В Кореличах 15 многодетных семей получили льготное жилье

Шматдзетная сям’я Раманоўскіх хутка справіць наваселле ў новай кватэры

Жылы 20-кватэрны дом у Карэлічах па вуліцы 8 Сакавіка, 36 Б пабудаваны згодна з Указам Прэзідэнта № 240 для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

— У доме 5 трохпакаёвых, 10 двухпакаёвых і 5 аднапакаёвых кватэр, у 16 з іх заселяцца 15 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 55 дзяцей. Чатыры аднапакаёвыя выдзелены пад сацыяльнае жыллё для дзяцей-сірот, — распавядае начальнік упраўлення ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірына Малышава. — Вялікі плюс гэтага дома ў тым, што кватэры аснашчаны індывідуальнымі катламі. Жыхары могуць самастойна рэгуляваць тэмпературу ўнутры сваіх кватэр, і гэта вельмі зручна. У двары новабудоўлі ўладкаваныя парковачныя месцы і дзіцячая гульнявая пляцоўка.

Будаўніцтва пачата ў сакавіку 2020 года, дом уведзены ў эксплуатацыю ў снежні мінулага года. Узвядзеннем дома займаліся будаўнікі ААТ «Навагрудскае БМУ».

— У 2020 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 20-кватэрны дом у Карэлічах, 2 двухкватэрных і 1 аднакватэрны дамы ў Райцы, 15 індывідуальных жылых дамоў. Усяго пабудавана 4 163 квадратных метра. Наваселлі справілі 40 сем’яў, у тым ліку 18 шматдзетных, — прыводзіць дадзеныя Ірына Малышава. — У параўнанні з 2019 годам мы ідзём апераджальнымі тэмпамі: за гэты год толькі 28 сем’яў палепшылі жыллёвыя ўмовы на 2 768 квадратных метрах. Сёння на чарзе стаіць 742 сям’і, 102 з іх шматдзетныя, 117 — дзеці-сіроты. Будаўніцтва шматкватэрных дамоў у райцэнтры будзе працягнута.

— Аб уласным жыллі мы марылі 11 гадоў, і нарэшце гэтая мара збылася, — не хавае эмоцый шматдзетная мама Аліна Раманоўская. — Усе гэтыя гады мы пяцёра: муж, я, дзве дачкі і сын — жывём у інтэрнаце на 36 метрах. Вядома, цесна, асабліва дзецям. Калі падышла чарга на будаўніцтва кватэры, доўга не разважалі. Мы карэнныя жыхары, любім свой раён і хочам тут жыць. Такая кватэра — шыкоўны падарунак для шматдзетнай сям’і. Бо 95% ад яе кошту пакрые дзяржава, мы выплацім астатнія 5. На працягу 20 гадоў штомесяц будзем уносіць пад’ёмную для сябе суму. Мы вельмі шчаслівыя, асабліва нашы дзеці. Ужо і сёе-тое з мэблі купілі, плануем, як уладкуем наша жыллё.

Лічба
19 700 квадратных метраў жылля пабудавана ў Карэліцкім раёне за 5 гадоў, а гэта без малога 140 кватэр.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара