Идеи и принципы стратегии «Активное долголетие-2030» осуществляются в Кореличском районе

Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце-2030» — дакумент, у якім вызначаны задачы па стварэнні ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых грамадзян, устойлівага павышэння якасці іх жыцця. Сярод іх забеспячэнне абароны правоў пажылых людзей, стварэнне ўмоў для іх усебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства; стымуляванне больш працяглага працоўнага жыцця і фарміраванне камфортнага ўзроўню даходаў; пашырэнне доступу да атрымання адукацыі і павышэння кваліфікацыі; стварэнне ўмоў для здаровага і бяспечнага жыцця; развіццё сацыяльнага абслугоўвання; стварэнне адаптаванай да патрэб пажылых грамадзян інфраструктуры.

Як ідэі і прынцыпы стратэгіі «Актыўнае даўгалецце -2030» ужо зараз ажыццяўляюцца на практыцы, гутарым з загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» Вольгай ЖУК.

— Вольга Сяргееўна, як абараняюцца правы пажылых людзей, ствараюцца ўмовы для іх усебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства?

— Супрацоўнікі ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага ўдзелу пажылых людзей у жыцці грамадства. Прымаем актыўны ўдзел у правядзенні раённых культурна-масавых мерапрыемстваў з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, Свята Працы. Рэалізуюцца праекты: «Бяспечнае даўгалецце» сумесна з выратавальнікамі і праваахоўнікамі, «Са здароўем па жыцці» — з раённым цэнтрам гігіены, раённай бальніцай, дзіцячай юнацка-спартыўнай школай, «Урокі міласэрнасці» — з храмамі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Карэлічах і святой Варвары ў Райцы. Удзельнічаем у рэалізацыі праекта «Мір — здаровы пасёлак».

— Што можаце расказаць пра валанцёрства?

— На базе аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту створана валанцёрская група пад назвай «Напоўнім міласэрнасцю сэрцы». На сённяшні дзень у яе складзе — 12 чалавек. Самай старэйшай удзельніцы 81 год. Члены гуртка «Кудесница» вяжуць цёплыя рэчы для насельнікаў Жухавіцкага Дома-інтэрната, Дамоў узаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі ў Пагор’і і Карэлічах. Выступаем з канцэртнымі праграмамі ў Жухавіцкім Доме-інтэрнаце і Лукскай бальніцы сястрынскага догляду. Прымаем удзел у акцыях-віншаваннях ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх грамадзян сталага ўзросту, маці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

— Якое значэнне надаецца развіццю творчых здольнасцей у пажылых людзей?

— На базе аддзялення існуе гурток «Музыкальная шкатулка», створана вакальная група «Сударушка». Яе ўдзельнікі прымаюць актыўны ўдзел у выязных канцэртах, святочных праграмах. Самымі актыўнымі з’яўляюцца Тамара Юрчык і Лідзія Алясюк.

У студзені гэтага года па жаданні наведвальнікаў аддзялення створаны танцавальны гурток «У рытме танца».

Шмат гадоў функцыянуюць літаратурна-тэатральны клуб «Літаратурная гасцёўня», «Школа здароўя», тры выязныя клубы: «Собеседница» (Мірскі ГДК), «Хозяюшка» (Малюшыцкі ДК), «У самовара» (Турэцкі ДК).

— Дзе можна авалодаць камп’ютарнай пісьменнасцю і іншымі навыкамі?

— Шмат гадоў пры ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» дзейнічае гурток «Камп’ютарная грамата», якім кіруе Аляксандра Шутко. Ужо было тры выпускі, і 34 чалавекі атрымалі сертыфікаты аб заканчэнні курсаў. Гурток працуе на платнай аснове: 60 капеек за адну гадзіну, і члены дзённага аддзялення з задавальненнем наведваюць заняткі.

Надаём вялікую ўвагу фінансавай і прававой пісьменнасці нашых наведвальнікаў — арганізоўваем сустрэчы з прадстаўнікамі ААТ ААБ «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк», натарыяльнай канторы Карэліцкага раёна, Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Карэліцкім раёне. Яны праходзяць у форме дыялогу, і наведвальнікі могуць задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць кваліфікаваныя адказы.

— Якая ўвага надаецца спорту?

— Адзін з самых шматлікіх гурткоў — «Рытм». Яго наведвае 20 чалавек. Удзельнікі займаюцца скандынаўскай хадой на стадыёне «Юнацтва», фізічнымі практыкаваннямі, асвоілі трэнажоры (ёсць свая трэнажорная зала). Неаднаразова выступалі на раённых мерапрыемствах.

— Ці любяць наведвальнікі Цэнтра падарожнічаць па знакамітых мясцінах краіны?

— Вядома. Турызм з’яўляецца адным з накірункаў нашай дзейнасці. Наведалі Свята-Елісавецінскі жаночы праваслаўны манастыр у мікрараёне Навінкі г. Мінска, Храм Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах Зэльвенскага раёна, музей-сядзібу М. К. Агінскага ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна, Гальшанскі замак у Ашмянскім раёне, а таксама музей Вялікай Айчыннай вайны і Батанічны сад у сталіцы.

— Як клапоцяцца аб уразлівых катэгорыях карэліччан?

— 436 чалавек знаходзяцца на абслугоўванні 46 сацработнікаў. Працуюць 9 сядзелак і 7 нянечак. У раёне функцыянуюць 2 сацпункты ў Турцы і Міры, 2 дамы ўзаемадапамогі і сацпадтрымкі. Маюцца 3 гасцявыя сям’і, 2 замяшчальныя, 1 прыёмная, дзе жывуць пажылыя адзінокія жыхары нашага раёна.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ