В средней школе №1 г.п. Кореличи провели районную благотворительную ёлку (+ видео)

У рамках акцыі «Нашы дзеці» раённая дабрачынная ёлка ў сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы сабрала дзяцей-інвалідаў, дзяцей з прыёмных і апякунскіх сем’яў Карэліцкага раёна.

Ганаровымі гасцямі свята сталі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока, дэпутат Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў, намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня Карэліцкай РА ГА «Белая Русь» Яўген Чычкан, начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА ГА «Беларускі фонд міру» Ірына Асташэвіч.

Завітаўшыя на дабрачынную ёлку выступілі з прамовамі, пажадалі дзецям спаўнення іх запаветных мараў, уручылі падарункі. Каштоўныя падарункі атрымалі і дзяржаўная ўстанова адукацыі «Яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы» (прынтар ад РА ГА «Белая Русь»), і дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі «Карэліцкі раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» (тэлевізар ад РА ГА «Беларускі фонд міру»). Апошнія ў сваю чаргу падрыхтавалі для дзяўчынак і хлопчыкаў Навагодняе прадстаўленне «Падарожжа ў казачны лес», якое ўзняло ў дзяцей настрой, і яны змаглі павесяліцца каля лясной прыгажуні. Дзяўчынкі і хлопчыкі чыталі вершы, спявалі песні, вадзілі карагоды з Дзедам Марозам, Снягуркай, казачнымі героямі.
Напрыканцы свята на памяць быў зроблены агульны фотаздымак юных удзельнікаў з ганаровымі гасцямі свята.

Яна НІКІФАРАВА,
вучаніца 8 класа
дзяржаўнай установы адукацыі
«Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа»:
— Дабрачынная ёлка ладзіцца не толькі для мяне, але і майго брата Аляксандра, і маіх сяброў, і гэта цудоўна. Тут можна яшчэ пазнаёміцца з іншымі дзецьмі, якія прыехалі на свята, у будучым набыць новых сяброў. Я ўжо не першы раз тут, і заўсёды атрымліваю добрае ўражанне і цудоўны настрой.

Насця ІВАШКЕВІЧ,
вучаніца 8 класа
дзяржаўнай установы адукацыі
«Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:
— Я рада, што арганізавалі дабрачынную ёлку ў чарговы раз. Я прыходжу трэці год і атрымліваю пазітыўны зарад энергіі, смачныя цукеркі. А яшчэ арганізатары сустрэчы дораць цудоўнае прадстаўленне казачных герояў, сустрэчу з Дзедам Марозам і Снягуркай. Гэта самае цудоўнае свята ў годзе для дзяцей, і яно мне вельмі падабаецца.

У гэты дзень начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч наведала Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна і ўручыла падарункі яе выхаванцы Аляксандры Матышчык ад дэпутацкага корпуса краіны і райвыканкама.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота і відэа Наталлі САКАЛЯНСКАЙ