Делегат VI Всебелорусского народного собрания Геннадий Шатуев: «Чтобы добиться результата, нельзя успокаиваться и сидеть на месте»

Каб дабіцца выніку, нельга супакойвацца і сядзець на месцы. Трэба пастаянна шукаць новыя формы работы, мадэрнізаваць вытворчасці. Так лічыць дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

У гэтым сённяшняга кіраўніка раёна пераканала само жыццё, непарыўна звязанае з сельскай гаспадаркай. Генадзій Мікалаевіч прайшоў няпросты шлях даўжынёй у 25 гадоў ад брыгадзіра малочнатаварнай фермы саўгаса «Шчучынскі» да кіраўніка аднаго з самых паспяховых аграрных раёнаў вобласці — Карэліцкага.

— У гэтым годзе мы плануем запусціць дзве новыя лініі па вытворчасці алею з насення рапсу, які вырошчваецца на нашых палях, — дзеліцца планамі Генадзій Мікалаевіч. — Жмых — выдатны дадатак да рацыёну харчавання  буйной рагатай жывёлы, а алей будзем рэалізоўваць на свінагадоўчыя комплексы.

Актуальным застаецца пытанне будаўніцтва сучасных комплексаў па вытворчасці малака, якія патрэбны літаральна на кожным сельскагаспадарчым прадпрыемстве раёна. Існуючая вытворчая база мае патрэбу ў перааснашчэнні і мадэрнізацыі. Толькі пры такой умове мы зможам атрымліваць якасную сыравіну і прадаваць яе па добрай цане. Менавіта гэта з’яўляецца перадумовай для росту дабрабыту нашых людзей.

— Я ўпершыню абраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, — гаворыць Генадзій Мікалаевіч. — Быць дэлегатам, прадстаўляць там свой край — гэта, вядома, для мяне вельмі ганарова. Аднак разам з гэтым я разумею, што гэта для мяне вялікая адказнасць. Такія падзеі заўсёды вельмі знакавыя ў лёсе кожнага чалавека. З якімі думкамі я еду на Усебеларускі народны сход? Думаю пра тое, што кожны беларус у адказе за сваю краіну. Хочацца даведацца наконт прыярытэтаў у развіцці Беларусі на бліжэйшыя гады. Думаю, шмат увагі будзе нададзена працы Астравецкай АЭС, будаўніцтву і рэканструкцыі дарог, сістэме аховы здароўя. Лічу, трэба асобна закрануць тэму здаровага ладу жыцця і заняткаў спортам, бо калі чалавек здаровы і ўстае раніцай з настроем, то і на працы ў яго ўсё будзе ладзіцца.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара