Преподаватель Военной академии Республики Беларусь подполковник Сергей Аникеев встретился с учащимися СШ № 2 г.п. Кореличи

Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць. Спрадвеку яна была паважанай і запатрабаванай, не страціла сваёй актуальнасці і зараз. Мы марым жыць пад мірным небам, займацца любімай справай, выхоўваць дзяцей, а яны ў сваю чаргу з’яўляюцца нашымі прадаўжальнікамі і захавальнікамі мірнага неба.

Выкладчык Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік Сяргей Анікееў завітаў у сярэднюю школу № 2 г.п. Карэлічы і сустрэўся з вучнямі 9 — 11 класаў. У сваім выступленні прамоўца падрабязна расказаў аб умовах і патрабаваннях пры паступленні ў ВНУ, вучэбна-матэрыяльнай базе ўстановы і жыллёва-бытавых умовах.

Свой выбар выпускнікі сярэдніх школ і каледжаў могуць спыніць на адным з сямі факультэтаў: агульнавайскавым, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйным, унутраных войск, ракетных войск артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення. На ўсіх факультэтах навучэнне складае чатыры гады.
У Ваеннай акадэміі выкладчыкамі працуюць больш за 600 чалавек, з вучонымі ступенямі і званнямі — 225, у тым ліку — 12 дактароў навук.

Тут курсанты не толькі набываюць веды па абранай спецыяльнасці, але ўмацоўваюць сваё здароўе і загартоўваюць характар. Для іх працуюць спортзалы, спартыўныя гарадкі, стадыёны, палігоны, стрэльбішчы. Па ўсіх відах спорту праводзяцца спаборніцтвы.

На сустрэчы вядучы спецыяліст адасобленай групы Карэліцкага раёна ваеннага камісарыята Канстанцін Зарубайка звярнуў увагу прысутных на тое, што набыць прафесію ваеннага можна таксама на ваенных факультэтах грамадзянскіх ВНУ. Па ўсіх пытаннях з выбарам ваеннай спецыяльнасці напачатку трэба звяртацца ў раённы ваенны камісарыят і зрабіць гэта неабходна да 1 красавіка бягучага года.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі ІВАНОВАЙ