Кореличчанки, воспитывающие детей с инвалидностью, лишились реабилитации в санатории «Беларусь» из-за антибелорусских санкций ЕС

Нашумеўшая гісторыя вакол санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі, мабыць, нікога не пакінула раўнадушным. Нагадаем, супрацоўнікі санаторыя «Беларусь», які трапіў пад антыбеларускія санкцыі Еўрапейскага Саюза, вымушаны шукаць новую працу.

Санаторый «Беларусь» у літоўскім Друскінінкаі — медыцынская ўстанова, якая з’яўляецца цэнтрам рэабілітацыі для дзяцей, у тым ліку дзяцей-інвалідаў. Там штогод праходзяць лячэнне больш за 13 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 6,5 тыс. дзяцей.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатолій Глаз пра сітуацыю сказаў так: «Праўда і ў тым, што пад санкцыйны шабаш нашых літоўскіх партнёраў трапляюць не толькі беларускія грамадзяне. Наносіцца прамая шкода эканоміцы і інтарэсам саміх літоўцаў. Санаторый «Беларусь» — адзін з найбуйнейшых на тэрыторыі Літвы. З 400 супрацоўнікаў амаль 90% — літоўскія грамадзяне. Беларуская медустанова рэгулярна ўваходзіць у пяцёрку асноўных падаткаплацельшчыкаў Друскінінкая. Глыбокае расчараванне ад няўдалага псеўдадэмакратычнага бліцкрыгу, на нашу думку, пераходзіць у нашых заходніх калегаў у бяссільную злосць і жаданне мацней пакараць ўжо і сваіх, і чужых «.

Карэліччанка Таццяна Ламан, якая выхоўвае дачку з асаблівасцямі развіцця, здзіўляецца:

— Чаму з-за палітычных гульняў павінны пакутаваць нашы дзеці, якім жыццёва неабходная рэабілітацыя? З дачкой Нікай мы адпачывалі ў санаторыі «Беларусь» увесну 2019-га. Сказаць, што мы ў захапленні, — нічога не сказаць. Створана выдатнае безбар’ернае асяроддзе: ліфты, пандусы, спецыяльныя спускі. Радавала разнастайнае харчаванне. Ніка вельмі пераборлівая ў ежы, і калі яна чагосьці не хацела, страву без праблем замянялі. Эфектыўныя працэдуры: спецыяльныя абкручванні, гразелячэнне, ванны, басейн, лячэбная фізкультура і велатрэнажоры. Ветлівы і па-сапраўднаму прафесійны персанал — ад тэхнічных спецыялістаў да ўрачоў. Пасля курсу лячэння Ніка стала больш расслабленай, мы ўбачылі станоўчую дынаміку. Спадзяваліся, што ў гэтым годзе адпачнём і падлечымся ў Друскінінкаі, але відаць, не атрымаецца. Аднак у нас ёсць цудоўныя беларускія санаторыі, куды мы можам без праблем адправіцца на рэабілітацыю.

Лілія Кудзіна з Карэліч выхоўвае дачку, у якой дзіцячы цэрэбральны параліч.

— Гэта вельмі непрыемная сітуацыя, — кажа яна. — Мы спадзяваліся, што з заканчэннем пандэміі зноў зможам паехаць на лячэнне ў любімы санаторый. Мне як маме асаблівага дзіцяці там спадабалася ўсё, а Лера літаральна жыла ў вадзе: ванны, басейн. А які там выдатны персанал! Ведаю, што людзі атрымлівалі дастойную заработную плату. Куды ім цяпер ісці ў такім маленькім гарадку?..

Іна ЛЕЙКА