В Кореличском районе стартовала акция «Наш животновод». Наград удостоены 16 тружеников СПК «Свитязянка-2003»

12 студзеня на Карэліччыне стартавала традыцыйная рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”, якая сёлета праводзіцца ў юбілейны пяты раз. Сімвалічна, што пачатак віншавальнай эстафеты ў бягучым годзе, як і ў мінулым, пакладзены ў СВК “Свіцязянка-2003” – гаспадарцы, якая ў 2020 годзе паставіла малочны рэкорд раёна.

Каб павіншаваць калектывы жывёлагадоўчых аб’ектаў гаспадаркі з дасягненнем запаветнага вытворчага паказчыка і выказаць словы падзякі за добрасумленную працу, у акцыі прынялі ўдзел галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі, вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валянціна Манько і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская, які накіраваліся на МТК “Райца-2”.

– У 2020 годзе калектыў СВК “Свіцязянка-2003” спрацаваў на выдатна. Вы дасягнулі вынікаў, якія можна смела ставіць у прыклад, – звярнулася да прысутных жывёлаводаў Валянціна Манько. –  10090 кг малака ад каровы – высокі паказчык для вобласці, лепшы вынік у раёне, да якога гаспадарка ішла не адзін год. Упэўнена, што і надалей вы будзеце трымаць узятую планку, дасягаючы новых малочных рэкордаў.

Віншуючы жывёлаводаў “Свіцязянкі”, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК таксама не шкадавала цёплых слоў.

– 2020 год быў няпростым, аднак ён увойдзе ў гісторыю вашай гаспадаркі як паспяховы, – адзначыла Ірына Пянькоўская. – Атрыманы вынік – агульны здабытак усіх работнікаў гаспадаркі – механізатараў, якія ўдзельнічаюць у корманарыхтоўчай кампаніі, жывёлаводаў, аператараў машыннага даення, эканамістаў і бухгалтараў, якія адказна вядуць улік атрыманых паказчыкаў, і, зразумела, спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадаркі. У мінулым годзе падчас правядзення акцыі “Наш жывёлавод” узнагародамі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі прэміямі на суму больш за 2 тысячы рублёў былі адзначаны 54 работнікі жывёлагадоўчай галіны раёна. У бягучым годзе таксама будуць адзначаны дастойныя працаўнікі, якія ўносяць асабісты ўклад у развіццё жывёлагадоўлі Карэліччыны. Сёння мы даём вялікі старт акцыі “Наш жывёлавод”, падчас якога ўзнагароды атрымаюць 16 жывёлаводаў гаспадаркі.

Так, Падзячных пісьмаў райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовых прэмій удастоены аператары машыннага даення МТК “Райца-1” Аксана Зайко, Наталія Кастэнка, Наталля Кухто, Вольга Суднік, Таццяна Худніцкая, жывёлавод МТК “Райца-1” Вадзім Філончык, аператары машыннага даення МТК “Райца-2” Галіна Гуцава, Алена Кадлубай, Наталія Крывіцкая, Галіна Кухарчык, Людміла Пашкевіч, Жанна Сак, Галіна Ціхановіч, жывёлаводы фермы Ігар Сташчанюк і Уладзімір Філончык, а таксама аператар машыннага даення МТФ “Літараўшчына” Таццяна Лашук.

– Прыемна, што наша праца заўважана і адзначана прафсаюзнымі ўзнагародамі, – падзялілася аператар машыннага даення МТК “Райца-2” Жанна Сак. – На комплексе працую з моманту яго ўвядзення ў эксплуатацыю. Да гэтага працавала на іншых фермах гаспадаркі – у Мірацічах, Францішкове, Плужынах. Зразумела, там не было такой аўтаматызацыі, як на гэтым комплексе, ручной працы было значна больш. МТК “Райца-2” – комплекс, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Аднак без чалавечых рук і вопыту аддачы не будзе.

Аператар машыннага даення Галіна Гуцава прафсаюзныя ўзнагароды прымае не ўпершыню. У 2019 годзе ёй, як перадавіку жывёлагадоўчай галіны  Гродзеншчыны, уручылі пуцёўку ў прафсаюзны санаторый “Нарач”.

– Адпачыла цудоўна, мне вельмі спадабалася, – адзначыла жанчына. – На комплексе я таксама працую з моманту яго адкрыцця. Зразумела, работу лёгкай не назавеш: цэлую змену ў пастаянным руху, не прысядзеш ні на хвіліну. Стараемся добра працаваць, каб калектыў не падводзіць.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара