Новым председателем районного совета ветеранов избрана Валентина Кошур

Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў за перыяд 2016-2020 г.г.

Са справаздачай выступіла яе старшыня Ніна ЯФРЭМАВА.

Ветэранская арганізацыя раёна аб’яднана ў 12 пярвічных арганізацыях. Колькасць ветэранаў складае 5776 чалавек, у тым ліку 8 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Члены ветэранскай арганізацыі праяўлялі актыўнасць падчас выбарчых кампаній у мясцовыя органы ўлады, Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь і выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

За справаздачны час кожны год адзначалі вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Перамогі. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны запрашаліся на святкаванне гэтых важнейшых дат і сустракаліся з кіраўніцтвам раёна. Раённая ветэранская арганізацыя і метадысты бібліятэкі запісалі і надрукавалі некалькі зборнікаў успамінаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны аб іх баявым шляху і аб Героях Сацыялістычнай Працы раёна.

Для паляпшэння работы ветэранская арганізацыя заключыла Пагадненне з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і БРСМ. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з кіраўніцтвам раёна, установамі адукацыі, ЦСАН «Белая Русь», саюзам жанчын, раённым камітэтам КПБ, таварыствам інвалідаў, райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Гэта дапамагае выконваць праграмы і акцыі для пажылых людзей, заахвоціць падпіскай на газеты, прыняць удзел у спартыўных мерапрыемствах, раённых і абласных віктарынах, алімпіядах. Супрацоўнічаюць з раённымі арганізацыямі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», «Беларускі саюз афіцэраў».

З дакладам аб рабоце рэвізійнай камісіі за справаздачны перыяд выступіла яе старшыня Надзея Урублеўская.

Сваімі думкамі падзяліліся дэлегаты канферэнцыі: Ганна Мамончык (агр. Вялікія Жухавічы), Алена Толмач, Віталій Шэўка, Вера Сцяцко (г.п. Карэлічы), Людміла Шумава (г.п. Мір).

Аб цесным супрацоўніцтве з раённай ветэранскай арганізацыяй вялі размову старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, дэлегат VІ Усебеларускага народнага сходу Лідзія Шэўка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, дырэктар ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» Інэса Сямібратава.

Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Яфрэмава ўзнагароджана Граматай Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў і Падзячным пісьмом Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Карэліцкага раёна.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук выказала словы ўдзячнасці сакратарам пярвічных ветэранскіх арганізацый, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ніне Яфрэмавай і адказнаму сакратару Галіне Ульянка за плённую работу, якая была накіравана на клопат аб ветэранах вайны і працы раёна, а кіраўнікам СВК, арганізацый, устаноў — за падтрымку ў вырашэнні пытанняў.

Іна Міхайлаўна прапанавала на пасаду старшыні Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі Валянціну Кошур. Ураджэнка г.п. Карэлічы, яна ўсё жыццё працуе бібліятэкарам у раённай бібліятэцы.

Новым лідарам Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі абрана Валянціна Кошур.

Яна адзначыла: «Працую ў Карэліцкай бібліятэчнай сістэме чатыры дзесяцігоддзі. Люблю сваю работу, ахвотна іду на зносіны з людзьмі. На новай пасадзе буду прымнажаць вопыт маіх папярэднікаў і шукаць новыя формы работы з ветэранамі вайны і працы. І галоўнае — працаваць у тандэме са сваім калектывам, не быць раўнадушнай да людзей, слухаць і чуць кожнага».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ