студзеня ў вёсцы Качычы Малюшыцкага сельсавета з-за перакалу печы цалкам згарэў дом. На шчасце, удалося пазбегнуць гібелі гаспадара, які ў гэтую ноч адсутнічаў дома.

Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады нацэліў выратавальнае ведамства на строгі кантроль за выкананнем правілаў пажарнай бяспекі і прафілактычную працу з насельніцтвам. Ужо ў студзені ў раёне стартуе дэкаднік пажарнай бяспекі, у цэнтры ўвагі якога будуць тыя, хто злоўжывае спіртнымі напоямі, а таксама адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя карэліччане, грамадзяне, якія маюць інваліднасць.

Установы аховы здароўя раёна, перапрафіляваныя ў свой час пад лячэнне пнеўманій і прыём пацыентаў з каранавірусам, паступова вяртаюцца да звыклага рэжыму працы. Напрыклад, у Лукскай бальніцы сястрынскага догляду ложкавы фонд выведзены з працы з хворымі на каранавірус. Апошні пацыент з пнеўманіяй пакінуў бальніцу 12 студзеня. І адразу ж тут перайшлі да маштабнай санітарнай апрацоўкі вызваленых плошчаў. Да працэсу падышлі тут з усёй сур’ёзнасцю і скрупулёзнасцю: важна не прапусціць нічога. З 13 студзеня ў родныя сцены вярнуліся 22 пажылых пастаяльца, якія з 30 лістапада мінулага года  знаходзіліся на сацыяльных ложках у Мірскай гарпасялковай бальніцы.

На нарадзе падвялі вынікі працы раённых службаў ва ўмовах моцных маразоў. Адзначана рытмічная праца ўсіх сфер, не дапушчана ўсплеску дарожна-транспартных здарэнняў і галалёдных траўмаў.

Іна ЛЕЙКА